ВУП Беларусі за год вырас больш за план. Але не нашмат, і ёсць пытанні пра будучыню


Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі 17 студзеня апублікаваў першую ацэнку валавога ўнутранага прадукту за 2023 год. Афіцыйныя вынікі ВУП выявіліся вышэйшымі за прагнозныя. Аднак далейшы рост беларускай эканомікі выклікае пытанні ў незалежных эканамістаў.

пенсіянер у краме
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

Паводле Белстату, аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў 216,1 млрд рублёў, што ў супастаўных цэнах  на 3,9 % больш ўзроўню 2022 года. Індэкс-дэфлятар ВУП у 2023 годзе адносна папярэдняга года склаў 107,3 %.

Звесткі Белстату таксама паказваюць, што вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі летась павялічылася на 1,1 %, а прамысловай – на 7,7 %. Раздробны таваразварот за 2023 год склаў 8,5 %, а гуртавы – 13,3 %. Таваразварот грамадскага харчавання вырас на 10,2 %. Пасажыразварот вырас на 7,8 %, а вось грузазварот у 2023 годзе абваліўся на 17,7 %.

У выніку тэмпы росту ВУП у 2023 годзе выявіліся вышэйшымі, чым было прадугледжана прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджанага ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Летась у прагноз быў закладзены рост у 3,8 %.

Прагноз, у які ніхто не верыў

У тое, што ВУП Беларусі здолее вырасці ў 2023 годзе, міжнародныя эканамічныя арганізацыі не верылі. Паводле іх прагнозаў, эканоміка краіны мусіла ўпасці. Гэтак, Сусветны банк напачатку 2023 года прадказваў ёй змяншэнне на 2,3 %. Праўда, ужо увесну прагноз быў палепшаны да росту ў 0,6 % у 2023 годзе. Змянялі свой прагноз і ў Міжнародным валютным фондзе: з росту ў 0,2 % да 0,7 %. Але, напрыклад, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця працягваў надалей прадказваць ёй падзенне на 1 %.

Не верылі ў беларускую эканоміку нават прадстаўнікі Еўразійскага банку развіцця. У ЕАБР чакалі, што ВУП краіны пачне аднаўляцца, але меркавалі, што па выніках бягучага году ён вырасце толькі на 0,3 %.

І сапраўды, пачала мінулы год беларуская эканоміка з падзення, але праз першыя пяць месяцаў года тэндэнцыю ўдалося пераламаць. Ужо па выніках студзеня – кастрычніка міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў адсправаздачыўся, што прагноз росту на 2023 год выкананы.

Праўда незалежныя эканамісты скептычна настроеныя да гэтых вынікаў.

«На сёння, дзякуючы ўнікальнай гаспадарчай сістэме Лукашэнкі, эканоміка Беларусі зменшылася настолькі, што 3,8 % росту складае каля $ 2,8 млрд. Гэта на ўзроўні гадавога прыбытку сярэдняга ўзроўню польскай карпарацыі», – казаў у каментары «Белсату» эканаміст Алег Мазоль, навуковы работнік BEROC.

Варта таксама адзначыць, што рост ВУП Беларусі ў 2023 годзе адбываўся пасля моцнага падзення ў 2022-м. Тады беларуская эканоміка прасела на 4,7 %. То бок, леташні рост быў аднаўленчым.

А як будзе далей?

На 2024 год улады Беларусі запланавалі такі самы рост, як і на 2023. Налета прырост ВУП прагназуецца на 3,8 % «за кошт маштабных інвестыцыйна-вытворчых праграм, рэалізацыі беларускай прадукцыі на вонкавыя рынкі і пашырэння ўнутранага попыту».

Праўда, той жа Еўразійскі банк развіцця чакае заканчэння перыяду высокіх тэмпаў аднаўленчага росту. Пра гэта, паводле экспертаў ЕАБР, сведчыць «запаволенне тэмпаў росту крэдытавання». Як вынік яны чакаюць рост ВУП на ўзроўні 2 % у 2024 годзе.

Беларускія незалежныя эксперты наагул кажуць пра магчымыя рызыкі перагрэву айчыннай эканомікі. У BEROC зазначаюць, што дасягненне планавага росту ВУП патрабуе маштабных стымулаў для эканомікі, якія фармуюць цэнавы ціск, стрымліваны дзяржаўным рэгуляваннем. Пры гэтым «узмацненне жорсткасці эканамічнай палітыкі і выхад з жорсткага цэнавага рэгулявання могуць суправаджацца моцным шокам для эканомікі». Аднак, заяўляюць у BEROC, зацягванне гэтых працэсаў таксама будзе весці да назапашвання дысбалансаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: 1prof.by

Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук адзначаў у канцы 2023 года прыкметы затухання эканамічнага росту, бо столь аднаўлення «ўжо пачынае адчувацца», як і вяртанне да стагнацыі ранейшых гадоў. Аднаўленчы рост у трэцім квартале быў забяспечаны перадусім паляпшэннем стану чыстага вонкавага попыту. Але ацаніць яго прычыны не дазваляе схаваная статыстыка вонкавага гандлю. І няма ўпэўненасці ў тым, што аб’ёмы беларускага экспарту будуць захоўвацца на актуальных паказніках:

«Там вельмі валатыльная сітуацыя, што трымаецца на валаску».

«Рост унутранага попыту моцна запаволіцца, а ўсё большую значнасць у ягоным задавальненні будзе мець імпарт, а не ўнутраная вытворчасць. Дынаміка спажывецкай актыўнасці будзе аслабляцца, бо адкладзены ў час ваеннага шоку 2022 года попыт на тавары рэалізаваны», – гаворыцца ў справаздачы BEROC.

На думку эканамістаў, інвестыцыяў у 2024 годзе шмат не будзе праз дэфіцыт працоўных рук і неспрыяльны бізнес-клімат, а задача павелічэння экспарту сутыкнецца з магчымасцямі прадпрыемстваў: ужо цяпер узровень загружанасці вытворчых магутнасцяў у прамысловасці вырас да максімальных за 10 гадоў паказнікаў.

Да таго ж, на рынку галоўнага партнёра краіны – Расеі – чакаецца ўзмацненне канкурэнцыі і запавольванне росту эканомікі, і гэта дадаткова ўскладніць жыццё экспарцёрам.

Агулам эканамісты BEROC мяркуюць, што налета эканоміка вырасце толькі на 1,6 %.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў