Эксперты кажуць, што эканоміка Беларусі пераграваецца. Што гэта значыць і да чаго рыхтавацца


Беларускія незалежныя эканамісты амаль сінхронна заявілі пра магчымыя рызыкі перагрэву айчыннай эканомікі. Як і чаму эканоміка краіны можа перагрэцца і да чаго гэта можа прывесці, «Белсат» спытаў у эканамісткі Настассі Лузгіной.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Эканамісты папярэджваюць пра рызыкі

21 чэрвеня пра рызыку перагрэву беларускай эканомікі ў сваім свежым экспрэс-аналізе паведаміў даследчы цэнтр BEROC. Там адзначылі, што ВУП Беларусі за пяць месяцаў 2023 года павялічыўся на 0,9 % год да года, а асобна ў траўні – прыкладна на 7,1 % год да года. Эканамісты заявілі, што высокі тэмп росту эканомікі апошнія месяцы падтрымліваўся прыкметным узмацненнем унутранага попыту, падаграваным мяккай манетарнай палітыкай. Спажывецкі попыт ужо перавысіў даваенны як у паслугах, так і ў таварах.

«Цалкам імаверна, што беларуская эканоміка ўваходзіць у стан перагрэву ў сітуацыі незавершанай адаптацыі да функцыянавання ў санкцыйных умовах і штучна прыгнечанай інфляцыі», – кажуць у BEROC.

Hавiны
BEROC паведаміў пра рызыку перагрэву беларускай эканомікі
2023.06.22 10:08

На думку эканамістаў, індыкатарам перагрэву можа быць далейшая дынаміка інфляцыі ў нерэгуляваных паслугах, якая апошнія месяцы прыкметна перавышала 10 % месяц да месяца. Эксперты мяркуюць, у канцы паўгоддзя рост ВУП складзе 1,5–2% год да года і можа перавысіць красавіцкі прагноз 2,5 % у выніку 2023 года, «аднак коштам большага, чым чакалася, разбалансавання попыту і прапановы».

У BEROC адзначаюць, што інфляцыйны ўплыў узрослага спажывецкага попыту стрымліваецца ўручную ўладамі, а таксама праблемамі з пастаўкай тавараў у краіну.

Эканамісты зазначаюць, што дасягненне планавага росту ВУП патрабуе маштабных стымулаў для эканомікі, якія фармуюць цэнавы ціск, стрымліваны дзяржаўным рэгуляваннем. Пры гэтым «узмацненне жорсткасці эканамічнай палітыкі і выхад з жорсткага цэнавага рэгулявання могуць суправаджацца моцным шокам для эканомікі». Аднак, заяўляюць у BEROC, зацягванне гэтых працэсаў таксама будзе весці да назапашвання дысбалансаў.

Hавiны
«Нашы грошы»: Эканоміка Беларусі мае ўсе шанцы перагрэцца
2023.06.22 15:12

22 чэрвеня пра рызыку перагрэву эканомікі заявілі і ў праекце «Нашы грошы». Там адзначылі, што ў краіне працягвае расці колькасць наяўных грошай. Іх доля ўжо наблізілася да 13 % ад усіх грошай у эканоміцы. Усяго ж шырокая грашовая маса (супольны аб’ём грошай у эканоміцы) у траўні вырасла на 22 % у параўнанні з 2022 годам.

«Пры гадавой інфляцыі 4 % з такой прапановай грошай эканоміка відавочна мае шанцы перагрэцца. Акрамя гэтага, цяперашнія паказнікі грашовай масы маюць і іншыя важныя асаблівасці», – адзначаюць «Нашы грошы».

«Цяпер кожны чацвёрты рубель у беларускай эканоміцы працуе ў наяўнай форме», – падкрэсліваюць там.

Калі эканоміка пераграваецца?

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» адзначыла, што перагрэў эканомікі адбываецца тады, калі дзяржава ў асобе цэнтральнага банку або Міністэрства фінансаў празмерна стымулюе эканоміку дзеля таго, каб разагнаць эканамічны рост.

Такое стымуляванне, асабліва калі яно дзее працяглы перыяд часу, можа прывесці да перагрэву, што звычайна выяўляецца ў паскарэнні інфляцыі і дэвальвацыі нацыянальнай валюты, сказала эканамістка.

Гэта адбываецца, калі, напрыклад, цэнтральны банк пачынае ажыццяўляць масаваную эмісію грошай, то бок празмерна павялічвае іх колькасць у эканоміцы. Гэтая сітуацыя стымулюе ўнутраны попыт, але пры паскораным росце попыту і стрыманых тэмпах росту вытворчасці будзе павялічвацца імпарт. Гэта ў выпадку з абмежаванасцю валютных паступленняў будзе ўплываць на курс. Падзенне курсу нацыянальнай валюты, у сваю чаргу, пагражае ростам цэнаў на імпартныя тавары і паслугі, а таксама на айчынную прадукцыю – за кошт наяўнасці ў ёй імпартнага складніка і падцягвання ўзроўню цэнаў на айчынныя тавары да ўзроўню імпартаваных.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Другі прыклад – гэта стымуляванне дзяржаваю росту заробкаў працаўнікоў, што апярэджвае павелічэнне прадукцыйнасці працы. Гэта вядзе да росту кошту вырабленых тавараў, бо павялічваюцца выдаткі.

А што ў Беларусі?

У Беларусі, падкрэсліла Лузгіна, ужо былі перыяды, калі перагрэў эканомікі адбываўся і, «натуральна, такі досвед не прайшоў дарма, яго ўлічваюць пры правядзенні сучаснай дзяржаўнай эканамічнай палітыкі».

«Аднак мы ўсё роўна бачым сёння тэндэнцыі, што ствараюць рызыкі магчымага будучага перагрэву эканомікі. Гэта выяўляецца, перш за ўсё, у мяккай грашова-крэдытнай палітыцы цэнтральнага банку і ў мяккай фіскальнай палітыцы Міністэрства фінансаў», – адзначыла эканамістка.

Паводле ейных словаў, улады праводзяць стымуляцыйную палітыку з увагі на падзенне ВУП у 2022 годзе і на неабходнасць, з улікам дзеяння негатыўных чыннікаў (напрыклад, санкцыяў) аднавіць і падтрымаць эканамічную актыўнасць. Гэта, у прыватнасці, выяўляецца ў пастаянным зніжэнні Нацбанкам стаўкі рэфінансавання, ставак у іншых інструментах цэнтральнага банку. У выніку зніжаюцца адсоткі і ў крэдытах, і ў дэпазітах банкаў, а ў людзей ды кампаніяў павышаюцца магчымасці ўзяць крэдыт.

«Быццам бы добра, стымулюецца, напрыклад, будаўніцтва, інвестыцыйныя праекты. Але гэта толькі калі грошы сапраўды ўкладваюцца ў эфектыўныя праекты, што спрыяюць росту вытворчасці. Але, як правіла, танныя крэдыты таксама ўкладваюцца і ў спажыванне. А інвестыцыі – не заўсёды эфектыўныя», – заявіла Лузгіна.

Технобанк, банкомат,
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паралельна з гэтым, нагадала яна, у Беларусі растуць рэальныя прыбыткі насельніцтва. І ўсё гэта разам стымулюе ўнутраны попыт.

«Пакуль унутраны попыт не вельмі вырас і не ёсць празмерным. Але калі тэндэнцыі, што пачаліся ў першай палове 2023 года, працягнуцца і будуць узмацняцца далей, то разагрэў унутранага попыту, выяўлены ў павелічэнні даходаў насельніцтва, актыўнай інвестыцыйнай палітыцы прадпрыемстваў, можа справакаваць рэалізацыю інфляцыйных і дэвальвацыйных рызык», – папярэдзіла эканамістка.

Будзе як у 2011 годзе?

Аднак паўтарэння сітуацыі 2011 года, калі рубель дэвальваваўся амаль утрая, а інфляцыя вырасла больш чым удвая, пакуль чакаць не выпадае, у тым ліку таму, што «чыноўнікі вучацца на досведзе мінулых гадоў». У прыватнасці, была змененая валютная палітыка. Калі 12 гадоў таму ўлады трымалі курс рубля, то цяпер ён можа як расці, так і зніжацца. Нацбанк можа купляць і прадаваць валюту, але адміністрацыйнымі захадамі курсу ён не стрымлівае, распавяла Лузгіна.

Тым не менш, на ейную думку, наконт інфляцыі «існуе рызыка таго, што да канца года яна можа выйсці за межы прагнознага значэння 7–8 % у сувязі з ростам попыту і таннымі грашыма».

Шмат што, падкрэсліла экспертка, будзе залежаць у гэтай справе ад эканамічнай палітыкі: ці будзе ўладамі ўзмацняцца яе жорсткасць пры паскарэнні інфляцыйных працэсаў, ці будуць улады «ў абавязковым парадку і любымі спосабамі, нават калі гэта будзе ствараць «інфляцыйны навес» [калі грашовая маса расце хутчэй, чым ВУП], старацца дасягнуць росту ВУП у межах 3,8 %.

Макар Мыш / АА belsat.eu

Стужка навінаў