news
Аналітыка
«Сітуацыя трымаецца на валаску». BEROC ацаніў перспектывы беларускай эканомікі і інфляцыі
Найбольш спрыяльны сцэнар – мяккая рэцэсія.
15.11.202311:01

Рост беларускай эканомікі ўсё больш упіраецца ў сваю столь, а магчымасцяў для росту ўсё менш. Чаго не скажаш пра інфляцыю, якая, наадварот, можа вельмі моцна паскорыцца ў 2024 годзе. Пра гэта 14 лістапада падчас прэзентацыі Маніторынгу эканомікі Беларусі заявілі прадстаўнікі даследчага цэнтру BEROC.

Коммунальные услуги, счётчики, кошелёк, коммуналка, деньги, рубли, беларусский рубль, цены, стоимость, калькулятор
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія рублі і капейкі.
Фота: Белсат

Дзмітрый Крук адзначыў, што аднаўленчы рост беларускай эканомікі ў трэцім квартале 2023 года працягнуўся, выпуск прадукцыі амаль дасягнуў свайго гістарычнага максімуму. Пры гэтым эканаміст адзначыў прыкмету затухання эканамічнага росту, бо столь аднаўлення «ўжо пачынае адчувацца», як і вяртанне да стагнацыі ранейшых гадоў.

Аднаўленчы рост у трэцім квартале быў забяспечаны перадусім паляпшэннем стану чыстага вонкавага попыту. Але ацаніць яго прычыны не дазваляе схаваная статыстыка вонкавага гандлю.

Пры гэтым у вонкавым гандлі суадносіны фізічных аб’ёмаў экспарту і імпарту ў трэцім квартале палепшыліся. У прыватнасці фізічныя аб’ёмы экспарту выраслі, амаль дасягнуўшы даваенных аб’ёмаў, а вось фізічныя аб’ёмы імпарту нечакана «адчувальна праселі». Агулам жа «ўмовы гандлю, то бок цэнавы кампанент, адчувальна пагаршаюцца», заявіў эканаміст. На думку Крука, гэта можа рабіцца адною з найважнейшых перадумоваў для макраэканамічнай дэстабілізацыі Беларусі. Пагатоў няма ўпэўненасці ў тым, што аб’ёмы беларускага экспарту будуць захоўвацца на актуальных паказніках.

«Там вельмі валатыльная сітуацыя, што трымаецца на валаску», – падкрэсліў Крук.

У тым ліку і таму, што ў вытворчасці рост нестабільны і скачкападобны. Толькі асобныя галіны прамысловасці захоўваюць траекторыі ўстойлівага росту, «але па сутнасці добрых прыкладаў няма», дадаў эканаміст.

Агляд
Што трэба зрабіць для здароўя беларускай эканомікі? Тлумачаць эксперты BEROC
2023.11.02 15:36

Попыт затухае

Унутраны попыт пры гэтым затухае, што найлепш відаць у пытанні спажывання хатнімі гаспадаркамі. Тады як інфляцыйны фон, які захоўваецца на мінімумах, яшчэ мае, «магчыма, невялікі патэнцыял для захавання аднаўленчага росту», сказаў эканаміст.

Дзмітрый Крук адзначыў, што рынак працы працягвае рэгрэсаваць, скарачаецца колькасць працаўнікоў:

«І ў аб’ёмах, і паводле занятасці, і паводле новых працоўных месцаў кожны квартал мы скараем новыя гістарычныя мінімумы».

Тым часам эміграцыя і дэфіцыт на рынку працы спрыяюць росту рэальных заробкаў у краіне (каб прыцягнуць працаўнікоў, даводзіцца прапанаваць больш), і яны працягваюць паскорана павялічвацца. Пры гэтым заробкі вельмі моцна адарваліся ад вытворчасці працы, з якой павінна карэляваць. Але, калі папярэднія чатыры кварталы яны былі рухавіком спажывання, «то цяпер гэтыя суадносіны пачынаюць слабнуць, і адпаведна спажыванне расце ўжо не тымі тэмпамі».

«Можна казаць, што рост спажывання амаль упёрся ў сваю столь», – заявіў эканаміст.

Эксперт падкрэсліў, што людзі могуць зарабляць больш, але самых людзей робіцца менш, таму і выдаткоўваюць грошы менш асобаў.

Таксама паводле колькасці новых працоўных месцаў, што мусілі б дэманстраваць стан здароўя эканомікі, Беларусь сышла «глыбока-глыбока на дно»:

«Гэта ненармальнае функцыянаванне для рынку працы. Прычыны – дэмаграфія і міграцыя перадусім».

Пры гэтым рост заробкаў таксама можа перацякаць у інвестыцыйны попыт. У прыватнасці ажыўленне на рынку жытла за апошнія кварталы – гэта не толькі крэдытнае напампоўванне.

Агляд
«Праславім партыю і ўрад». Эканаміст назваў палітычнай агіткаю прагноз Нацбанку налета
2023.10.23 19:53

Рост слабы

Асноўныя невядомыя будучай дынамікі беларускай эканомікі – гэта пытанне ўстойлівасці адміністратыўнага прасоўвання экспарту.

«Гэта, я б сказаў, фундаментальнае пытанне», – падкрэсліў Крук.

Таксама застаюцца незразумелыя прычыны скачкоў фізічных аб’ёмаў імпарту.

Апроч таго, крайне важны выклік – тое, што будзе агулам адбывацца з эканамічнаю палітыкай уладаў. А таксама фінансавыя запасы прадпрыемстваў і мясцовых бюджэтаў, якія актыўна падтрымліваюць інвестыцыі ды рост заробкаў.

Агулам, на думку Крука, сітуацыя ў беларускай эканоміцы няўстойлівая і стаіць на вельмі зыбкай глебе. У тым ліку і таму, што немагчыма вылучыць ніводнай галіны, якая б дэманстравала ўстойлівы рост. Замест гэтага адбываецца «целяпанне ў плюс-мінус адным дыяпазоне».

«Гэта адзін з індыкатараў таго, што рост дастаткова слабы», – заключыў эканаміст.

Агляд
Белстат: паскараецца рост ВУП і рэальных прыбыткаў беларусаў
2023.10.17 20:11

Эканоміка перагрэтая і працягвае грэцца

Кажучы пра інфляцыю, эканаміст Анатоль Харытончык назваў прычынай яе нізкага ўзроўню ў Беларусі «татальны цэнавы кантроль з боку ўраду». Аднак праінфляцыйны ціск паступова нарастае, што найперш звязана з перагрэвам эканомікі і напружанаю сітуацыяй на рынку працы.

Адным з асноўных драйвераў падтрымання залішняга попыту ў эканоміцы Харытончык назваў мяккую грашова-крэдытную палітыку, якая ўступае ўва ўсё большую супярэчнасць з задачамі забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці. Эканаміст заявіў, што адсоткавыя стаўкі па рублёвых крэдытах і ўкладах заставаліся ніжэйшыя за свае інфляцыйна-нейтральныя раўнаважкія значэнні.

Пакуль цэны на тавары ў Беларусі ўзмоцнена рэгулююцца, «паслугі працягваюць даражэць дастаткова хуткімі тэмпамі».

«Гэта можа быць адным з індыкатараў назапашвання інфляцыйнага навесу ў эканоміцы. Акрамя таго, гэта можа казаць пра тое, што ў эканоміцы ўсё ж прысутнічае праінфляцыйны ціск, які не цалкам трансфармуецца ў рост коштаў на тавары з прычыны строгага коштавага кантролю», – мяркуе эканаміст.

На цэны ў Беларусі ўплываюць перагрэў эканомікі і хуткі рост заробкаў, што абганяюць узровень прадукцыйнасці працы і ствараюць залішні попыт.

«Вытворцы тавараў і паслуг працуюць на знос, выкарыстоўваючы фактары вытворчасці звыш свайго аптымальнага ўзроўню, што, натуральна, прыводзіць да росту выдаткаў», – апавёў Харытончык.

Пры гэтым эксперт прызнаў «нявызначанасць адносна маштабу гэтага перагрэву». У любым разе ўзровень заробкаў «дастаткова моцна адхіліўся ад свайго інфляцыйна-нейтральнага ўзроўню», што ў звычайных умовах прывяло б да прыкметнага паскарэння інфляцыі. Але ў Беларусі кошты стрымліваюць уручную.

Таксама да фармавання залішняга попыту прывялі залішні попыт у Расеі, які імпартуецца ў Беларусь праз «татальную залежнасць» беларускай эканомікі ад расейскага рынку і даволі значнае пашырэнне бюджэтных расходаў.

Агляд
«Назапашванне інфляцыйнага навеса». Эканамісты папярэдзілі пра пагрозу рэзкага росту цэнаў у Беларусі
2023.09.27 16:51

Грошай стала вельмі шмат

Харытончык адзначыў, што праз высокі рост крэдытавання рэальная шырокая грашовая маса (ШГМ) за апошнія чатыры кварталы расце больш як на 5 % у сярэднім за квартал, рублёвая – больш як на 7 %:

«Гэта значна вышэй за інфляцыйна нейтральныя тэмпы росту грашовай масы».

Як ацаніў эксперт, да канца трэцяга кварталу абʼём ШГМ мог ужо прыкладна на 10 % перавысіць нейтральны ўзровень, «і гэта яшчэ адзін з індыкатараў назапашвання інфляцыйнага навесу ў эканоміцы». Што відаць у тым ліку па тым, што ў жніўні – кастрычніку валютны рынак, калі зліквідаваць уплыў фактару сезоннасці, функцыянаваў у стане чыстага попыту на замежную валюту.

Разам з тым, нягледзячы на фармаванне чыстага попыту на валюту, беларускі рубель у трэцім квартале быў пераацэненым адносна расейскага. З аднаго боку, гэта дазволіла не дапусціць узмацнення інфляцыйнага ціску на Беларусь праз паскораны значны рост коштаў у Расеі. Але з другога – беларускія прадпрыемствы губляюць цэнавыя канкурэнтныя перавагі на расейскім рынку.

Чаго чакаць?

Паводле Харытончыка, базавы сцэнар на 2024 год прадугледжвае захаванне стымулявальнай манетарнай палітыкі. Нацыянальны банк паспрабуе захаваць прыярытэт падтрымання эканамічнай актыўнасці над купаваннем інфляцыйных рызык. Аднак эканаміст дапускае, што ва ўмовах нарастання рызык для макраэканамічнай стабільнасці рэгулятар будзе імкнуцца задзеяць ускосныя рычагі для рэгулявання інфляцыі. У выніку стаўкі па ўкладах і крэдытах могуць крыху падрасці ў 2024 годзе, але ў рэальным выражэнні ўсё роўна застануцца ніжэйшыя за свае раўнаважныя значэнні, што будзе азначаць захаванне стымулявальнага характару адсоткавых ставак.

«У базавым сцэнары чакаецца, што эканоміка застанецца перагрэтай у выніку ўнутранага эканамічнага стымулявання, і разрыў выпуску застанецца станоўчым, што будзе ціснуць на выдаткі вытворчасці. У спалучэнні з чаканым захаваннем напружанай сітуацыі на рынку працы, падвышанай інфляцыяй у Расеі і паслабленнем беларускага рубля гэта будзе ствараць перадумовы да павышэння інфляцыі ў наступным годзе», – адзначыў Харытончык.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі ў мікрараёне сталіцы Уручча.
Фота: Белсат

Таксама мяркуецца, што ўлады будуць больш ахвотна ісці на ўзгадненне павышэння коштаў, бо інакш можа заўважна пагоршыцца фінансавае становішча прадпрыемстваў. У выніку інфляцыя прагназуецца памерам 8–10 % за 2024 год супраць прыблізна 5–6 % у 2023-м.

Аднак набор рызык для базавага сцэнара вельмі шырокі, заявіў эканаміст, бо будзе ўзмацняцца інфляцыйны навес. Апошні ўжо на канец трэцяга кварталу склаў 4–8 %. І калі ўрад будзе спрабаваць дасягнуць запланаваных 3,8 % росту ВУП у 2024 годзе, то гэта моцна павялічыць перагрэў эканомікі, ціску на абменны курс і шматкроць павялічыць інфляцыйны ціск. Сітуацыя будзе нагадваць 2009, 2011 і 2014–2015 гады.

«Надмернае стымуляванне можа налета стварыць ілюзію росту дабрабыту. Сапраўды даходы і спажыванне могуць вырасці, аднак пасля дэвальвацыйныя ды інфляцыйныя наступствы гэтага не проста зʼядуць усе гэтыя заваёвы, але і прывядуць да падзення дабрабыту грамадзянаў», – адзначыў эксперт.

У выніку «рана ці позна ў любым выпадку гэта прывядзе да даволі значнага новага скачка і неабходнасці рэзка ўзмацніць манетарную палітыку».

Таму Харытончык лічыць найбольш спрыяльным сцэнаром для беларускай эканомікі ў 2024 годзе мяккую рэцэсію з ростам ВУП 0,1 %. Калі такая мяккая рэцэсія будзе спалучаная з паступоваю нармалізацыяй унутранай эканамічнай палітыкі, то бок з выхадам манетарнай палітыкі да нейтральнага характару, то менавіта гэта зможа вярнуць эканоміку на траекторыю збалансаванага росту і з найменшымі стратамі выйсці з назапашаных дысбалансаў.

Агляд
Узровень «нараджальнасці» з 2012 года ўпаў амаль удвая. Гэта пра бізнес
2023.11.10 16:22

Макар Мыш belsat.eu