«Назапашванне інфляцыйнага навеса». Эканамісты папярэдзілі пра пагрозу рэзкага росту цэнаў у Беларусі


Інфляцыя ў Беларусі застаецца нізкай у звязку з татальным дзяржаўным рэгуляваннем. Аднак праз мяккую манетарную палітыку і ўсё большае аддаленне коштаў на паслугі, што не рэгулююцца, ад коштаў на нехарчовыя тавары ўзнікае рызыка рэзкага росту цэнаў, гаворыцца ў чарговым аглядзе даследчага цэнтру BEROC. 

У жніўні ў параўнанні з ліпенем цэны ў Беларусі знізіліся.
Фота: Белсат

Паводле Белстату, у жніўні інфляцыя склала 2,3% год да года, а ў параўнанні з ліпенем цэны знізіліся на 0,3%. Інфляцыя ў студзені – жніўні сёлета – 5,6% год да года.

У аглядзе даследчага цэнтру BEROC месячная інфляцыя ў жніўні, калі адкідаць сезоннасць, ацэньваецца ў 3–4% месяц да месяца, а гадавая – у 2,3%.

«Нізкі тэмп росту цэнаў па-ранейшаму звязаны з захаваннем татальнага рэгулявання з боку ўраду. Нябазавая інфляцыя ў жніўні заставалася адносна высокаю ў звязку з падаражэннем тытунёвых вырабаў і плодаагародніннай прадукцыі», – гаворыцца ў справаздачы.

Умеранай рызыкай для інфляцыі ў Беларусі з’яўляецца скарачэнне ўраджаю збожжа і абʼёму нарыхтоўкі кармоў. Таксама аптымізму не дадае ўсё большае аддаленне коштаў на паслугі, што не рэгулююцца, ад коштаў на нехарчовыя тавары на фоне мяккай манетарнай палітыкі і жорсткага дзяржаўнага рэгулявання:

«Гэта можа весці да назапашвання інфляцыйнага навеса, што пагражае ўсплёскам інфляцыі і неабходнасцю агрэсіўнага ўзмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі. Для змякчэння патэнцыйных негатыўных наступстваў патрабуецца паступовае ўзмацненне жорсткасці манетарнай палітыкі ўжо налета».

Каментар
Эксперты кажуць, што эканоміка Беларусі пераграваецца. Што гэта значыць і да чаго рыхтавацца
2023.06.26 13:48

Валавы ўнутраны прадукт у жніўні прыбавіў 1,3–1,4% у параўнанні з ліпенем (калі прыбраць сезоннасць). Выпуск падтрымоўвала апрацоўчая прамысловасць, рост інвестыцыяў і высокая спажывецкая актыўнасць на фоне мяккай манетарнай палітыкі.

Уніз ВУП цягнуў сектар транспарту, IT ды сельская гаспадарка.

У прыватнасці, грузазварот у жніўні заставаўся блізу лакальных мінімумаў: на 38% ніжэй за сярэднямесячны ўзровень даваеннага 2021 года. «Гэта звязана са стратаю значнай часткі транзітных перавозак, а таксама, імаверна, узмацненнем значнасці расейскіх перавознікаў на беларускім рынку», – мяркуюць у даследчым цэнтры BEROC.

Галіну падтрымоўвае пасажыразварот, аднак рост тут з большага тлумачыцца не павелічэннем ліку пасажыраў, а тым, што паездкі робяцца даўжэйшымі.

Грузазварот падае з увагі на зніжэнне транзіту праз Беларусь.
Фота: logist.today

IT-сектар працягвае стагнацыю: у жніўні ён забраў 0,8% ад гадавога павелічэння ВУП. Сельская гаспадарка – яшчэ горш: мінус 2,3% ад гадавога прыросту ВУП. На паказнікі аграрнай галіны ўплывае меншы за леташні ўраджай, хаця ён і не правальны.

Эканамісты прагназуюць, што ў верасні ВУП яшчэ падрасце (за дзевяць месяцаў будзе 3,2–3,5% год да года), аднак далейшы хуткі рост абмежаваны магчымасцямі прамысловасці з увагі на дэфіцыт працаўнікоў, дасяжнасцю тэхналогіяў і ўскладненне лагістыкі.

Агляд
Паскораны рост заробкаў, зыход замежных кампаній і арыентацыя на Расею. Галоўныя трэнды беларускай эканомікі
2023.09.24 19:36

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў