Эксперт UNIDIR: Ядравая зброя можа не з’явіцца ў Беларусі, але спыніць яе завоз складана


Ні ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, ні ў NATO няма магчымасцяў паўплываць на размяшчэнне Расеяй у Беларусі ядравай зброі. Пра гэта ў эфіры Студыі «Белсат» заявіў старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту ААН па вывучэнні праблемаў раззбраення (UNIDIR) Павел Подзвіг.

«Няма іх ні ў кога, нават NATO не можа нешта гэтаму супрацьпаставіць. З розных прычынаў. Найперш з той прычыны, што пакуль яшчэ не адбылося нічога, на што варта было б і можна было б рэагаваць. Ну і другое, што, уласна, адрэагаваць нейкім чынам разумным на такое дзеянне вельмі складана», – заявіў Павел Подзвіг.

Ён падкрэсліў таксама, што «яшчэ ніхто нічога нікуды не прывёз». Акрамя таго, на яго думку, «рэальны варыянт» заключаецца ў тым, што ядравую зброю ў Беларусь могуць так і не завезці.

«Нават калі ў песімістычным варыянце ядравая зброя нейкім чынам на тэрыторыі Беларусі апынецца, яна будзе знаходзіцца пад поўным кантролем расейскіх збройных сілаў. У гэтым сэнсе нічога добрага ў тым, што павялічыцца колькасць месцаў і краін, дзе ядравая зброя размешчаная, няма. Але сітуацыя такая, што ніякіх абавязкаў такога кшталту крок не парушае», – адзначыў Подзвіг.

Паводле яго, да таго часу, пакуль ядравая зброя знаходзіцца пад кантролем расейскіх збройных сілаў, ніякага парушэння ніякіх пагадненняў, у тым ліку дамовы аб яе нераспаўсюдзе, адбывацца не будзе. Аднак, дадаў эксперт, сам факт размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі «заслугоўвае асуджэння».

Hавiны
Кіраўнік NATO агучыў «Белсату» рэакцыю Альянсу на размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі
2023.06.15 13:11

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў