Сабатаж «Хамасу» і прывід вайны ў Ліване. Тлумачым, што адбываецца на Блізкім Усходзе


Ізраіль працягвае ваенную аперацыю ў Рафаху, адначасова з гэтым  сур’ёзна абвастрылася сітуацыя на мяжы з Ліванам, што можа прывесці да адкрыцця новага фронту. Belsat.eu разбіраецца, чаму канца вайны на Блізкім Усходзе па-ранейшаму не відаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палестынцы займаюцца сваймі паўсядзённымі справамі, калі падымаецца дым пасля ізраільскага бамбардавання Рафаху на поўдні сектару Газа. 11 чэрвеня 2024 года.
Фота: Eyad Baba / AFP / East News

Ваенная аперацыя ў Рафаху, якую цяпер праводзіць Ізраіль, першапачаткова разглядалася як кульмінацыя вайны на Блізкім Усходзе. Пасля разгрому баевікоў на поўначы сектару Газа гэтае мястэчка на мяжы з Егіптам пераўтварылася ў галоўны бастыён «Хамасу». У пачатку траўня, нягледзячы на крытыку з боку міжнароднай супольнасці, Цагаль нанёс серыю паветраных удараў у гэтым раёне, а танкавыя падраздзяленні ўвайшлі ва ўсходнюю частку паселішча. У канцы мінулага месяца быў цалкам узяты пад кантроль так званы філадэльфійскі калідор, праз які ў сектар Газа ішлі плыні кантрабанды. Цяпер Цагаль праводзіць зачыстку на захадзе Рафаху і, паводле арабскіх медыяў, апошнімі днямі актывізаваў свае дзеянні.

Аднак значна больш увагі сёння прыцягвае сітуацыя на поўначы Ізраілю. Пра тое, што на ізраільска-ліванскай мяжы можа ўзнікнуць другі фронт, размовы вядуцца фактычна з першага дня вайны паміж Ізраілем і «Хамасам». Спачатку праіранскай групоўка «Хізбула» абмяжоўвалася лакальнымі абстрэламі памежных раёнаў, а Цагаль адказваў кропкавымі авіяўдарамі. Аднак паступова атакі «Хізбулы» станавіліся ўсё больш інтэнсіўнымі, пашыралася іх геаграфія. Апошнімі тыднямі назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя далейшай эскалацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Старэйшы лідар «Хізбулы» Хашэм Сафіедзін (у цэнтры) моліцца над труной высокапастаўленага афіцэра Талеба Абдалы, які быў забіты ў выніку ізраільскага ўдару на поўдні Лівану, падчас яго пахавальнай працэсіі. Бэйрут, Ліван. 12 чэрвеня 2024 года.
Фота: Bilal Hussein / AP Photo / East News

11 чэрвеня ізраільская авіяцыя нанесла авіяўдар па тэрыторыі Лівану, у выніку якога загінуў высокапастаўлены афіцэр «Хізбулы» Талеб Абдала і яшчэ некалькі баевікоў. У якасці помсты за свайго камандзіра «Хізбула» 12 чэрвеня ўчыніла найбольш жорсткую ракетную атаку на паўночныя раёны Ізраілю за ўвесь час вайны. Агулам было выпушчана 215 ракетаў. Частка з іх была перахопленая сістэмамі СПА, а частка ўпала на ізраільскай тэрыторыі, выклікаўшы разбурэнні і пажары. Праўда, абышлося без ахвяраў.

Наступным днём, 13 чэрвеня, «Хізбула» ўчыніла новую масаваную атаку з выкарыстаннем дзясяткаў ракетаў і дронаў. Ізноў частка з іх была перахопленая сіламі СПА, а частка трапіла ў цэль. Двое мужчынаў атрымалі лёгкія аскепкавыя раненні. Паводле блізкіх да праіранскай групоўкі журналістаў, галоўнаю мэтаю былі 8 ізраільскіх вайсковых базаў, ад Галянаў да Цфату:

«Гэта першы выпадак, калі арганізацыя праводзіць атаку такога маштабу адначасова».

Ізраіль ускладае адказнасць за эскалацыю на «Хізбулу» і абяцае адказаць на агрэсію. «Той, хто думае, што прычыніць нам шкоду, а мы будзем сядзець склаўшы рукі, робіць вялікую памылку, – заявіў раней прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу. – Так ці інакш, але мы адновім бяспеку на поўначы».

Адразу пасля атакі «Хізбулы» Цагаль учыніў чарговыя авіяўдары на аб’екты групоўкі ў Ліване. Аднак такі адказ не выходзіць за межы стандартных кропкавых аперацыяў, якія праводзіліся за папярэднія месяцы, і не здолелі стрымаць агрэсіі «Хізбулы». Кіраўніцтва Ізраілю ўсё часцей крытыкуюць за нерашучасць у дачыненні «Хізбулы», што, паводле некаторых экспертаў і журналістаў, і прывяла да цяперашняй эскалацыі.

«Цяпер кожны дзень [абстрэлы]. Пра шкоду ўжо няма сэнсу казаць, поўнач, дай Бог усё гэта скончыцца, давядзецца літаральна ўзводзіць нанова. Але ў чырвоную лінію «Хізбула» пакуль не патрапіла. Вельмі тонкая чырвоная лінія», – іранізуе ў сваім блогу ізраільскі вайсковы аналітык Сяргей Аўслендэр.

Ультраправы міністр нацыянальнай бяспекі Ітамар Бэн-Гвір заклікаў прэм’ера да рашучых дзеянняў: «На сотні ракетаў не адказваюць хірургічным умяшаннем».

Разам з тым поўнамаштабны канфлікт на поўначы станецца сурʼёзным выклікам для Ізраілю. Ваенны патэнцыял «Хізбулы» пераўзыходзіць ваенны патэнцыял «Хамасу». У ліванскай групоўкі некалькі дзясяткаў тысячаў байцоў і велізарны арсенал ракетаў.

«Рашэнне ізраільскага ўраду напэўна стаіць на парадку дня. Зразумела, што гэтае рашэнне цяжкае, бо пацягне сурʼёзную вайну. Але, з іншага боку, на маю думку, неабходна карэнным чынам змяніць стратэгічную сітуацыю на поўначы. І баюся, што без маштабнай аперацыі гэта немагчыма», – зазначыў ізраільскі вайсковы аналітык Давід Шарп у інтэрв’ю RFI.

Выданне «Axios» са спасылкаю на амерыканскіх чыноўнікаў паведамляе: адміністрацыя Байдэна вельмі занепакоеная тым, што эскалацыя гвалту паміж Ізраілем і «Хізбулою» можа перарасці ў маштабную вайну і значна пагоршыць сітуацыю ў рэгіёне. Белы дом усімі сіламі спрабуе перадухіліць такое развіццё падзеяў.

«Апошнімі тыднямі адміністрацыя Байдэна перасцерагла Ізраіль ад ідэі «абмежаванай вайны» ў Ліване, папярэджваючы, што Іран можа ўмяшацца і напоўніць Ліван праіранскімі баевікамі з Сірыі, Іраку і нават Емену, якія жадаюць далучыцца да баявых дзеянняў», – піша выданне.

Паводле «Axios», Белы дом лічыць, што спыненне агню ў сектары Газа – адзінае, што магло б істотна знізіць напружанасць на ізраільска-ліванскай мяжы. Аднак перспектывы міру ў сектары Газа па-ранейшаму выглядаюць вельмі цьмяна.

Аналітыка
«Сізіфава задача» для Ізраілю. Тлумачым, чаму вайне ў сектары Газа не бачна канца
2024.05.16 18:15

Мірны план Байдэна

У чэрвені Злучаныя Штаты актывізавалі дыпламатычныя намаганні з тым, каб спыніць вайну Ізраілю і «Хамасу». 1 чэрвеня прэзідэнт Джо Байдэн прэзентаваў мірны план, які складаецца з трох этапаў. Першы прадугледжвае спыненне агню на шэсць тыдняў, вывад ізраільскіх войскаў з усіх паселішчаў сектару Газа і абмен часткі закладнікаў на сотні палестынскіх вязняў. Другі этап – поўнае спыненне ваенных дзеянняў у сектары Газа і вызваленне ўсіх ізраільскіх закладнікаў, у тым ліку вайскоўцаў. Трэці этап прадугледжвае маштабнае аднаўленне сектару Газа пры ўдзеле ЗША і міжнароднай супольнасці.

Бэньямін Нэтаньягу раней настойваў, што мэта вайны ў сектары Газа – поўнае знішчэнне «Хамасу». «Альтэрнатывы ваеннай перамозе няма», – паўтараў ізраільскі прэм’ер. План Байдэна  не прадугледжвае ліквідацыі «Хамасу». Няма яснасці і наконт таго, хто будзе кіраваць анклавам пасля вайны. Таму мірная ініцыятыва Белага дому выклікала неадназначную рэакцыю ў Ізраілі. Два ўльтраправых міністры нават прыгразілі сысці ў адстаўку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскі армейскі танк займае пазіцыю ў раёне паўднёвай мяжы Ізраілю з сектарам Газа. 13 чэрвеня 2024 года.
Фота: Jack Guez / AFP / East News

Нягледзячы на гэта, Ізраіль прынцыпова падтрымаў прапанову ЗША. Па-першае, таму, што вызваленне закладнікаў у любым выпадку бачыцца прыярытэтнаю задачаю. Па-другое, бо інакш ёсць пагроза пасварыцца з Вашынгтонам і трапіць у міжнародную ізаляцыю.

Разам з тым Нэтаньягу пастараўся ўседзець на двух крэслах: ён працягвае казаць пра тое, што ад сваіх мэтаў знішчыць «Хамас» Ізраіль не адмаўляецца. Прэм’ер ухіляецца ад афіцыйных каментароў наконт мірнага плану – пра тое, што Ізраіль «за», даводзіцца чуць у асноўным ад Вашынгтону. Пэўную прастору для манеўру таксама пакінула прынцыпова важная агаворка Байдэна: калі палестынская групоўка не выканае сваіх абавязкаў, то Ізраіль будзе мець права аднавіць ваенную аперацыю.

Непрымальныя прапановы

11 чэрвеня Рада бяспекі ААН ухваліла прапанову Злучаных Штатаў і заклікала палестынскіх баевікоў прыняць мірную прапанову «неадкладна» і «без дадатковых умоваў». «Хамас» вітаў галасаванне ў Радзе бяспекі і падкрэсліў, што настроены «пазітыўна». Аднак пры гэтым выставіў дадатковыя ўмовы, якія робяць пагадненне амаль немагчымым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сваякі забітага ў сектары Газа ізраільскага жаўнера Альмога Шалёма плачуць падчас ягонага пахавання на вайсковых могілках на гары Гэрцля (Herzl) у Іерусаліме, Ізраіль. 11 чэрвеня 2024 года.
Фота: Menahem Kahana / AFP / East News

«Хамас» хоча загадзя атрымаць пісьмовыя гарантыі наконт трывалага спынення агню і вываду ізраільскіх вайскоўцаў з сектару Газа. Рэч у тым, што план ЗША паэтапны і кожны наступны этап абумоўлены выкананнем папярэдняга, а «Хамас» хоча, каб пераход адбываўся аўтаматычна і Ізраіль выканаў сваю частку абавязкаў у любым выпадку. Паводле звестак «13 канала», «Хамас» таксама выступае за тое, каб адразу пачалося аднаўленне сектару Газа, а спіс палестынскіх вязняў, якіх мусіць вызваліць Ізраіль, групоўка разлічвае вызначаць у аднабаковым парадку.

«Гэта самы радыкальны адказ, які мог даць «Хамас», – цытуе «13 канал» неназванага ізраільскага чыноўніка.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен падчас візіту ў Катар заявіў, што частка ўмоваў «Хамасу» невыканальная. Ён заўважыў, што «Хамас» мог проста сказаць «так», а замест гэтага чакаў два тыдні і потым выставіў новыя прапановы, якія выходзяць за межы таго, пра што прадстаўнікі групоўкі казалі раней. Блінкен паставіў пад сумнеў жаданне «Хамасу» дасягнуць міру.

«Ізраіль прыняў гэтую прапанову цалкам. «Хамас» гэтага не зрабіў. Нам трэба паглядзець за найбліжэйшыя дні, ці можна закрыць прабелы. Калі «Хамас» працягне казаць «не», усяму свету стане ясна, што яны вырашылі працягнуць вайну і што гэта іх адказнасць», – падкрэсліў ён.

Тым не менш, дзяржсакратар ЗША паабяцаў прадоўжыць працу над пагадненнем супольна з Катарам і Егіптам – пасярэднімі ў перамовах.

Сінўар супраць

Раней, падчас візіту ў Ізраіль, Блінкен заявіў, што вызначальны голас цяпер за «адным хлопцам», які хаваецца «на мінус дзясятым паверсе пад зямлёй у Газе» – дзяржсакратар меў на ​​ўвазе лідара «Хамасу» Яхʼю Сінўара. Выглядае, што Сінўар не збіраецца падтрымліваць мірнага плану ЗША. Як піша выданне «The Wall Street Journal», Сінўар перадаў пасланне высокапастаўленым функцыянерам «Хамасу», што вядуць перамовы ад імя групоўкі, у якім выказаў задавальненне цяперашнім станам вайны і пазіцыяй Ізраілю на міжнароднай арэне. «Ізраілю ёсць што губляць ад вайны, – піша ён. – Ён застаецца менавіта там, дзе мы хацелі яго бачыць».

Гэта цалкам укладаецца ў логіку дзеянняў «Хамасу». Летась прадстаўнікі найвышэйшага кіраўніцтва арганізацыі, з якімі паразмаўляла газета «New York Times», заявілі, што іх не клапоцяць пакуты і гібель насельніцтва Газы, бо іхная мэта не ў тым, каб зрабіць жыццё ў палестынскім анклаве лепшым. З прызнання аднаго з іх, задача «Хамасу» ў тым, каб зрабіць вайну на межах Ізраілю перманентнаю.

«Пры ўсім гэтым «Хамас» працягне даваць уніклівыя адказы такім чынам, каб вінаватым у працягу вайны выглядаў Ізраіль. Лідары «Хамасу» не зачыняюць дзвярэй да канца, яны жадаюць, каб яе канчаткова зачыніў Ізраіль. Канчатковае рашэнне – за Сінўарам, і ён будзе гатовы на ўгоду толькі ў тым выпадку, калі рэжым «Хамасу» ў Газе выжыве і працягне барацьбу», – піша ў сваім Telegram-канале ізраільская журналістка і экспертка ў Блізкім Усходзе Ксенія Святлова.

Hавiны
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда запытаў ордар на арышт лідараў Ізраілю і «Хамасу»
2024.05.21 08:21

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў