ЦБС: Беларусы ў Польшчы могуць выкарыстоўваць праязны дакумент замест пашпарту


Польскі праязны дакумент для іншаземца з’яўляецца эквівалентам пашпарту, выдадзенага польскім грамадзянам. Ён можа служыць не толькі для перасячэння мяжы, але і для пацверджання асобы яго ўладальніка. Такую інтэрпрэтацыю ад МУС Польшчы атрымала кіраўніца аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У ёй таксама адзначаецца, што пры падачы заявы на часовы ці пастаянны від на жыхарства, від на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ іншаземец можа падаць дзейны польскі праязны дакумент, калі ў яго няма магчымасці прадставіць свой беларускі пашпарт ці іншы праязны дакумент.

ЦБС тлумачыць, чаму гэта так важна.

Беларусы змогуць карыстацца польскім праязным дакументам у якасці дакументу, які пацвярджае іх асобу:

  • у адміністрацыйных органах;
  • у банках;
  • пры перасячэнні мяжы;
  • у іншых выпадках, калі неабходна засведчыць іх асобу.

«Гэтая інтэрпрэтацыя можа стаць важным аргументам у спрэчных сітуацыях і мае істотнае значэнне для грамадзян Беларусі ў Польшчы», – адзначаюць у Цэнтры.

«Такая інтэрпрэтацыя моцна спросціць жыццё многім беларусам у Польшчы, якія не могуць атрымаць або замяніць беларускі пашпарт», – падкрэсліваюць прадстаўнікі ЦБС.

Польскі праязны дакумент для замежніка выдаецца тэрмінам на адзін год і дае права перасячэння мяжы, цалкам замяняючы нацыянальны пашпарт.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2023 года беларусы могуць атрымліваць польскі праязны дакумент для замежніка па спрошчанай схеме – зараз беларусам не трэба даказваць, што яны не могуць атрымаць новы пашпарт ад беларускіх уладаў. Выдаецца дакумент бясплатна.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў