Святлана Ціханоўская: Кацярыну Андрэеву ў здрадзе абвінавачваюць людзі, якія здрадзілі Беларусі


Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская адрэагавала на прысуд журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай. Палітык лічыць, што прысуд з’яўляецца палітычна матываваным, піша прэсавая служба беларускай лідаркі.

Кацярына Андрэева.
Фота: Белсат

Святлана Ціханоўская адрэагавала на прысуд Кацярыне Андрэевай, якой прысудзілі 8 гадоў зняволення, паводле абвінавачвання здрада радзіме.

«Літаральна ўчора прадстаўнікі рэжыму ў ААН расказвалі пра тое, як цудоўна жыве Беларусь.

Яны не кажуць пра тое, што ў Беларусі можа зʼявіцца першы палітвязень-немаўля – сын Насты і Змітра Дашкевічаў. Яны не скажуць пра тысячы беларусаў, якіх зараз катуюць у турмах па палітычных прычынах. І яны не раскажуць пра новы прысуд Кацярыне Андрэевай. Спачатку журналістка за сваю працу атрымала 2 гады турмы. Цяпер, калі гэты тэрмін набліжаўся да завяршэння, ёй далі новы тэрмін – за нібыта «дзяржаўную здраду».

Артыкулы
Кацярына Андрэева ў судзе: Я атрымала больш, чым Салжаніцын
2022.07.13 20:43

Што лічыцца здрадай у «квітнеючай дзяржаве»? Магчыма, жаданне жыць у свабоднай краіне, дзе цябе не пасадзяць на дзесяць гадоў за тваю працу. А можа быць, кніга «Беларускі Данбас», якую яна напісала з мужам Ігарам Ільяшам – пра беларускіх добраахвотнікаў на расейска-ўкраінскай вайне.

Кацярыну Андрэеву абвінавацілі ў «раскрыцці дзяржаўнай таямніцы» – але якой? Пра гэтую «таямніцу» нічога не вядома. Але калі ў ААН распавядаюць пра «квітнеючую дзяржаву», можна меркаваць, у чым заключаецца гэтая дзяржаўная таямніца.

У 1244 палітвязняў – і яшчэ тысячах зняволеных па палітычных прычынах.

У ліку забітых рэжымам беларусаў – яшчэ з дзевяностых.

У знішчэнні 765 недзяржаўных арганізацыяў якія дапамагалі людзям – пакуль гэтую працу не рабіла дзяржава.

У сотнях ракет, запушчаных з тэрыторыі Беларусі па ўкраінскіх гарадах.

Артыкулы
Дыпламатычнае прадстаўніцтва ЗША ў Беларусі адрэагавала на прысуд Кацярыне Андрэевай
2022.07.13 19:18

Кацярыну Андрэеву ў здрадзе абвінавачваюць людзі, якія здрадзілі Беларусі. Яны здрадзілі нацыянальным інтарэсам, сваёй краіне і нават сваім родным і блізкім, якія жывуць у гэтай краіне. Але колькі б гэтыя людзі не спрабавалі падманваць увесь свет і сябе саміх, праўда будзе перамагаць – менавіта дзякуючы такім смелым і ганарлівым беларусам, як Кацярына Андрэева, на стойкасці і стрыжні якіх зараз і нараджаецца новая Беларусь».

Артыкулы
Журналістцы Кацярыне Андрэевай прысудзілі яшчэ 8 гадоў зняволення – цяпер за «здраду дзяржаве»
2022.07.13 13:34

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў