«Лукашэнка шукаць прабачэння не будзе». Якімі цяпер будуць стасункі Арменіі і Беларусі


Дыпламатычны крызіс у стасунках паміж Арменіяй і рэжымам у Менску, пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан і заяваў у адказ армянскага прэм’ера Нікола Пашыньяна, набірае абароты. Аднак самаабвешчаны кіраўнік Беларусі наўрад ці будзе спрабаваць яго залагодзіць. Тым больш, што ён не з’яўляецца адзіным адрасатам крытыкі з армянскага боку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбывае вітаць лідараў АДКБ перад сустрэчай у Менску, Беларусь. 23 лістапада 2023 года.
Фота: Valery Sharifulin / POOL / AFP / East News

Армянскі палітолаг, дактарант Варшаўскага ўніверсітэту Гарут’юн Васканьян у каментары «Белсату» адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка ніколі не хаваў свайго прыхільнага стаўлення да Азербайджану, які з’яўляецца варожым да Арменіі – нібыта хаўрусніка Менску ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Ён нагадаў, што Беларусь яшчэ раней пастаўляла Баку свае ракетныя комплексы «Паланэз», а ў 2020 годзе выявілася, што Лукашэнка ўгаворваў былога армянскага прэм’ера Сержа Саргсяна здаць Азербайджану Нагорны Карабах за 5 мільярдаў долараў. І апошнія яго заявы падчас візіту ў Баку і Нагорны Карабах, адкуль пасля вайны 2023 года сышло армянскае насельніцтва, толькі пацвярджаюць тое, «як Менск дэманструе сябе ў працэсе ўзаемадачыненняў у трыкутніку Арменія-Азербайджан-Беларусь».

Сігналы Захаду і Маскве

Пры гэтым эксперт мяркуе, што рэжым у Менску з’яўляецца далёка не адзіным адрасатам крытыкі з боку армянскіх уладаў. На думку Васканьяна, Ерэван такім чынам спрабуе «адгарадзіць сябе ад ранейшых хаўруснікаў, асабліва ўлічваючы сітуацыю вайны ва Украіне і ўдзел Расеі, уварванне Расеі ва Украіну і ўскосна-прамы ўдзел Беларусі». Тым больш, што такія дзеянні вітаюцца заходнімі партнёрамі Арменіі.

«Я думаю, што заява Лукашэнкі паслужыла добрай нагодай, каб армянскі бок легітымізаваў свой падыход, свае дзеянні і адмовіўся ад далейшых кантактаў, асабліва ў рамках АДКБ», – сказаў армянскі палітолаг.

Палітолаг Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў у сваю чаргу мяркуе, што галоўным адрасатам заяваў Пашыньяна з’яўляецца кіраўнік Расеі, але для армянскага прэм’ера «лепей казаць казаць такія рэчы пра Лукашэнку, чым пра Пуціна».

«Лукашэнка гуляе сёння ролю пуцінскага цэрбэра, ён часта кажа тое, што Уладзімір Пуцін сам казаць не хоча ці не бачыць сёння неабходнасці казаць», – сказаў ён.

Таксама, на яго думку, заявы армянскіх уладаў былі скіраваныя і на ўнутраную аўдыторыю, бо «для Пашыньяна вельмі важна паказаць, што не ён зʼяўляецца галоўнай прычынай паразы ў вайне [з Азербайджанам. – рэд. belsat.eu], што ўсё-такі шукаць трэба прычыны звонку і перадусім у Маскве».

Ці папросіць Лукашэнка прабачэння?

На думку Ніжнікава, нягледзячы на заявы Пашыньяна, Беларусь не выйдзе з АДКБ «і Лукашэнка прабачэння шукаць не будзе». У тым ліку і таму, што Арменія не з’яўляецца ключавым партнёрам для Менску, сказаў Васканьян. Паводле яго, у Беларусі няма сурʼёзных чаканняў ад Арменіі, а «Лукашэнка ў асноўным абапіраецца менавіта на тых партнёраў і хаўруснікаў, ад якіх можа чагосьці чакаць у фінансавым і эканамічным плане, як допінг для эканомікі». Таму палітолаг не мяркуе, што крызіс у стасунках з Арменіяй стане «сур’ёзнай праблемай» для Менску.

Як адзначыў Ніжнікаў, нягледзячы на магчымы выхад Арменіі з АДКБ, выйсці з эканамічных аб’яднанняў з Расеяй, кшталту ЕАЭС, яна не можа. Таму сустрэчы армянскіх і беларускіх уладаў усё ж будуць магчымымі. Дый Масква на заявы з Ерэвану рэагаваць практычна не будзе, бо «Арменія знаходзіцца ў бязвыхадным становішчы ёй няма куды ісці». Палітолаг нагадаў, што бяспецы Арменіі наўпрост пагражаюць суседзі, а разлічваць на дапамогу Еўразвязу і NATO ёй не даводзіцца.

Святлана Ціханоўская і Ніколь Пашынян. 5 кастрычніка 2023 года.
Фота: Позірк. Навіны пра Беларусь / Telegram

«Адзінае выйсце ў Пашыньяна – гэта працягваць балансаваць. Арменія шукае сабе пры Пашыньяне новых геапалітычных хаўруснікаў у свеце ўжо амаль чатыры гады, і нічога не атрымліваецца. Таму сёння Арменія знаходзіцца ў пастцы», – сказаў Ніжнікаў.

Пры гэтым ён мяркуе, што Пашыньян, які летась ужо сустракаўся з абранай прэзідэнткай Беларусі Святланай Ціханоўскай, можа павялічыць свае кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, каб паказаць, што з’яўляецца апанентам Лукашэнкі і Пуціна.

«Калі ёсць магчымасць гэта паказаць, яўна сустракаючыся з беларускай апазіцыяй, то ён будзе працягваць гэта рабіць. Другая справа, што і для Святланы Ціханоўскай, і для Ніколы Пашыньяна, такія кантакты ніякай ролі, акрамя сімвалічнай, гуляць не могуць. На жаль, на сённяшні дзень. Але ж паказаць даволі сімвалічна, што Аляксандр Лукашэнка для Ніколы Пашыньяна не зʼяўляецца сёння ў ніякім разе партнёрам – гэта добры крок, які Арменія будзе рабіць», – заявіў Ніжнікаў.

Нагадаем, што Лукашэнка падчас візіту ў траўні ў Азербайджан наўпрост ухваліў вайну Баку супраць мяцежнага Нагорнага Карабаху, населенага армянамі. У размове з азербайджанскім прэзідэнтам Ільхамам Аліевым ён таксама згадаў «нашую гутарку перад вайною, перад вашаю вызваленчаю вайною, калі мы па-філасофску разважалі за абедам удваіх. Тады мы дайшлі да высновы, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна». Афіцыйная прэс-служба Лукашэнкі гэтую фразу выразала.

Праз некалькі дзён пасля гэтага Пашыньян зрабіў заяву, што дзве краіны, якія ёсць сябрамі АДКБ, а значыць, фармальнымі хаўруснікамі Арменіі, падтрымлівалі Азербайджан у падрыхтоўцы вайны ў Нагорным Карабаху ў 2020 годзе. 12 чэрвеня ён абвінаваціў мінулыя ўлады Арменіі ў тым, што яны сфармавалі «альянс-бурбалку, чальцы якой, як аказалася, выконваюць не свае дамоўныя абавязкі, а плануюць вайну з Азербайджанам супраць нас».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковы верталёт Мі-8 выконвае палёты падчас сумесных вучэнняў з міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае братэрства-2023» на палігоне «Эдэльвейс» у горадзе Балыкчы, Кыргызстан. 11 кастрычніка 2023 года.
Фота: Vladimir Voronin / AP Photo / East News

На наступны дзень Пашыньян заявіў, што ён і іншыя афіцыйныя асобы Арменіі не паедуць у Беларусь, пакуль ва ўладзе знаходзяцца Лукашэнка:

«Адзін з лідараў АДКБ заяўляе, што ён удзельнічаў у падрыхтоўцы 44-дзённай вайны, натхняў, верыў і жадаў перамогі Азербайджану. Пасля гэтага я павінен пайсці і сесці з Лукашэнкам у фармаце АДКБ і абмеркаваць любое пытанне? Я фіксую, што ніколі не буду наведваць Беларусь, таму што там прэзідэнтам з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка. Я заяўляю, што на гэты момант ніхто з афіцыйных прадстаўнікоў Арменіі наогул не наведае Беларусь».

Армянскі прэм’ер таксама сказаў аб магчымым выхадзе з АДКБ і заявіў, што краіна можа змяніць свой курс, калі Лукашэнка знойдзе патрэбныя прабачэнні, якія змог бы прыняць армянскі народ, альбо Беларусь выйдзе з АДКБ. На гэта амбасадар Беларусі ў Расеі Дзмітрый Круты параіў Пашыньяну разабрацца ў сітуацыі, бо «яшчэ там у яго пратэсты ідуць».

Таксама сталася вядома, што Арменія адклікала свайго амбасадара з Менску для кансультацый. На аналагічны крок пасля пайшлі і ўлады Беларусі.

Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская падтрымала прэм’ера Арменіі. Паводле яе, «Лукашэнка здрадзіў Арменіі, гэтак жа як і здрадзіў Украіне. Свету патрэбная свабодная і дэмакратычная Беларусь як надзейны партнёр у імя міру, а не падступны дыктатар».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў