Атрымаць шэнгенскую візу беларусам стала складана і дорага


Атрымаць шэнгенскую візу для беларусаў зрабілася надзвычай складана. Прынамсі самастойна зарэгістравацца ў электроннай чарзе ў амбасаду або ў візавы цэнтр цяпер проста не магчыма. Прадаць вольныя даты ахвочым гатовыя пасярэднікі. Праўда, кошты даволі высокія.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза.
Фота: Белсат

З моманту расейскага ўварвання ва Украіну візавае пытанне для грамадзянаў РФ, а затым і для беларусаў стала даволі актуальным. Усё больш людзей жадаюць выехаць у краіны ЕЗ. У сваю чаргу на Захадзе палітыкі заклікаюць абмежаваць выдаванне візаў як расейцам, гэтак і беларусам. Гэтак, напрыклад, парламентарыі Латвіі заклікалі краіны Еўразвязу спыніць выдачу візаў грамадзянам Расеі і Беларусі, бо маштабнае ўварванне ва Украіну ажыццяўлялася «пры падтрыманні і ўдзеле беларускага рэжыму».

Абноўлена
Латвія хоча, каб Еўразвяз забараніў выдаваць візы беларусам
2022.08.11 12:56

Раней некаторыя амбасады краінаў ЕЗ у Беларусі прыпынілі выдаванне візаў. Абмежаванні распачаліся яшчэ падчас пандэміі каронавіруса. Потым узніклі складанасці з так званым «памежным крызісам», калі сотні грамадзянаў з Афрыкі, Азіі і Блізкага Усходу штурмавалі межы Літвы і Польшчы, а ўлады ў Менску рабілі выгляд, што нічога не адбываецца.

Пры гэтым попыт на атрыманне візаў вырас шматкроць. Ужо цяпер зарэгістравацца самастойна на падачу дакументаў у амбасаду ці ў візавы цэнтр не магчыма. Усе вольныя даты занятыя. У выніку высокага попыту з’яўляюцца пасярэднікі, якія прапаноўваюць вольныя тэрміны. Праўда, каштуе цяпер гэта некалькі соцень долараў ЗША.

«Звычайна, калі я збіраўся падаваць дакументы на візу, то загадзя заўсёды звяртаўся да турыстычных агенцтваў, якіх знаходзіў у сеціве. Яны прапаноўвалі свае паслугі ў рэгістраванні электроннай чаргі на падачу дакументаў або ў амбасаду, або ў візавы аддзел. Яшчэ летась паслугі такога кшталту разам з страхоўкай каштавалі каля 70 рублёў. А вось цяпер, каб атрымаць электронную чаргу, дык трэба заплаціць і ўсе 700 рублёў», – распавядае «Белсату» жыхар Менску.

Hавiны
Польшча выдала беларусам больш за 350 тысяч віз пасля выбараў 2020 года
2022.07.20 16:09

На думку суразмоўцы «Белсату», праблема ў тым, што колькасць тэрмінаў, якія выстаўляюцца ў амбасадах, даволі абмежаваная. Да таго ж, гэтую колькасць, якая з’яўляецца ў пэўны час, вельмі хутка займаюць агенты.

«У мяне складаецца ўражанне, што амбасады выдзяляюць можа якіх 100 месцаў, у той час як ахвочых атрымаць візу больш за дзясяткі тысячаў. Адсюль і такі ажыятаж», – мяркуе мужчына.

Іншы суразмоўца «Белсату» распавёў, што пасля таго, як узнікла неабходнасць атрымаць візу, ён доўга вывучаў магчымасці, і прыйшоў да высновы, што сам не зможа зарэгістравацца.

«Я збіраўся на працу ў краіны ЕЗ кіроўцам, але вырашыў загадзя падысці да падрыхтоўкі пакету дакументаў. Найбольш складана было зрабіць візу. Я доўга шукаў магчымасці зарэгістравацца на падачу дакументаў самастойна, але праз некалькі тыдняў зразумеў, што гэта марна. У выніку мне з Берасця прыйшлося ехаць у Гомель, каб там аддаць дакументы на візу ў візавым цэнтры гэтага гораду. За такую магчымасць мне прыйшлося таксама заплаціць 700 рублёў, – распавядае «Белсату» жыхар Берасця.

Адметна, што шмат якія турыстычныя фірмы ў Беларусі прапаноўваюць свае паслугі ў атрыманні фактычна любой візы. Праўда, кошты даволі высокія. Напрыклад, за атрыманне гуманітарнай візы ў Польшчу трэба заплаціць ад 800 рублёў.

Прапановы для ахвочых атрымаць візы. Скрыншот са старонкі visavisa.by

Агулам цяпер у Беларусі праз візавыя цэнтры існуе магчымасць атрымаць візу ў Італію, Грэцыю, Вугоршчыну, Нямеччыну і Іспанію.

https://visaby.com/schengen-seychas

Прычым, турфірмы прапаноўваюць выезд у Маскву ў візавы цэнтр Іспаніі, дзе нібыта атрымаць візу будзе прасцей. Але ў выніку беларусы могуць сутыкнуцца з праблемай на расейска-беларускай мяжы. У чэрвені сёлета расейскія памежнікі адмовіліся прапускаць беларускі аўтобус з пасажырамі, якія пакінулі свае пашпарты ў візавым цэнтры. Зрэшты, гэта праблема зусім не новая. У сеціве шэраг форумаў, на якіх грамадзяне задаюць пытанні пра тое, як вярнуцца ў Беларусь з Расеі пасля таго, як пакінулі свае дакументы на атрыманне візы ў цэнтрах. Выглядае, што раней памежнікі не былі настолькі пільнымі, як цяпер.

Hавiны
Эстонія спыняе выдачу расейцам часовага віду на жыхарства і візаў для навучання
2022.07.28 18:34

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў