Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 10 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 260-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 10 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Баявыя дзеянні ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці прынялі пазіцыйны характар. Цягам содняў бакі абменьваліся артылерыйскімі ўдарамі, сілы абароны Украіны праводзілі выведку расейскіх пазіцыяў на ўсход ад Купянску.

На захадзе Луганскай вобласці Збройныя сілы Украіны атакавалі пазіцыі праціўніка каля сяла Куземаўка, а таксама правялі выведку боем у кірунку Краснапапоўкі. Міністэрства абароны РФ таксама паведамляе пра зрыў украінскіх атак пад Стэльмахоўкай і Плашчанкай.

У сваю чаргу Генеральны штаб ЗСУ піша пра адбіццё расейскіх атак каля Навасёлаўскага і Макееўкі. Пры гэтым інтэрактыўная карта вайны ва Украіне Deepstatemap не фіксуе якіх-небудзь зменаў у лініі фронту на Луганшчыне.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Украінскае камандаванне заяўляе, што ў Данецкай вобласці ЗСУ адбілі атакі праціўніка каля населеных пунктаў Салядар, Кляшчэеўка, Маёрск, Якаўлеўка, Андрэеўка, Белагораўка, Вясёлае, Невельскае, Первамайскае і Новаміхайлаўка.

Між тым прарасейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што ў Бахмуце ПВК «Вагнер» спрабуюць прасунуцца ў межах гораду, а на поўдні вобласці Узброеныя сілы РФ увайшлі ў Паўлаўку. Карта Deepstatemap таксама пацвярджае заход расейцаў у паўднёвую частку населенага пункту. Тэлеграм-канал «Рыбарь» заяўляе, што «вагнераўцы» прасунуліся ў бок Андрэеўкі і Кляшчэееўкі, а таксама цалкам захапілі Бахмуцкае і занялі палову Белагораўкі (Данецкая вобласць).

Пры гэтым былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін паведамляе пра ўкраінскія контратакі ў Паўлаўцы, Урэмаўцы і Новаміхайлаўцы на вуглядарскім кірунку, а расейскае камандаванне піша пра адбіццё контратакі ЗСУ каля Міколькага.

Лінія фронту ў Запарожскай вобласці цягам содняў заставалася без зменаў.

Найбольшай дынамікай зменаў у лініі фронту за содні адзначыліся Мікалаеўская і Херсонская вобласці Украіны. 9 лістапада Мінабароны Расеі заявіла пра пачатак вываду сваіх войскаў з правабярэжжа Дняпра, аднак гэтыя дзеянні ажыццяўляюцца расейцамі паступова, каб пазбегнуць атачэння ўкраінскімі сіламі. Але нават і ў такіх умовах у паводзінах расейцаў назіраюцца прыкметы ўцёкаў: 10 лістапада пачалі з’яўляцца паведамленні аб пакіданні расейцамі сваёй тэхнікі пры адступленні. Нагадаем, аналагічная карціна назіралася пры «жэстах добрай волі» у Кіеўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласцях.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Генеральны штаб ЗСУ лічыць манеўр расейцаў не планавым, а вымушаным, паколькі ён стаў вынікам актыўных дзеянняў украінскіх сілаў на гэтым участку фронту.

Пры гэтым ваенны эксперт Алег Жданаў мяркуе, што інфармацыя пра выхад з правабярэжжа Дняпра можа аказацца ілжывай. Паводле палкоўніка запасу, расейцы могуць паспрабаваць ажыццявіць «аперацыю пад чужым сцягам», пакінуўшы ў Херсоне пад выглядам мясцовых жыхароў сваіх вайскоўцаў, якія будуць імітаваць партызанскую барацьбу супраць ЗСУ. Такім чынам расейскае камандаванне разлічвае стварыць уражанне таго, што мясцовае насельніцтва хоча быць у складзе Расеі. Разам з тым з абласнога цэнтру прыпынілі «эвакуацыю» мірнага насельніцтва праз адсутнасць ахвотных.

Між тым ужо ўвечары 9 лістапада ЗСУ змаглі вызваліць асобныя населеныя пункты на першай лініі абароны РФ на правабярэжжы, сярод якіх самым знакавым стала вяртанне былога райцэнтру на ўсходзе Мікалаеўшчыны гораду Снігуроўка.

Галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі Украіны Валерый Залужны паведаміў, што за содні ўкраінскія вайскоўцы ўзялі пад свой кантроль 12 населеных пунктаў. Пры гэтым усяго на правабярэжжы з 1 кастрычніка ЗСУ прасунуліся ўглыб пазіцыяў праціўніка на 36,5 км, вызваліўся каля 1381 кв. км.

Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «Иди и смотри» мяркуе, што цягам некалькіх дзён украінцы цалкам вызваляць тэрыторыю Мікалаеўскай вобласці. Выведка Вялікай Брытаніі робіць больш далёкія высновы: паводле каралеўскіх спецслужбаў, адступленне расейцаў з правага берагу Дняпра ставіць крыж на іхных планах па захопе Адэсы і выхадзе да мяжы з так званым Прыднястроўем.

Таксама на фоне расейскіх уцёкаў з правабярэжжа ў сеціве пачала з’яўляцца інфармацыя пра падрыхтоўку Расеяй лініі абароны перад уваходам на паўвостраў. Аднак Гіркін указвае, што абарончыя збудаванні не новыя, а ўзводзіліся яшчэ самой Украінай з 2015 па 2019 гады.

Агулам за мінулыя содні Збройныя сілы Украіны знішчылі каля 740 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 78 690 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў