Байдэн: Прыняцце Украіны ў NATO стане магчымым толькі пасля сканчэння вайны


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн лічыць, што Украіна яшчэ не гатовая да ўступлення ў NATO. Паўночнаатлантычны альянс будзе гатовы разгледзець пытанне аб прыняцці Кіева пасля завяршэння вайны. Пра гэта Байдэн заявіў напярэдадні тыднёвай паездкі па Еўропе, у тым ліку на саміт NATO ў Літве, піша CNN.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. 20 студзеня 2021 года.
Фота: whitehouse.gov

Пры гэтым, хоць Украіна пакуль не будзе ў NATO, ЗША і іх саюзнікі з NATO працягнуць дапамагаць зброяй, неабходнай для заканчэння вайны з Расеяй. Тэма вайны, а таксама патрабаванне Уладзіміра Зяленскага аб чалецтве Украіны ў NATO стануць аднымі з ключавых пытанняў на саміце NATO, які пройдзе ў Вільні 11–12 ліпеня.

«Я не думаю, што ў NATO ёсць згода наконт таго, ці варта прымаць Украіну ў сям’ю NATO цяпер, у гэты момант, у разгар вайны, – сказаў Байдэн. – Напрыклад, калі б вы гэта зрабілі, то ведаеце, – і я маю на ўвазе тое, што кажу: мы поўныя рашучасці ўзяць на сябе абавязальніцтвы наконт кожнай цалі тэрыторыі, якая ёсць тэрыторыяй NATO. Гэтае абавязальніцтва, якое мы ўсе ўзялі на сябе, нягледзячы ні на што. Калі ідзе вайна, значыць, мы ўсе ў стане вайны».

Байдэн зазначыў, што паабяцаў Уладзіміру Зяленскаму гарантаванне бяспекі і ўзбраення Украіны паводле прыкладу Ізраілю.

«Я думаю, што мы павінны пракласці рацыянальны шлях для Украіны, каб яна магла прэтэндаваць на ўступленне ў NATO», – сказаў прэзідэнт ЗША.

Каментар
Саміт NATO ў Вільні: ці возьмуць Украіну ў альянс і ці згадаюць пра Беларусь?
2023.07.04 18:55

Байдэн зазначыў, што яшчэ перад пачаткам поўнамаштабнай вайны адмовіўся ад патрабаванняў Уладзіміра Пуціна ўзяць на сябе абавязальніцтвы не прымаць Украіну ў NATO, бо Паўночнаатлантычны альянс праводзіць палітыку адкрытых дзвярэй.

«Але я думаю, што заўчасна казаць, заклікаць да галасавання цяпер, бо ёсць іншыя патрабаванні, якія павінны быць выкананыя, разам з дэмакратызацыяй, і некаторыя з гэтых пытанняў», – зазначыў прэзідэнт ЗША.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў