Грузінскі парламент адклікаў законапраект, праз які ў краіне пачаліся пратэсты


Рады «Грузінскай мары», «Сілы народу» і парламенцкай большасці выступілі з супольнай заявай, у якой паведамілі, што адклікаюць спрэчны законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву».

Пратэст у Тбілісі, Грузія. 8 сакавіка 2023 года.
Фота: publika.ge

Рады «Грузінскай мары», «Сілы народу» і дэпутаты парламенцкай большасці пастанавілі адклікаць законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву».

«Мы бачым, што прыняты законапраект выклікаў нязгоду ў грамадстве. Машына хлусні змагла выставіць праект у негатыўным святле і ўвесці ў зман пэўную частку грамадскасці. На законапраект быў навешаны фальшывы ярлык «расейскага права», а яго прыняцце ў першым чытанні ў вачах часткі грамадскасці падавалася як адыход ад еўрапейскага курсу», – гаворыцца ў заяве партыяў.

Палітыкі абяцаюць пазней растлумачыць сутнасць гэтага закону.

7 сакавіка парламент Грузіі прыняў у першым чытанні законапраект аб замежных агентах, што выклікала хвалю пратэстаў у Тбілісі. Некалькі тысяч пратэстоўцаў сабраліся на галоўным праспекце Тбілісі каля будынку парламенту. Для разгону мітынгоўцаў былі выкарыстаныя слезацечны газ, вадамёт ды сотні сілавікоў.

Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі паведаміла пра пачатак расследавання ў крымінальнай справе на падставе фактаў гвалтоўных інцыдэнтаў, што меліся на акцыі пратэсту 7 сакавіка ў Тбілісі каля будынку парламенту. 66 асобаў былі затрыманыя паводле адміністратыўных артыкулаў.

Як заяўляюць грузінскія ўлады, каля 50 працаўнікоў МУС атрымалі раненні, некалькім з іх спатрэбілася хірургічнае ўмяшанне. Таксама пацярпелі і цывільныя асобы.

Абноўлена
У Грузіі другі дзень праходзяць масавыя пратэсты супраць Закону аб замежных агентах
2023.03.08 20:47

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў