Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў у інтэрв’ю выданню LB.ua выказаўся наконт пагрозы адкрытага ўступлення Беларусі ў вайну.
«Краіна Беларусь акупаваная Расейскай Федэрацыяй. Ураду ў Беларусі амаль не існуе, гэта даказаны факт.
Калі на вашай тэрыторыі дзейнічаюць тэрарысты, якія пасылаюць ракеты з вашай тэрыторыі, пасылаюць самалёты бамбаваць мірнае насельніцтва, то вы павінны заняць нейкую пазіцыю. Калі вашай пазіцыі няма, то вы павінны прызнаць, што вы акупаваныя Расейскай Федэрацыяй. Сёння Беларусь цалкам знаходзіцца пад уплывам расейскіх вайскоўцаў», – падкрэсліў ён.
Данілаў заявіў, што ўкраінскі бок адсочвае сітуацыю ў плане пагрозы новага ўварвання з тэрыторыі Беларусі.
«Я магу сказаць, што мы робім пэўныя захады, у нас была праверка абласцей на даручэнне прэзідэнта нашай краіны, якія з’яўляюцца памежнымі з Беларуссю, наколькі мы гатовыя будзем сустрэць (беларускія войскі. – LB.ua ), калі будзе адкрыты наступ з боку Беларусі. Пакуль наша выведка лічыць, што гэтага не адбудзецца. Але жыццё пакажа – будзем з вамі глядзець», – дадаў ён.
Данілаў таксама распавёў, што на сённяшні дзень Расейская Федэрацыя вярбуе грамадзянаў Беларусі для ўдзелу ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. «Але тых, каго вярбуюць, адпраўляюць праз сваю тэрыторыю, таму што іх няшмат», – распавёў сакратар РНБА.
Адказваючы на пытанне журналістаў, чаму ў Беларусі нібыта «няма ніякага супраціву» акупацыі, Данілаў адзначыў, што яму цяжка сказаць, «чаму ў беларускім грамадстве няма жадання выбіраць свабоду».
«Магу сказаць, што мы адназначна іншыя. Усе папярэднія спробы адабраць у нас свабоду, нашу незалежнасць, нашу волю да незалежнасці заўсёды заканчваліся паразай. Чаму так адбываецца ў Беларусі, мне цяжка сказаць, я не беларус і ніколі ў Беларусі не жыў, як некаторыя сучасныя дзеячы. Тое ж самае можна сказаць і пра Малдову. Пра грузінаў, якія на сённяшні дзень страцілі свае тэрыторыі. Калі б яны разам з намі змагаліся за сваё права на цэласнасць краіны, можа, нам было б крыху лягчэй, таму што расейцы ўсюды ў гэтых працэсах бралі ўдзел», – рэзюмаваў ён.
Глеб Нержын belsat.eu