Зборная Беларусі па футболе ўпершыню за тры гады згуляла ў Менску і ганебна саступіла


На менскім «Дынама» сабралі больш за 20 тысяч чалавек, але зборная Беларусі не знайшла падтрымання, якое мусіць мець каманда, што так даўно не гуляла на радзіме. У выніку матч з Расеяй скончыўся разгромнаю паразаю 0:4. У беларускай зборнай увогуле не было шанцаў на іншы вынік.

Моманты таварыскай гульні нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе са зборнай Расеі, Менск, стадыён «Дынама», 7 чэрвеня 2024 года.
Фота: Беларуская федэрацыя футболу/ФБ

Нацыянальная футбольная зборная Беларусі амаль праз тры гады зноў гуляе на радзіме. Пасля пачатку вайны ва Украіне Расею цалкам ізалявалі ад міжнародных спаборніцтваў. Беларусі больш пашанцавала: яе пакінулі на міжнароднай арэне, але афіцыйныя хатнія двубоі зборныя і клубы вымушаныя былі праводзіць на нейтральным полі. Гульня супраць Расеі – першая на беларускім полі з восені 2021 года, калі з лікам 1:0 Беларусь перагуляла ў таварыскім матчы каманду Іярданіі.

Нягледзячы на тое, што з расейцамі цяперашнія ўлады Беларусі сябруюць, усе гэтыя тры гады Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футболу» (АБФФ) пазбягала сустрэчаў са зборнаю Расеі, бо так можна было трапіць пад санкцыі: дружба дружбай, але немалыя грошы, якія паступаюць з УЕФА, губляць не хацелася.

Выйсце было знойдзенае. Расея і Беларусь звярнуліся ў ФІФА з супольным лістом з просьбаю дазволіць таварыскі паядынак зборных Беларусі і Расеі ў Менску і атрымалі адказ: дазваляем.

Ну калі так, то прапаганда ўключылася ў рыхтаванне да гульні на поўных абаротах. Не абышлося без двух Аляксандраў, Саладухі і Глеба, якія цяпер ёсць адкрытымі тварамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Першы зняўся ў роліку, у якім заклікаў ісці на футбол, а былая зорка зборнай Беларусі Аляксандр Глеб нават увайшоў у трэнерскі штаб зборнай Беларусі. Яе галоўны трэнер Карлас Алёс заявіў, што Глеб зможа падзяліцца досведам і гэта будзе карысна маладым гульцам.

Праўладныя медыі моцна піярылі гэты двубой. Расейскую каманду ў аэрапорце нават сустракалі хлебам-соллю, а перад матчам і пасля яго было адразу некалькі канцэртаў.

Hавiны
У Беларусі не пакажуць чэмпіянату Еўропы па футболе
2024.05.28 09:15

«Таварыская гульня Расеі і Беларусі? Гэта галоўны матч года. У нас да яго такое стаўленне», – падкрэсліў пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой.

Не скупіліся на хвалебныя оды ў сваіх выказваннях да матчу і былыя трэнеры зборнай Беларусі Эдуард Малафееў і Анатоль Байдачны, якія цалкам трымаюцца расейскага парадку дня.

«Трэба боскі футбол зрабіць. А боскі футбол – гэта сумленны і чысты футбол. Шчыльна можна гуляць, а жорстка – нельга. Тады і трыбуны будуць захапляцца: як выдатна!» – сказаў Эдуард Малафееў.

«Матч неўзабаве для зборнай Беларусі – свята. Будуць гуляць у сябе ўдома. Дай Бог, каб быў добры двубой!» – зазначыў былы галоўны трэнер зборнай Беларусі Анатоль Байдачны.

Карлас Алёс жа заявіў, што ён цалкам падтрымлівае расейскую каманду:

«Наконт адхілення Расеі і расейскіх клубаў… На мой погляд, гэта дрэнна для футболу, гульцоў, заўзятараў. Лічу, што ў еўрапейскім футболе павінны браць удзел усе наймацнейшыя зборныя і клубы. Для футболу гэта было лепей. Але маё меркаванне нічога не можа змяніць у сітуацыі, якая склалася. Бываюць выпадкі, калі ты пры ўсім жаданні нічога не можаш зрабіць», – заявіў галоўны трэнер зборнай Беларусі падчас прэс-канферэнцыі перад гульнёю.

Іспанец, здаецца, забыў, з якой прычыны расейцы не могуць гуляць у футбол у міжнародных гульнях.

У гэтым годзе Расея на сваім полі з тым жа лікам 4:0 разграміла зборную Сербіі, а ў Менск расейцы прыехалі без двух сваіх зорак: Аляксандра Галавіна і Арсена Захарана.

Беларусь жа ў гэтым сезоне ўвогуле не забівала. Яна саступіла Чарнагорыі 0:2 і згуляла 0:0 з Мальтай. Мінулы год зборная Беларусі скончыла дзвюма перамогамі, а іспанскі трэнер упершыню змог паказацца перад беларускімі трыбунамі, але выйшла ўсё поўным правалам.

Моманты таварыскай гульні нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе са зборнай Расеі, Менск, стадыён «Дынама», 7 чэрвеня 2024 года.
Фота: Беларуская федэрацыя футболу/ФБ 

Карлас Алёс не мог разлічваць на двух найлепшых на сёння беларускіх форвардаў, якія гуляюць у Польшчы, Іллю Шкурына і Яўгена Шыкаўку. Абодва ў 2020 годзе падтрымалі беларускі народ, а Шкурын заявіў, што не будзе выступаць за зборную Беларусі, пакуль у краіне правіць рэжым Лукашэнкі.

Алёс спачатку спрабаваў выклікаць Шкурына ў зборную, але іспанцу патлумачылі, чаму гэтага не варта рабіць. Тады ён паспрабаваў выклікаць у зборную Шыкаўку, але і форвард «Кароны» з Кельцаў знайшоў прычыну, каб не ехаць у зборную Беларусі. У гэтым сезоне Шкурын і Шыкаўка ў чэмпіянаце Польшчы на дваіх забілі 26 галоў (16 – Ілля і 10 – Яўген), гэта амаль столькі ж, колькі ўся зборная Беларусі за тры апошнія гады – 27.

Што здзівіла, падчас гульні ў Менску было няшмат чырвона-зялёных сцягоў, а трыбуны не вельмі ахвотна перажывалі за каманду Алёса, хутчэй людзі прыйшлі на канцэрт, які быў пасля гульні. Тады як расейскіх сцягоў было вельмі шмат: з надпісамі Смаленск, Растоў і нават імперскі сцяг са словамі «Мы расейцы, з намі бог». А ў рэкламным радку на фоне дзяржаўных сцягоў Расеі і Беларусі ішоў надпіс: «Мацнейшыя разам».

Беларуская зборная цалкам праваліся. Па сутнасці, на полі гуляла толькі адна каманда.

Расейцы 17 разоў ударылі па браме Паўла Паўлючэнкі супраць пяці беларускіх па браме суперніка, нашыя ўсходнія суседзі ўдвая больш трымалі мяч і зрабілі амаль у два разы больш перадачаў.

Беларусы атакавалі слаба, за ўсю гульню было толькі два шанцы забіць, але гульцы нашай зборнай іх не выкарысталі. Правальна згуляла звязка цэнтральных абаронцаў Захара Волкава і Сяргея Паліцевіча. Першы выступае за «Хімкі» – расейскі клуб, што адкрыта падтрымлівае вайну; другі падтрымаў у 2020 годзе беларускі народ, а калі яму прапанавалі добры кантракт з менскім «Дынама», у паветры пераабуўся і зняўся ў прапагандысцкім роліку.

Стартавы склад нацыянальнай зборнай па футболе на таварыскую гульню з Расеяй.
Фота: Беларуская федэрацыя футболу/ФБ

Расейцы забілі першы гол ужо на 8-й хвіліне, калі груба памыліўся беларускі брамнік, які, дарэчы, выступае ва Узбекістане, а аўтарам голу быў Іван Аблякоў. Потым беларусы прапусцілі контратаку, і другі мяч забіў Канстанцін Цюкавін.

Фёдар Чалаў, які выйшаў на замену, забіў двойчы і канчаткова дабіў беларусаў – 0:4.

У канцы гульні адзначыліся лукашэнкаўскія сілавікі: людзі ў чорнай форме з надпісам жоўтымі літарамі АМАП кінуліся да трыбуны з расейцамі і вывелі адтуль некалькі чалавек. У гэтым плане ў Беларусі ўсё стабільна.

Беларускі спартовы журналіст, імя якога мы не называем дзеля бяспекі, пракаментаваў «Белсату» працу трэнера:

«Мне здаецца, што гэта чарговы аферыст, але ён цалкам задавальняе федэрацыю футболу і Міністэрства спорту Беларусі, бо цалкам падкантрольны. Калі ў мінулым годзе былі надзеі, што замежны спецыяліст нешта зробіць, то цяпер карты раскрытыя. Мы бачым, як зборная Беларусі вярнулася ў стан, які быў у яе пры папярэдніку Алёса: каманда нічога не хоча і нічога не можа. А як можа быць іначай, калі ў зборнай няма шырокага падтрымання сярод беларускага народу?» – пытае наш суразмоўца.

Цяпер невядома, калі беларуская зборная згуляе на тэрыторыі нашай краіны, а наступны хатні таварыскі матч адбудзецца ўжо 11 чэрвеня, калі Беларусь у Вугоршчыне згуляе з Ізраілем.

Аб’ектыў
Таварыскі двубой Саюзнай дзяржавы на стадыёне «Дынама»: Беларусь прымае Расею
2024.06.07 20:32

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў