Беларусы бягуць, каб падтрымаць Сашу Арзамасаву


Акцыю збору сродкаў на лекаванне 14-гадовай Аляксандры Арзамасавай падтрымалі беларускія чэмпіёнкі Алімпіядаў і яшчэ дзясяткі асобаў, а бацька дзяўчыны ўжо тыдзень бегае марафоны, каб сабраць грошы на лекаванне дачкі.

Сям’я Арзамасавых, пасярэдзіне – Аляксандра Арзамасава.
Фота: arzamasova.run / Instagram

Саша Арзамасава нарадзілася ў лёгкаатлетычнай сямʼі. Маці Марына – чэмпіёнка свету ў бегу на 800 метраў, а бацька Ілья – ультрамарафонец. Да 14 гадоў дзяўчынка не адчувала сурʼёзных праблемаў са здароўем, але ў лютым гэтага года хвароба прыйшла ў дом Арзамасавых.

Даведка

Марына Арзамасава ў 2015 годзе сталася чэмпіёнкаю свету на дыстанцыі 800 метраў, выступіла на дзвюх Алімпіядах і скончыла карʼеру, стала трэнаваць. Узімку 2024 года Арзамасава была вымушаная кінуць трэнаваць, каб быць з хвораю дачкою.

Спачатку думалі, што нічога сурʼёзнага. Сімптомы паказвалі звычайны ротавірус. Саша некалькі дзён адляжалася ўдома і з панядзелка пайшла ў школу. Але дзяўчынцы стала горш, бацькі павезлі Сашу ў шпіталь на падрабязны агляд.

«Папярэдне а 21:00 Саша пад рукі са мною зайшла ў палату на сваіх нагах, а 6-ай раніцы наступнага дня ўжо не здолела ўстаць. А пазней перастала працаваць і другая рука, цела было практычна цалкам нерухомае. У Сашы рухаліся толькі плечы, шыя і галава. Усё гэта адбылося вельмі хутка. Зразумець такое было немагчыма, усвядоміць і прыняць – тым больш», – пісала Марына Арзамасава ў сацыяльных сетках.

Хутка паставілі дыягназ – сіндром Гіена – Барэ. Гэта аўтаімунная хвароба, што паражае перыферычную нервовую сістэму. Адна з прычынаў узнікнення – кішачная бактэрыя, якая ўбудоўваецца і маскуецца пад нервовую абалонку. Хвароба выяўляецца цяглічнаю слабасцю, паколваннем у нагах, болямі ў хрыбетніку, збоем сэрцавага рытму.

У бальшыні выпадкаў у пацыентаў з такім дыягназам наступае паляпшэнне праз некалькі месяцаў. Але гэта калі казаць пра дарослых. У дзяцей усё нашмат складаней, і сімптомы могуць захоўвацца каля трох гадоў, тым больш у Сашы нетыповы выпадак.

Аляксандра Арзамасава.
Фота: arzamasova.run / Instagram

«Ува ўсіх крыніцах пішуць, што з часам хвароба цалкам адсутнічае, усе рухі аднаўляюцца. Але артыкулы ў інтэрнэце і рэальнасць – розныя рэчы. Наш неўролаг сказаў, што ў Сашы адзін са складанейшых выпадкаў у Беларусі. Звычайна сімптомы хваробы нарастаюць на працягу некалькіх тыдняў, а то і месяца, але ў Сашы чамусьці ўсё здарылася за занадта кароткі перыяд, меней як 48 гадзінаў. Праз гэта адбылася большая ступень пашкоджання нервовых валокнаў і ствалоў», – пісала чэмпіёнка свету па лёгкай атлетыцы.

Цяпер Марына разам з дачкою – у расейскім рэабілітацыйным цэнтры «Тры сястры».

«Цяпер вялікая станоўчая дынаміка. Але каб Сашы вярнуцца да паўнавартаснаму жыцця і стацца цалкам здароваю, дзяўчыне патрэбныя штодзённыя комплексныя заняткі ў рэабілітацыйным цэнтры, каб абнавіць нервовыя імпульсы ўсяго цела. А гэты працэс вельмі доўгі», – напісала ў сваіх сацыяльных сетках Марына Арзамасава.

Кожны месяц на патрэбы сямʼі неабходна 10 тысяч долараў. Каб сабраць гэтыя грошы, бацька Сашы Ілля Арзамасаў заявіў, што з 1 чэрвеня будзе кожны дзень прабягаць класічны марафон (42,2 км). Мэта чэлэнджу – сабраць сродкі на далейшую рэабілітацыю і паказаць, што ўсё магчыма, калі ёсць падтрыманне і вера ў поспех. І пакуль Ілля не спыняецца, кожны дзень ён прабягае гэтую дыстанцыю, толькі мяняючы маршрут: Менскае мора, лес на Каліноўскага, Цнянскае вадасховішча і вадасховішча Дразды. Так зʼявілася пазнака #БежимВпомощьСаше. Ілля плануе прабегчы мінімум дзесяць марафонаў. Гэтыя акцыю падтрымалі іншыя беларускія спартоўцы і спартовыя журналісты. У прыватнасці ў забегах бралі ўдзел алімпійскія чэмпіёнкі Дарʼя Домрачава і Юлія Несцярэнка. Удалося сабраць вялікую суму грошай. Бацькі Сашы не ведаюць, колькі іх яшчэ спатрэбіцца, але ўдзячныя кожнаму за дапамогу.

АС belsat.eu

Стужка навінаў