6 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі Закон аб канфіскацыі маёмасці. Дакумент прынялі 3 студзеня, ён набывае моц праз 10 дзён пасля публікацыі.
Паводле дакументу, канфіскацыі падлягаюць грошы, акцыі, аблігацыі, каштоўныя паперы, нерухомасць, транспартныя сродкі ды іншыя аб’екты права ўласнасці.
Сканфіскаваць іх могуць у любых фізічных або юрыдычных асобаў, незалежна ад таго, дзе зарэгістраваныя, калі яны здзейснілі недружалюбныя дзеянні ў дачыненні Беларусі або паўплывалі на замежныя дзяржавы ў здзяйсненні такіх дзеянняў. Што маецца на ўвазе пад недружалюбнымі дзеяннямі, не ўдакладняюць.
Рашэнне пра канфіскацыю будзе прымаць Савет Міністраў, а канфіскаваная маёмасць пераходзіць ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка таксама ўхваліў змены ў Закон аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь. Па новаўвядзеннях пазбаўленне грамадзянства пагражае асобам, якія жывуць за мяжой, але маюць прысуд за «экстрэмісцкую» дзейнасць, або калі нанеслі шкоду інтарэсам Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu