Украіна заступілася за Саакашвілі. Што адбываецца з экс-прэзідэнтам Грузіі?


Схуднелы і моцна знясілены экс-прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі нават у вязніцы не адмаўляецца ад планаў удзелу ў палітычным жыцці сваёй краіны. Узрушаны станам ягонага здароўя прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пайшоў на абвастрэнне дыпламатычных стасункаў з афіцыйным Тбілісі. «Белсат» разбіраўся, што адбываецца.

Дрэнны стан Міхэіла Саакашвілі быў бачны праз відэасувязь. Скрыншот з відэа: V_Zelenskiy_official / Telegram

Украіна абвастрае дыпламатычныя адносіны з Грузіяй праз Сааакашвілі

4 ліпеня МЗС Украіны рэкамендавала амбасадару Грузіі Гіёргію Закарашвілі вярнуцца ў Тбілісі для кансультацыяў і пошуку шляхоў залагоджвання сітуацыі, што склалася з Міхэілам Саакашвілі. Прычына – кепскі стан здароўя вязня, які падчас паседжання Тбіліскага гарадскога суда 3 ліпеня ў справе пра разгон мітынгу ў 2007 годзе быў на відэа вельмі схуднелым і фізічна знясіленым. Украінскі бок заявіў грузінскаму амбасадару, што такое стаўленне да Саакашвілі непрымальнае і ўлады Грузіі мусяць спыніць здзек з грамадзяніна Украіны.

«У мэтах выканання даручэння прэзідэнта Украіны 4 ліпеня ў МЗС Украіны быў выкліканы амбасадар Грузіі ва Украіне Гіёргі Закарашвілі, якому быў выказаны рашучы пратэст у сувязі з істотным пагаршэннем стану зняволенага ў Грузіі грамадзяніна Украіны Міхэіла Саакашвілі», – гаворыцца ў паведамленні прэсавай службы МЗС Украіны.

Паведамляецца, што ўкраінскі бок гатовы «неадкладна абмеркаваць пытанне транспартавання Міхэіла Саакашвілі ва Украіну для лячэння і догляду».

Выкліку грузінскага амбасадара ва ўкраінскае МЗС папярэднічала заява прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

«Проста цяпер Расея рукамі грузінскіх уладаў забівае грамадзяніна Украіны Міхэіла Саакашвілі. Мы неаднаразова заклікалі афіцыйны Тбілісі спыніць гэты здзек і дамовіцца наконт вяртання Саакашвілі ва Украіну. Нашыя партнёры ў каардынацыі з Украінай таксама прапаноўвалі розныя опцыі выратавання», – заявіў Зяленскі.

Акрамя даручэння МЗС адрэагаваць на сітуацыю з Саакашвілі, Зяленскі заклікаў партнёраў Украіны ва ўсім свеце адрэагаваць на сітуацыю і «ўратаваць гэтага чалавека. Ніводная ўлада ў Еўропе не мае права караць смерцю людзей, жыццё – гэта базавая еўрапейская каштоўнасць». Украінскі лідар кажа, што адзіны шлях для захавання жыцця Міхэіла Саакашвілі – гэта пастанова Еўрапейскага суда правоў чалавека.

У сваю чаргу старшыня кіроўнай партыі «Грузінская мара» Іраклі Кабахідзэ адхіліў патрабаванне прэзідэнта Украіны накіраваць былога прэзідэнта Саакашвілі на лячэнне ў сталіцу Украіны. Пра гэта паведамляе  «Interfax».

Кабахідзэ заявіў на брыфінгу, што «такая пазіцыя для нас абразлівая» і дадаў, што афіцыйны Тбілісі хоча «заставацца з украінскім кіраўніцтвам прынамсі ў рэжыме аднабаковага сяброўства».

У чым вінавацяць Саакашвілі

Міхэіла Саакашвілі трымаюць у грузінскай клініцы «Вівамед», адкуль ён праз відэасувязь удзельнічаў у судовым працэсе супраць яго ў справе пра разгон мірнага мітынгу апазіцыі 7 лістапада 2007 года і пагром у той жа дзень у тэлекампаніі «Імэдзі». 3 ліпеня ён заявіў суду, што лічыць сябе невінаватым у гэтай і іншых заведзеных супраць яго крымінальных справах. І пацвердзіў свае палітычныя амбіцыі.

«Чаму ў зняволенні трымаюць зусім невінаватага чалавека? Я не ўчыняў злачынстваў, у якіх мяне абвінавачваюць. […] Я маю намер актыўна ўдзельнічаць у палітычных працэсах у Грузіі. Мы абавязкова зменім дзейныя ўлады і не дапусцім грамадзянскага супрацьстаяння», — цытуе Саакашвілі партал «Ambebi» .

У гады прэзідэнцтва Пятра Парашэнкі Саакашвілі пэўны час узначальваў Адэскую абласную дзяржаўную адміністрацыю, але быў звольнены і высланы з краіны. У траўні 2020 года прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прызначыў Саакашвілі кіраўніком Выканаўчага камітэту рэформаў, што ўваходзіць у склад Нацыянальнай рады рэформаў пры прэзідэнце.

Саакашвілі таемна прыбыў у Грузію 29 верасня 2021 года, нягледзячы на тое, што яго абяцалі затрымаць у сувязі з крымінальным пераследам. На радзіме экс-прэзідэнта абвінавачваюць на падставе некалькіх крымінальных справаў. Паводле дзвюх з іх яшчэ да вяртання ў Грузію ён быў завочна асуджаны на 6 гадоў зняволення.

Што ў Міхэіла Саакашвілі са здароўем?

1 кастрычніка 2021 года палітык быў затрыманы ў Тбілісі, пасля чаго змешчаны ў турму ў Руставі, дзе абвясціў галадоўку. 8 лістапада 2021 года яго перавялі з турмы ў Руставі ў турэмны шпіталь у Тбілісі. 20 лістапада  2021 года Саакашвілі перавялі ў вайсковы шпіталь у горадзе Горы.

12 сакавіка 2022 года стала вядома, што былы прэзідэнт Грузіі застаецца на мяжы смерці ў шпіталі, куды яго перавялі ў цяжкім стане з турмы. Журналісты «Sky News» змаглі перадаць пытанні праз адваката і атрымаць ад палітыка пісьмовы каментар, перад гэтым іх не пусцілі ў шпіталь.

«Спачатку я важыў 120 кілаграмаў, цяпер – 64. Калі я стану менш за 60, лекары прагназуюць паліорганавую нястачу. Я ўвесь час у ложку, мае косткі распадаюцца, і гэта прычыняе пакутлівы боль», – цытуе «Sky News» адказ Міхэіла Саакашвілі на пытанне пра тое, наколькі ён блізкі да смерці.

Hавiны
«Sky News» пра здароўе экс-прэзідэнта Грузіі: Косці распадаюцца, ён на мяжы смерці
2023.03.12 22:44

12 траўня 2022 года палітыка перавялі ў грамадзянскую клініку «Вівамед» у Тбілісі, дзе ён застаецца дагэтуль.

Праблемы са здароўем Міхэіла Саакашвілі пачаліся з лістапада 2021 года пасля працяглага галадавання. Пасля сканчэння галадоўкі здароўе палітыка нібыта пачало паступова аднаўляцца, але затым увосень 2022 года адвакаты заявілі, што іхны падабаронны, імаверна, быў атручаны ў турме.

Як паведамляў раней «Белсат», незалежная экспертыза заявіла пра 20 дыягназаў і выяўленне ў арганізме палітыка падвышаных дозаў барыю, вісмуту і ртуці. Амерыканскі псіхіятр Эрык Гоўлдсміт паведаміў, што цяжкія металы выклікалі ў Саакашвілі дэменцыю, якая хутка прагрэсуе. А хірург Джэймз Коб адзначыў, што Саакашвілі мае патрэбу ў некалькіх аперацыях, інакш страціць здольнасць рухацца. Як заявіла 30 студзеня 2023 года эндакрынолаг Лалі Джавашвілі, арганізм Саакашвілі – за крок ад паліорганавай няздатнасці, захады неабходна рабіць тэрмінова:

«Паліорганавая няздатнасць – неадкладны стан, калі за адмовай аднаго органа ідзе каскад, гэта можа прывесці да смяротнага выніку».

Да ўсяго іншага, у канцы студзеня 2023 года ў Саакашвілі перахварэў на каронавірус.

Дактары, меркаванне якіх у судзе прэзентавала абарона экс-прэзідэнта, заяўляюць, што яго «неабходна перавесці ў клініку адпаведнай кваліфікацыі на Захадзе для ацэнкі іншых спадарожных захворванняў і прызначэння адэкватнага лячэння».

Афіцыйная пазіцыя грузінскіх уладаў – палітык сам сабе шкодзіць і адмаўляецца ад лячэння.

Палітычны фон

Вяртанне Міхэіла Саакашвілі ў Грузію ў 2021 годзе адбылося праз два гады пасля выбараў прэзідэнта (2018) і праз год пасля выбараў парламенту (2020). Наступны 2024 год будзе палітычна вельмі важным для краіны, бо трэба будзе абраць і парламент, і прэзідэнта.

Фармальна палітык не можа сам удзельнічаць у гэтых палітычных кампаніях, бо ў свой час адмовіўся ад грузінскага грамадзянства і прыняў украінскае дзеля пасады кіраўніка Адэскай вобласці. З 2004-га да 2013-га ён двойчы абіраўся на пасаду прэзідэнта Грузіі. Прэзідэнцтва Саакашвілі пачалося так званай Рэвалюцыяй ружаў і змяшчэннем з пасады Эдуарда Шэварднадзэ, а скончылася пасля вайны з Расеяй за Абхазію і Паўднёвую Асецію.

Праз 10 гадоў суграмадзяне падзяляюцца ў сваіх ацэнках перыяду кіравання Саакашвілі грузінскай дзяржавай. Паводле дадзеных даследавання Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту (IRI), праведзенага ў сакавіку 2023 года, пазітыўную думку пра экс-прэзідэнта маюць 36 % удзельнікаў апытання, а негатыўна да яго ставяцца 59 % апытаных. Пры гэтым большасць удзельнікаў апытання падтрымліваюць перавод Саакашвілі на лячэнне за мяжу.

З 2018 года прэзідэнткаю Грузіі ёсць Саламэ Зурабішвілі, французска-грузінская палітычная дзяячка, дыпламатка, міністарка замежных справаў ва ўрадзе Саакашвілі. Афіцыйна яна беспартыйная, але абіралася пры актыўным падтрыманні кіроўнай партыі «Грузінская мара». Адносна магчымасці памілавання Саакашвілі яна неаднаразова казала, што ніколі гэтага не зробіць, а еўрапейская будучыня Грузіі не залежыць ад таго, ці памілуе яна былога кіраўніка дзяржавы.

У сваю чаргу Наталья Мчэдлішвілі, дарадца ў пытаннях замежнай палітыкі партыі «Адзіны нацыянальны рух», ганаровы старшыня якой – Саакашвілі, казала ў інтэрв’ю «Белсату»  на пачатку лютага 2023 года, што еўрапейская перспектыва якраз такі вельмі залежыць ад жыцця і здароўя экс-прэзідэнта.  У 2022 годзе Грузія, на адрозненне ад Украіны і Малдовы, праз шматлікія парушэнні не атрымала статусу кандыдата ў чальцы ЕЗ. І цяпер, у выпадку смерці Міхэіла Саакашвілі ў турме, краіна пазбавіцца еўрапейскай будучыні «на дзесяцігоддзі».

Паводле Мчэдлішвілі, стаўленне да Саакашвілі з боку дзейных уладаў Грузіі звязанае з іх прарасейскай палітычнай арыентацыяй і ёсць помстаю. Пры гэтым эксперты Цэнтру Карнегі адзначаюць, што пазіцыя афіцыйнай Грузіі адносна Расеі – нейтралітэт, адносна Украіны – палітычнае падтрыманне. Аднак вайсковага падтрымання Украіне каўказская дзяржава не аказвае.

Аналітыка
«Вязень Пуціна». Жыццё Саакашвілі пад пагрозай, але яго не адпускаюць на лячэнне. Чаму?
2023.02.03 09:09

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў