Лукашэнка распавёў, што баіцца палка Каліноўскага. А Кабінет Ціханоўскай дапрацаваў план «Перамога»


Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка сабраў нараду адносна вайсковай бяспекі. Сярод удзельнікаў – прэм’ер-міністр, кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі, кіраўніцтва сілавых ведамстваў, камандуючыя войскамі.

Шаўроны з Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам на плячы байца палка Кастуся Каліноўскага. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Лукашэнка заявіў, што ў сувязі з вайною ва Украіне сітуацыя абвостраная, але «пазіцыя Расейскай Федэрацыі нам [рэжыму ў Менску. – Заўвага рэд. Belsat.eu] абсалютна зразумелая», перадае БелТА.

Значную частку свайго выступу Лукашэнка прысвяціў стварэнню ўзброеных фармаванняў беларускага супраціву ягонаму рэжыму:

«Працягваюць выношваць планы пра стварэнне ўласных ваенізаваных фармаванняў, так званага палка імя Каліноўскага. Які б пацешны гэты полк ні быў, але ў яго складзе ёсць радыкальна настроеныя байцы, якія якраз і ставяць перад сабою мэту дэстабілізаваць абстаноўку ў нашай краіне праз найперш дыверсійна-падрыўную дзейнасць».

Таксама і ў Беларусі, хоць «асноўныя завадатары беспарадкаў былі выяўлены, але ў іх застаюцца паслядоўнікі, якія чакаюць зручнай падставы для дзеянняў».

Hавiны
Пераходны кабінет даручыў прадставіць даклад пра гатовасць плану «Перамога»
2022.09.22 22:24

Нарада Лукашэнкі адбываецца на наступны дзень пасля таго, як прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай 3 кастрычніка абмеркавалі сваю стратэгію абароны. У прыватнасці, быў дапрацаваны план «Перамога», выяўленая ступень яго гатовасці да актывацыі, прынятае рашэнне пра пачатак рыхтавання грамадскасці да рэалізацыі плану.

Таксама да працы Кабінету далучыліся некалькі дзейных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў з афіцэрскім званнем.

Дапрацавалі план адкрыцця «цэнтраў рыхтавання ўдзельнікаў захадаў для аднаўлення законнасці і правапарадку ў Рэспубліцы Беларусь (харугваў) пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў Кабінету Аляксандра Азарава і Валерыя Сахашчыка», абмеркавалі план матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

Абмяркоўвалі наладжванне афіцыйных дачыненняў з Украінай і ўзмацненне міжнароднай кааліцыі для падтрымання Беларусі ў пераходны перыяд: міжнароднае прызнанне Кабінету і здабыццё фінансавай дапамогі для Беларусі.

Агляд
Паспалітае рушэнне, план «Перамога», полк Каліноўскага і полк «Пагоня» – чым яны адрозніваюцца?
2022.10.01 16:40

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў