Пасля інцыдэнту ў Мачулішчах Мазырскі НПЗ вырашыў закупіць сістэму назірання за дронамі


Гомельскае выданне «Флагшток» заўважыла, што пасля атакі на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах Мазырскі НПЗ размясціў на сайце дзяржаўных закупак заказ на сістэму назірання за беспілотнікамі.

Мэта набыцця сістэмы – маніторынг палётаў БПЛА, якія «пагражаюць бесперапыннасці тэхналагічных працэсаў» на Мазырскім НПЗ.

Па ўмовах дзяржзакупкі МНПЗ гатовы аддаць 1 730 000 BYN (каля $ 600 000) за сістэму, якая зможа знаходзіць беспілотнікі пры дапамозе аптычных, лазерных, радыёлакацыйных тэхналогіяў. Сістэма таксама павінна ўмець знаходзіць месца размяшчэння пульта БПЛА.

У закупцы не тлумачыцца, што плануецца рабіць з знойдзенымі БПЛА.

Заказ быў размешчаны 3 сакавіка – то бок праз 5 дзён пасля здарэння ў Мачулішчах.

Агляд
«Новы ўзровень» і другі крэйсер «Масква». Што кажуць пра дыверсію ў Мачулішчах
2023.02.28 17:15

Нагадаем, удзень 26 лютага ў сеціве з’явілася інфармацыя пра выбухі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах і пра надзвычайную актыўнасць сілавікоў у гэтым раёне.  Аб’яднанне «ByPol» заявіла, што ў межах плану «Перамога» партызаны атакавалі дронамі расейскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50.

2 сакавіка самалёт зляцеў з Беларусі ў Расею. Як высветлілі журналісты, цяпер А-50 знаходзіцца на рамонце на «Таганрогскім авіяцыйным навукова-тэхнічным комплексе імя Г. М. Берыева».

Каментар
Аплявуха іміджу ці ўдар па ваенпраме? Што значыць бесперашкодная атака на самалёт у Мачулішчах
2023.03.03 16:38

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў