Вяртанне і пакаранне. Як Крэмль будзе помсціць эмігрантам і што зробяць яны самі


Расейскія ўлады шукаюць спосабы паўплываць на тых, хто з’ехаў з РФ пасля нападу на Украіну і пачатку мабілізацыі. Рэлакантаў паспрабуюць вярнуць на радзіму або пакараць рублём. Неабходныя для гэтага папраўкі ў працоўнае і падатковае заканадаўства анансавалі ў парламенце ў канцы снежня 2022 года. Што кажуць пра новыя пагрозы тыя, хто з’ехаў?

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Janis Laizans / Reuters / Forum

«Гэта можа абярнуцца вялікімі выдаткамі для нашых грамадзянаў»

Спачатку дазволіўшы большасці нязгодных з вайной з’ехаць з Расеі, улады заклапаціліся ці то іх вяртаннем, ці то пакараннем. Яшчэ ў лістападзе, усвядоміўшы маштабы новага выцеку мазгоў, Міністэрстват лічбавага развіцця прапанавала распрацаваць праграму вяртання IT-спецыялістаў. Паводле самых грубых падлікаў, да паловы ўсіх новых эмігрантаў (а іх ад аднаго да некалькіх мільёнаў) рэпрэзентуюць менавіта гэтую галіну, якая і раней ледзь спраўлялася з кадравым голадам. З краіны зʼехал да 10 % усіх расейскіх айцішнікаў, падлічылі нядаўна ў ведамстве. Агулам Расею ў 2022 годзе маглі пакінуць да 1,5 % усіх працаздольных грамадзянаў, пісаў «Forbes» са спасылкай на аналітычную справаздачу «Альфа-Банку».

У снежні пра негатыўныя наступствы для тых, хто з’ехаў, першым папярэдзіў чалец Савету Федэрацыі Андрэй Клішас, якога звязваюць з сілавікамі. У інтэрвʼю выданню «Ведомости» Клішас паведаміў, што ўлады могуць распрацаваць захады, якія «зробяць перабыванне за мяжой менш камфортным» для тых, хто «збег, але працягвае працаваць у расейскіх кампаніях дыстанцыйна». Паводле сенатара, закон не перашкаджае вяртанню ў Расею, але няма патрэбы кагосьці ўгаворваць вярнуцца і тым больш прапаноўваць за гэта нейкія прэферэнцыі.

Абмежаванні могуць закрануць мігрантаў, занятых у так званых адчувальных галінах, дзе ўсталяваны доступ да інфармацыі. Да іх у Расеі адносяць не толькі дзяржаўную і муніцыпальную службу, абаронна-прамысловы комплекс, але і банкаўска-фінансавы блок, транспарт, сувязь і нават прадпрыемствы жыллёва-камунальнага сектару. Ва ўсіх гэтых сферах ёсць вялікі масіў персанальных звестак ды іншай інфармацыі, якую ахоўвае закон. Абмежаванні ўвядуць пад падставай абароны гэтых звестак.

Аналітыка
Позвы выпісваюць пачкамі, за вербаваннем сочыць пракурор: у РФ рыхтуюць новую мабілізацыю
2022.12.08 16:23

Адначасова збіраюцца змяніць Падатковы кодэкс. Папраўкі ўдараць па з’ехалых самазанятых (плацяць 4–6 % ад даходаў замест звычайных 13 %) і індывідуальных прадпрымальніках, якія працягваюць надаваць паслугі дыстанцыйна і атрымліваць за гэта грошы ў Расеі, карыстаючыся льготнымі стаўкамі падаткаабкладання. Адмену льготных умоваў прывяжуць да статусу падатковага рэзідэнта, які губляецца, калі робіцца вядома, што грамадзянін больш 183 дні адсутнічае ў краіне. Цяпер аналагічныя абмежаванні дзейнічаюць для звычайных наёмных працаўнікоў.

Стаўка падатку на даходы фізічных асобаў, які ўтрымліваецца з зарплаты падатковага рэзідэнта, складае 13 %, для нерэзідэнтаў – 30 %. Пакуль няма сігналаў аб жаданні ўладаў падняць і яе. Але ўжо вядома, што працадаўцы, зацікаўленыя ва ўтрыманні каштоўных кадраў, вымушаныя пераглядаць умовы працоўных адносінаў з тымі, хто з’ехаў.

«Гэта лепш, чым загінуць за не зразумелыя мне інтарэсы»

Віктар працуе на дзяржаўным прадпрыемстве, якое яшчэ і ўваходзіць у пералік занятых у дзяржабаронзамове. На гэтай падставе ў канцы верасня ўсім ваеннаабавязаным мужчынам на прадпрыемстве выдалі даведку аб наяўнасці броні – і некаторым яна дапамагла, калі ў кастрычніку ў Санкт-Пецярбургу пачаліся мабілізацыйныя аблавы. Віктар даведку з аддзелу кадраў дагэтуль не забраў, і толькі зацікавіўшыся прычынамі, кіраўніцтва даведалася, што ўжо некалькі месяцаў іх працаўнік не жыве ў Расеі.

«Я першапачаткова быў уладкаваны як дыстанцыйны супрацоўнік. Гэта прапісана ў маёй працоўнай дамове. З гэтай жа прычыны і ў перыяд пандэміі для мяне мала што змянілася. Я атрымліваю праз электронную пошту тэхзаданне і высылаю вынік свайму кіраўніку. Заробак мне пералічваюць на расейскую карту, і пакуль мне ўдаецца нават выводзіць грошы на свой замежны рахунак», — кажа Віктар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Evgenia Novozhenina / Reuters / Forum

Паводле яго, калі кіраўніцтва даведалася пра ераезд у іншую краіну, у кабінеце дырэктара прайшла нарада. У выніку было вырашана заплюшчыць на ўсе вочы: прафесійныя якасці новага эмігранта аказаліся вышэйшымі за магчымыя рызыкі працадаўцы. «Сказалі: пакуль працуй, але будзь гатовы, што звольнім, калі сітуацыя стане для нас безвыходнай», – распавёў суразмоўца «Белсату».

Цяпер, са словаў Віктара, усё як раней. З усімі ў калектыве захоўваюцца працоўныя адносіны, канфліктаў на тэму палітыкі імкнуцца пазбягаць. Але мужчына разумее, што яму проста дадзеная магчымасць знайсці больш прыдатны варыянт працаўладкавання, і не губляе часу – у сакавіку заканчваецца працоўная дамова, якую могуць і не падоўжыць. Падатковае рэзідэнцтва Віктара ў Расеі заканчваецца ў канцы студзеня, але з ім гэтае пытанне пакуль ніхто не абмяркоўваў. Магчыма, у бухгалтэрыі гэта проста выпусцілі з відавоку, упершыню сутыкнуўшыся з новай рэальнасцю.

Гісторыі
«Ляцець у пекла – дык бізнес-класам». Чаму расейцы вяртаюцца з эміграцыі
2022.11.22 18:07

Іншы рэлакант ужо звольнены, але толькі афіцыйна. У кампаніі Юрыя адразу вырашылі, што чым менш пытанняў з нагоды дыстанцыйных супрацоўнікаў паўстане ў органаў кантролю, тым лепш. Да таго ж, атрымаецца зэканоміць на адлічэннях з «белай» зарплаты, а яны выраслі б, калі б Юрый страціў статус падатковага рэзідэнта. Малады чалавек, які паспеў з кастрычніка пажыць у Казахстане, вярнуцца на кароткі час у Расею, а затым з’ехаць у Турцыю, таксама страціў у даходах.

«Раней я ездзіў па аб’ектах, сустракаўся з заказчыкамі, пасля гэтага складаў каштарысы і камерцыйныя прапановы. Цяпер я працую толькі па праектах, фота і тэхзаданнях, якія мне дасылаюць. Зменшыўся функцыянал і, адпаведна, заробак», — растлумачыў Юрый.

Паводле яго, працадаўца да ад’езду паставіўся з разуменнем, але гэта было звязана яшчэ і са спецыфікай рынку, на якім працуе кампанія. Яна займаецца рамонтам гандлёвых плошчаў. Праз вайну і санкцыі на гэтым рынку цяпер прасадка, гэта значыць для Юрыя было б менш працы, чым раней, нават калі б ён застаўся ў краіне.

Малады чалавек прызнаецца, што маральна гатовы да таго, што ўрэшце кіраўніцтва фірмы адмовіцца ад супрацоўніцтва з ім.

«Калі мяне паставяць перад фактам, то проста буду шукаць працу ў краіне пражывання. Так, гэта будзе цяжка, але гэта лепш, чым загінуць за чужыя, не зразумелыя мне інтарэсы», — кажа Юрый.

Айцішнік Міхаіл уважліва сочыць за абмежавальнымі ініцыятывамі дэпутатаў. З Расеі ён з’ехаў на пачатку лета, і яго падатковае рэзідэнцтва ўжо скончылася; Міхаіл звольніўся па дамоўленасці з былым працадаўцам. Кампанія, у якой ён працаваў, цяпер стала ягоным кліентам, ён надае пэўны набор паслуг як ІП. Пра тое ж са сваім працадаўцам дамовілася жонка Міхаіла. Перад Новым годам яна таксама збіраецца пакінуць Расею і пераехаць да мужа разам з дзецьмі, якіх перавялі на хатняе навучанне.

Калі ўлады вырашаць, што самазанятыя і індывідуальныя прадпрымальнікі, накшталт Міхаіла і ягоанй жонкі, не павінны карыстацца прэферэнцыямі, усталяванымі ў Расеі для малога і мікрабізнесу, уцекачы ад рэжыму будуць думаць, як быць далей. «Агулам, калі ты ў сферы IT і добра ведаеш англійскую мову, табе робяцца абыякавыя ўсе гэтыя забароны. Вакансіяў у замежных кампаніях вельмі шмат, пры гэтым няма ніякай русафобіі, якой палохаюць расейскія ўлады», – распавядае суразмоўца, даючы зразумець, што гатовы сысці з расейскага рынку і як прадпрымальнік.

Гісторыі
«Вырашыў ратавацца тут». Чаму не ўсе расейцы бягуць з краіны
2022.10.06 18:12

Вольга з’ехала ў кастрычніку, стаўшы сведкаю масавых уцёкаў мужчынаў праз сталічныя аэрапорты. Рашэнне пакінуць Расею дзяўчына прыняла яшчэ ў першы дзень вайны, але на падрыхтоўку адʼезду спатрэбіўся час. Вольга – майстрыха пазногцевага сэрвісу і менавіта гэтым збіраецца зарабляць на жыццё ў Чарнагорыі, дзе ўжо зарэгістравала фірму і на падставе гэтага атрымала від на жыхарства.

У Расеі дзяўчына паўтара года таму аформіла самазанятасць, каб легалізаваць даходы ад здачы кватэры ў Пензе. Цяпер Вольга прадумвае план дзеянняў, калі дзяржава запатрабуе аддаваць не 13 %, а 30 % ад гэтых даходаў. Зрэшты, да гэтага, хутчэй за ўсё, справа не дойдзе. Вольга з тых, хто лічыць, што ад уласнасці ў Расеі час пазбаўляцца:

«Ужо пайшлі размовы, што адным павышэннем падаткаў і забаронай на прафесіі справа не абмяжуецца. Пачнуць паволі адбіраць маёмасць. Таму лепш паспець прадаць. Гэтыя грошы спатрэбяцца і тут».

Ні адзін з апытаных карэспандэнтам «Белсату» экспертаў не ўзяўся прагназаваць ні эфектыўнасці новых рэпрэсіўных захадаў, ні маштабу стратаў расейскай эканомікі ад іх укаранення.

Аляксандр Полазаў / ІР, belsat.eu

Стужка навінаў