Беларускага актывіста і журналіста Валянціна Цішко дэпартавалі з Украіны


Актывіст Валянцін Цішко цяпер знаходзіцца ў Польшчы, куды яго дэпартавалі украінскія службы. Ва Украіне ён двойчы падаваў запыт на атрыманне бежанства – у канцы 2021 года і месяц таму, але да ўчорашняга дня ніякага рашэння не было.

Валянцін Цішко.
Фота: valiancin / Instagram

Валянцін Цішко расказаў, што раніцай 3 траўня яго выклікалі «пагутарыць» у аддзел міграцыйнай службы Украіны і «ўручылі пратакол аб тым, што ён нелегал».

«Паставілі штамп у пашпарт, што ў мяне 5 дзён, каб выехаць у любую іншую краіну. З восьмай да гадзіны дня мяне пратрымалі. У гадзіну дня ў іх усё памянялася, і ні пра якія 5 дзён размова не ішла. Мяне ў суправаджэнні траіх супрацоўнікаў прывезлі дадому, далі 10 хвілін сабраць рэчы першай неабходнасці», – распавёў Цішко выданню «Медиазона».

Актывіст адзначае, што на мяжу яго везлі на цывільным транспарце ў суправаджэнні работніка Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны, супрацоўніка СБУ і яшчэ аднаго чалавека.

Валянцін Цішко паходзіць з Маладзечна. Больш як паўгода таму ён падаўся ва Украіне на статус уцекача, але да ўчорашняга дня ніякага рашэння не было. У Беларусі ён быў актывістам і каардынатарам «Руху за Свабоду» ў Маладзечна.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў