Tinder абмяжуе доступ карыстальнікаў з Расеі да сэрвісу


Кампанія Match Group, уладальніца сэрвісу для знаёмстваў Tinder, збіраецца абмежаваць доступ карыстальнікаў з Расеі да платформы, а 30 чэрвеня завершыць выхад сваіх брэндаў з Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: frenchweb.fr

Пра гэта паведаміла «Агентство. Новости» са спасылкай на гадавую справаздачу, апублікаваную на сайце Match Group.

Свой намер Match Group абгрунтавала «адданасцю да абароны правоў чалавека».

З пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну кампанія Match Group рабіла мала заяваў аб сваёй працы ў Расеі, адзначае агенцтва. Вядома толькі, што яна паведамляла пра негатыўныя тэндынцыі для свайго бізнесу ў Еўропе ў сакавіку 2022 года. Таксама кампанія адзначала, што пасля пачатку вайны карыстальнікі з Расеі не маглі аплачваць пры дапамозе расейскіх картаў платныя паслугі ў Tinder.

Як пісала ў сакавіку 2023 года Financial Times, чарга на выхад з расейскага бізнесу дасягае 2000 кампаніяў, пры гэтым продаж расейскіх прадстаўніцтваў замежных прадпрыемстваў павінны ўзгадняць улады Расеі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў