Старшыня Еўракамісіі паабяцала новыя санкцыі супраць Расеі на гадавіну вайны ва Украіне


Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен паабяцала ўхваліць чарговы, ужо дзясяты, пакет санкцыяў супраць Расеі да 24 лютага – да гадавіны ўварвання Расеі ва Украіну. Пра гэта яна заявіла на прэс-канферэнцыі ў Кіеве пасля перамоваў з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Кіеве. 2 лютага 2023 года.
Фота: Ursula von der Leyen / Twitter

«Цяпер мы робім усё, каб прымусіць Пуціна заплаціць за гэтую зверскую вайну», – заявіла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен на брыфінгу ў Кіеве пасля перамоваў з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

«Перад тым, як Расея пачала гэтую вайну, мы гучна казалі пра тую цану, якую Расея вымушаная будзе заплаціць. І Расея заплаціла. Нашыя санкцыі размываюць расейскую эканоміку. А энергетычны кошт гэтага складае 160 млн еўраў у дзень. Разам з партнёрамі з G7 мы дадамо яшчэ ліміт цэнаў на нафтапрадукты».

Урзуля фон дэр Ляен паабяцала, што націск на Маскву будзе ўзмацняцца: «І да гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання мы будзем мець дзясяты пакет санкцыяў».

Яна распавяла, што ў Бруселі цяпер вызначаюць, як прымусіць Расею заплаціць за разбурэнні, што расейскія войскі ўчынілі ва Украіне, і падкрэсліла, што Крэмль павінен адказваць за злачынствы ў судзе.

Таксама старшыня Еўракамісіі паведаміла, што Украіна атрымае 2400 электрагенератараў у дадатак да 3000, якія ЕЗ перадаў раней, і пахваліла ўкраінскія ўлады за барацьбу з карупцыяй.

«Вашыя антыкарупцыйныя органы эфектыўна працуюць, расследуюць карупцыйныя справы. Я таксама бачу, што палітычная рэакцыя вельмі вострая, што барацьба з карупцыяй дае свой плён», – сказала фон дэр Ляен.

Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Кіеве. 2 лютага 2023 года.
Фота: Уладзімір Зяленскі / Telegram

Тым часам Еўрапейскі парламент сёння ўхваліў рэзалюцыю, якая заклікае Еўразвяз працаваць над пачаткам перамоваў з Украінай аб уступленні ў ЕЗ і падтрымаць дарожную мапу, што вызначае наступныя крокі, каб забяспечыць далучэнне Украіны да адзінага рынку ЕЗ.

Дэпутаты таксама заклікалі краіны Еўразвязу павялічыць і паскорыць ваенную дапамогу Кіеву, у тым ліку зброяй, а таксама істотную палітычную, эканамічную, інфраструктурную, фінансавую і гуманітарную падтрымку.

Сёння старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен прыехала ў Кіеў разам з вярхоўным прадстаўніком Еўракамісіі ў справах замежнай палітыкі і бяспекі Жузэпам Бурэлем. Гэта чацвёрты візіт фон дэр Ляен ва Украіну ад пачатку вайны.

Hавiны
Старшыня Еўракамісіі разам з 15 еўрадэпутатамі прыехала ў Кіеў
2023.02.02 12:32

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў