З 12 траўня аддзел прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці (ЦБС) прыпыняе сваю працу. У арганізацыі спадзяюцца, што гэта часовая захада і адшукаць грошы ўдасца.
Пра гэта паведамілі прадстаўнікі ініцыятывы. Інфалінія больш не функцыянуе, Telegram-канал @CBShelp будзе выдалены, а новыя звароты не прымаюцца. Завершанымі застануцца толькі тыя кансультацыі, на якія людзі ўжо паспелі запісацца.
Прычына прыпынення працы – брак фінансавання. Каманда ЦБС падкрэслівае, што працягвае шукаць магчымасці для аднаўлення паслугі, аднак гэты працэс патрабуе часу.
,,«Шчыра дзякуем за ваш давер і падтрыманне! Асобная падзяка ўсім, чыя дапамога дала нам магчымасць працаваць на працягу апошніх пяці месяцаў: дзякуючы вам мы мелі магчымасць быць побач і дапамагаць», – паведамілі прадстаўнікі ЦБС.
Пры гэтым дзейнасць самога Цэнтру беларускай салідарнасці не спыняецца.
Нагадаем, што напрыканцы сакавіка Цэнтр беларускай салідарнасці апынуўся пад пагрозаю закрыцця праз пазбаўленне грантавага падтрымання і папрасіў дапамогі. У арганізацыі паведамілі «Белсату», што вымушаныя скараціць выдаткі, бо грошай засталося на два месяцы працы.
ЦБС быў заснаваны ў Варшаве ў 2020 годзе, каб надаваць юрыдычную дапамогу беларусам, вымушаным пакінуць радзіму з увагі на рэпрэсіі. Пасля пачатку вайны цэнтр дапамагае і ўкраінцам.
Раман Шавель belsat.eu