Цэнтр беларускай салідарнасці апынуўся пад пагрозаю закрыцця праз пазбаўленне грантавага падтрымання і папрасіў дапамогі. У арганізацыі паведамілі «Белсату», што вымушаныя скараціць выдаткі, бо грошай засталося на два месяцы працы.
ЦБС паўстаў у Варшаве ў 2020 годзе, каб надаваць юрыдычную дапамогу беларусам, вымушаным пакінуць радзіму з увагі на рэпрэсіі. Пасля пачатку вайны цэнтр дапамагае і ўкраінцам.
У 2021 годзе ЦБС адкрыў школу дадатковай адукацыі, цяпер яе наведваюць 200 вучняў, а агулам з таго часу навучанне там прайшлі больш за 1500 дзяцей. Галоўная мэта ўстановы – дапамагчы маленькім эмігрантам адаптавацца ў новай краіне і пры гэтым захаваць нацыянальную ідэнтычнасць.
Адначасова Цэнтр беларускай салідарнасці лабіюе спрашчэнне легалізацыі беларусаў у Польшчы. Напрыклад, дзякуючы высілкам кіраўніцы юрыдычнага дэпартаменту Вольгі Дабравольскай з'явіліся гуманітарныя ВНЖ, а праязныя дакументы беларусам у Польшчы даюць бясплатна.
Пры гэтым Цэнтр беларускай салідарнасці ніколі не браў грошай за свае паслугі. І цяпер, нягледзячы на цяжкае становішча, не плануе адмаўляцца ад гэтага прынцыпу, запэўніў карэспандэнта «Белсату» медыяменеджар ЦБС Раман Усцінаў:
«На цяперашні момант пытанне не абмяркоўваецца. Цэнтр беларускай салідарнасці – гэта прынцыпова бясплатныя паслугі. Што юрыдычныя, што школка , што дадатковыя заняткі – бясплатныя абсалютна ўсе. Мы не бяром за гэта грошай. Больш за тое, нашыя настаўнікі прыходзяць на свае ўрокі і прыносяць свае матэрыялы, некаторыя прыносяць нейкія пачастункі для дзетак».
ЦБС зазнаў праблемы з тае ж прычыны, што і шмат якія некамерцыйныя арганізацыі: скасаванне грантаў. Іншай крыніцы фінансавання ў Цэнтру няма, хаця, напрыклад, улады Варшавы далі магчымасць арандаваць памяшканне ў цэнтры гораду за вельмі невялікую плату:
,,«Як і любая недзяржаўная арганізацыя, мы атрымоўвалі беспасярэдняе фінансаванне праз гранты. Гэта амерыканскія гранты, і мы апынуліся, як і бальшыня НДА, у сітуацыі, калі ўзніклі вельмі сур'ёзныя праблемы з фінансаваннем, і таму трэба неяк выправіць сітуацыю дзякуючы салідарнасці. То бок спачатку мы дапамагалі, а цяпер дапамога патрэбная нам».
Цэнтр распачаў збор ахвяраванняў. 20 тысячаў еўраў, што плануюць сабраць, хопіць на некалькі месяцаў працы.
«Цяпер галоўная задача – выплаціць заробкі нашым юрыстам і нашым настаўнікам, каб людзі не разбегліся. Натуральна, што мы цяпер шукаем дадатковую дапамогу. Мы размаўляем з донарамі. Мы напісалі шэраг файлаў, маем папярэднія дамоўленасці, але нам патрэбныя грошы, менавіта каб вытрымаць гэтыя пературбацыі ў крызісны час. Мы шукаем розныя шляхі дапамогі. Натуральна, што перадусім гэта будзе донарская дапамога, але каб да яе дажыць, нам патрэбная тут і цяпер дапамога беларусаў», – кажа Усцінаў.

Грошай, што цяпер ёсць, хопіць на два месяцы. Даводзіцца ашчаджаць. Надоечы прыпыніў працу тэлефон інфалініі, па кансультацыю пакуль можна звярнуцца толькі праз кантакт у Telegram @CBShelp.
,,«Сітуацыя такая, што даводзіцца размаўляць з людзьмі, каб бралі адпачынкі за свой кошт. Нехта скароціць колькасць заняткаў. Інфалінія ўжо "прагібаецца", дзесьці менш кансультацыяў. Такія не самыя папулярныя захады, але даводзіцца прымаць».
Беларусы, якія працуюць у Польшчы, маюць магчымасць дапамагчы цэнтру, пералічыўшы 1,5 % свайго падатку. «Белсат» падрабязна тлумачыў, як гэта можна зрабіць. Для таго, каб грошы дайшлі да ЦБС, трэба пазначыць нумар KRS 0000883672 і атрымальніка: fundacja «Centrum Białoruskiej Solidarności».
Сцяпан Кубік belsat.eu