7 верасня Цэнтру беларускай салідарнасці ў Варшаве спаўняецца 4 гады. Пачаўшы сваю працу ў 2020-м невялікая спачатку ініцыятыва ператварылася ў магутны інструмент вырашэння пытанняў беларусаў у эміграцыі і дапамагла ўжо дзясяткам тысяч нашых суайчыннікаў. «Белсат» паразмаўляў з супрацоўнікамі ЦБС у чарговую гадавіну.
Усе дарогі вядуць у ЦБС…
З беларусаў, якія прыехалі ў Варшаву, напэўна, ёсць мала такіх, хто так ці іначай не сутыкаўся з Цэнтрам беларускай салідарнасці. Асабліва калі гаворка вядзецца пра тых, хто ўцякаў ад палітычных рэпрэсій са сваёй краіны – часта без рэчаў і сродкаў на існаванне.
Гэтак жа і мы з сям’ёй, выехаўшы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны з Украіны і апынуўшыся ў Польшчы, задаліся пытаннямі: а што далей? Бо на руках ані візаў, ані дазволаў на жыхарства, а ў галовах – ніякага разумення, з чаго пачынаць і як уладкоўваць сваё жыццё ў чарговай краіне.
Любая інфармацыя была на вагу золата, пагатоў – калі ў кішэнях таго «золата» не было зусім, каб заплаціць за юрыдычныя кансультацыі па пытаннях легалізацыі. Тады, прагна ловячы любыя звесткі, наша сям’я і даведалася, што ёсць такі Цэнтр беларускай салідарнасці. Ад супрацоўнікаў ЦБС сыходзіла найбольш правераная інфармацыя пра тое, як крок за крокам дзейнічаць, каб наладзіць сваё жыццё за мяжой. А пазней паступова нашы кантакты з ЦБС толькі пашыраліся: пачынаючы ад індывідуальнай юрыдычнай кансультацыі і заканчваючы заняткамі для дзяцей у бясплатных гуртках. У нечым падобны шлях праходзілі ўжо тысячы беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу пасля 2020 года.
Паводле словаў кіраўніцы дэпартамента прававой дапамогі Вольгі Дабравольскай, за чатыры гады Цэнтр беларускай салідарнасці правёў больш за 60 тысячаў юрыдычных кансультацыяў. У мінулым годзе гэтая лічба была роўная 34 тысячам, то бок цягам года юрыстамі ЦБС праводзіцца больш за 15 тысячаў кансультацыяў.
У гэтую колькасць уваходзяць прадстаўленне справаў беларускіх грамадзянаў перад польскімі адміністрацыйнымі органамі і судамі, падрыхтоўка працэсуальных дакументаў, запаўненне заяваў і інш. Акрамя таго, спецыялісты ЦБС праводзяць трэнінгі і ствараюць падручнікі, даюць мноства парадаў у сацыяльных сетках, спрабуючы ахапіць як мага большае кола пытанняў, якія ўзнікаюць у беларусаў у Польшчы.
І ўсё гэта з улікам таго, што каманда ЦБС зусім невялікая: юрыдычныя кансультацыі аказваюць усяго шэсць чалавек (нядаўна да каманды далучылася яшчэ адна юрыстка). Але, як правіла, яны працуюць па гадзінах. То бок проста прыйсці і патрапіць з вуліцы на прыём да іх амаль што немагчыма, неабходна папярэдне запісацца. Для гэтага ў офісе ёсць інфалінія, на якой супрацоўнікі знаходзяцца ўвесь дзень. Агулам жа ў штаце ЦБС працуе ўсяго 12 чалавек.
Змена характару пытанняў
За чатыры гады, кажа Вольга Дабравольская, характар пытанняў, з якімі прыходзяць людзі ў Цэнтр беларускай салідарнасці, крыху змяніўся. Так, калі ў 2020–2021 гадах беларусы звярталіся ў асноўным па пытаннях візаў, легалізацыі, то зараз ужо ўзнікаюць новыя праблемы – пачынаючы ад нараджэння дзіцяці да пахавання сваякоў, ад сплаты аліментаў да разводных працэсаў і нават крымінальных справаў.
Аднак, адзначае Вольга, цэнтр, на жаль, не мае рэсурсаў, каб дапамагаць у кожнай справе.
«Цэнтр беларускай салідарнасці – гэта перш за ўсё праваабарончая арганізацыя. Мы дапамагаем найчасцей там, дзе ёсць дыспрапорцыя: чалавек – адміністрацыйныя органы ці дзяржава. І стараемся дапамагаць у сферы міграцыйнага і бежанскага права, то бок калі чалавек уразлівы і прыехаў з-за таго, што ён рэпрэсаваны і не можа вярнуцца дадому», – кажа яна.
У той жа час з пачатку верасня, адзначыла Вольга Дабравольская, у ЦБС адкрыўся новы накірунак «Сямейнае права і сацыяльная дапамога». Нядаўна да каманды ЦБС далучылася новая адвакатка па гэтым накірунку, і толькі за першы дзень на інфалінію паступіла больш за 50 зваротаў.
Праца з МУС Польшчы
Знаходзячыся ў цесным кантакце з польскім Міністэрствам унутраных справаў, ЦБС спрабуе вырашаць надзённае пытанне аб выдачы польскіх праязных дакументаў. Зараз асноўная мэта – дамагчыся, каб яны выдаваліся на тры гады, а таксама пацвярджалі асобу ўласніка (своеасаблівая замена пратэрмінаванага пашпарту для беларусаў). У парадку дня спробы прыспешыць выдачу рашэнняў па пытаннях легалізацыі, дзеля гэтага складаецца мноства лістоў у розныя інтанцыі і вядзецца індывідуальная праца па канкрэтных кейсах.
Асабліва актуальным з’яўляецца пытанне дзяцей, народжаных у Польшчы, бо яны не маюць ніякіх дакументаў. Пакуль асноўны інструмент іх легалізацыі без выезду ў Беларусь – гэта міжнародная ахова. Але, адзначае Вольга, зараз у супрацы з МУС Польшчы ідзе пошук магчымых варыянтаў.
Таксама з міністэрствам вядзецца праца па пытанні таго, што беларусы, пацярпелыя ад рэпрэсіяў, мусяць атрымліваць у Польшчы статус уцекача, а не дадатковую ахову. На павестцы пытанні бяспекі беларусаў у Еўразвязе, бо беларускі рэжым, кажа Дабравольская, будзе і далей спрабаваць ціснуць на беларусаў, якія знаходзяцца за межамі краіны.
Пытанняў сапраўды вельмі шмат, у сувязі з чым прыходзіцца пісаць вялікую колькасць лістоў, індывідуальных зваротаў. Вольга нават смяецца і згадвае выпадак, які адбыўся падчас сустрэчы ў Сенаце. Маршалак Сената Польшчы
Малгажата Кідава-Блоньска пацікавілася ў віцэ-міністра МУС Польшчы Мацея Душчыка, чаму пытанні беларусаў не вырашаюцца вельмі хутка, на што той адказаў, што «шаноўная спадарыня Вольга Дабравольская ўжо вельмі шмат да мяне піша, а мы не ў стане вырашаць усе пытанні так хутка, як яна таго просіць».
«Мы ў кантакце, усе ведаюць пра нашыя праблемы. Але, на жаль, ад моманту змены ўлады ў Польшчы не было яшчэ зменаў заканадаўства, датычнага грамадзян Беларусі. Будзем чакаць першую змену: працягу тэрміну дзейнасці польскага праязнога дакументу на тры гады, бо віцэ-міністр Душчык публічна пра гэта пісаў і казаў», – падкрэслівае Вольга Дабравольская.
Форма актывізму
Падчас размовы закранаем фінансавае пытанне, якое, на вялікі жаль, з’яўляецца вельмі актуальным. Паводле словаў Вольгі Дабравольскай, скарачэнне фінансавання асабліва адчулася ў мінулым годзе. Звязвае яна гэта ў першую чаргу з гатовасцю донараў дапамагаць больш украінскім ініцыятывам, а не беларускім. А па-другое, верагодна, і саміх беларускіх ініцыятываў стала нашмат больш, а значыць, фінансаванне дзеліцца паміж імі.
У той жа час ЦБС прыходзіцца плаціць велізарныя падаткі, аплочваць памяшканне, таму ў месяц выходзіць вельмі вялікая сума.
«Часта думаюць, што нам даюць фінансаванне два мільёны долараў на год, і мы робім усё, што хочам. На жаль, гэта не так. Вельмі шмат кансультацыяў – гэта проста pro bono для беларусаў», – кажа Вольга. Яна дадае, што нягледзячы на тое, што праца юрыстаў ЦБС вельмі моцна залежыць ад праектаў, вельмі часта дапамога аказваецца нават па-за праектамі, у непрацоўны час, бо людзі, перасякаючы мяжу, пішуць і ўначы, і з раніцы. «Так што гэта такая форма актывізму», – дадае кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі.
Пры гэтым, кажа Вольга, часам донарам прыходзіцца даказваць неабходнасць аплаты той ці іншай юрыдычнай дапамогі, асабліва ў выпадках для нерэпрэсаваных людзей. І калі ўсё ж такой аплаты не паступае, то даводзіць да канца гэтыя справы прыходзіцца фактычна на дабрачыннай аснове.
На пытанне, ці атрымлівае ЦБС дапамогу ад беларускіх дэмакратычных сілаў, Вольга адзначае, што цэнтр цалкам незалежны і ніякай фінансавай дапамогі ад дэмакратычных сілаў яму не паступае. Пры гэтым успамінае камічны выпадак, як адзін чалавек прасіў дапамогі, але не выканаў стандартнай працэдуры, неабходнай для яе атрымання. Зразумела, што яму ў дапамозе адмовілі – на што ён сказаў, што будзе скардзіцца на супрацоўнікаў цэнтру. «Куды?» – «У Каардынацыйную раду!» – адказаў пакрыўджаны.
У той жа час, прэс-сакратар ЦБС
Антось Жукаў падкрэсліў, супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі вядзецца. І Цэнтр беларускай салідарнасці рыхтаваў свае прапановы, якія пазней агучвала кіраўніцтву Польшчы беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская. «Але, – смяецца Вольга Дабравольскае, – гэта пытанне: гэта яны нам дапамагаюць ці мы ім?»
Школы пры ЦБС
Адметна, кажа Вольга Дабравольская, што асабліва цяжка знайсці фінансаванне менавіта на школкі, якія працуюць пры ЦБС. Бо, паводле донараў, дзеці павінны ісці ў звычайныя польскія школы. Але, нягледзячы на гэта, пры цэнтры працуе вельмі разгорнутая сістэма адукацыйных ініцыятываў: пачынаючы ад правядзення заняткаў па польскай, англійскай і беларускай мовах і заканчваючы ўрокамі малявання, музыкі, матэматыкі, заняткамі з лагапедам, дзіцячым псіхолагам, тэатральнымі гурткамі і шматлікімі іншымі.
Агулам, кажа дырэктарка школы ЦБС Хэлена Нядзьвецка, за чатыры гады працы ў ЦБС дапамаглі больш як дзвюм тысячам беларускіх дзяцей з Беларусі і Украіны. У дадзены момант на заняткі ў школу ЦБС ходзяць больш за 250 вучняў.
І ўсё гэта праходзіць на бясплатнай аснове, падкрэслівае Хэлена. Максімум, пра што часам просяць бацькоў, – гэта прынесці нейкія пячэнькі, гарбату для дзетак. Бо пасля заняткаў у звычайнай школе яны прыходзяць у ЦБС вельмі галодныя і змятаюць амаль што ўсё, што ёсць на кухні.
Улетку гэтага года дзякуючы Вышаградскаму праекту ЦБС арганізаваў паездку для дзяцей палітвязняў у Прагу. Тут разам з апекунамі дзеці правялі два тыдні на адпачынку, дзе з імі штодня працавалі спецыялісты, праводзілі заняткі арт-тэрапіі.
У той жа час Хэлена падкрэслівае, што, нават калі б быў такі дазвол ад уладаў Польшчы, рабіць асобную школу, дзе ўсе прадметы выкладаюцца толькі па-беларуску, яна б не вельмі хацела. Часта бывае так, кажа Хэлена, што, адвучыўшыся ў падобных беларускіх школах год-два, дзеці прыходзяць да яе і запісваюцца на заняткі па польскай мове, бо не могуць камунікаваць па-польску. І гэта пражыўшы ў краіне ўжо некалькі гадоў.
,,«У той жа час было б добра, каб Міністэрства адукацыі дазволіла зрабіць польскую школу з вывучэннем усялякіх беларускіх прадметаў. Але на сённяшні дзень гэта немагчыма, бо такога дазволу ад Міністэрства адукацыі няма», – адзначае дырэктарка школы ЦБС.
ЦБС і агенты беларускіх спецслужбаў
Пытаюся ў Вольгі Дабравольскай, ці часта здараюцца выпадкі, што цэнтрам цікавяцца беларускія спецслужбы, дасылаючы сваіх агентаў. Так, чую ў адказ. Чамусьці так сталася, што найчасцей гэтыя выпадкі прыпадаюць на адну з супрацоўніц. Але агулам было ўжо каля некалькіх дзясяткаў момантаў, што беларускія спецслужбы спрабавалі праз ЦБС атрымаць тую ці іншую інфармацыю.
Быў нават выпадак, што спецслужбы наўмысна рыхтавалі дзяўчыну да таго, каб яна стала валанцёрам ЦБС. Але, на шчасце, яна паінфармавала супрацоўніц цэнтра пра гэта і, выехаўшчы з краіны, атрымала тут міжнародную ахову. Вольга кажа, што і сама вяла шмат справаў былых міліцыянтаў, сілавікоў, пракурораў і да гэтага часу толкам не ведае, хто з іх хто.
«Яшчэ на пачатку, у 2020 годзе, мы з Алесяй Пажытак [колішняя юрыстка ЦБС. – Заўв. «Белсат»] селі і вырашылі, ці будзем мы верыфікаваць людзей. І прынялі рашэнне, што лепш дапаможам кадэбэшніку і пазней гэта высветліцца, чым не дапаможам добраму чалавеку. І мы пачалі дапамагаць усім», – адзначыла Вольга.
Хаця, канечне, здараюцца розныя выпадкі, адзначае Дабравольская. Так, «кліентам» ЦБС быў
агент беларускіх спецслужбаў Вячаслаў Воўк, якога ў 2023 годзе дэпартавалі з Польшчы. А бывае так, што па дапамогу звяртаюцца і недобрасумленныя людзі – наркаманы ці злачынцы, якія здзейснілі крымінальныя злачынствы на тэрыторыі Беларусі, а тут прадстаўляюцца як пацярпелыя ад палітычных рэпрэсій.
«Я выгарала сто разоў…»
І нарэшце пытанне, якое я не мог не задаць: як, штодня працуючы з людскімі праблемамі, не выгарэць, не стаць абыякавым да ўсяго таго, чым займаецца ЦБС.
«Я выгарала ўжо сто разоў, – кажа Вольга Дабравольская. – Перадусім людзі выгараюць ад неабыякавасці. Бо калі ўсё абыякава, то ніхто не выгарае: чалавек прыходзіць на працу, пасля ідзе дадому і не думае пра гэта далей. Перш за ўсё, я думаю, гэта любоў, дабрыня да чалавека… Калі я бачу людзей, што атрымалі гуманітарны ВНЖ, які мы проста прыдумалі на нейкай сустрэчы ў працоўнай групе, якога нават не існавала. Або калі я бачу, як падарожнічаюць з польскім праязным дакументам, як жывуць сваё жыццё, то я разумею, што ёсць сэнс у гэтай працы», – кажа Вольга Дабравольская.
Раман Шавель belsat.eu