Вячаслаў Быстроў, ён жа Слава Воўк, можа быць яшчэ ў Польшчы. Знайшлі дакументы, за што яго судзілі ў Беларусі
19.10.2023, 17:16
Вячаслаў Быстроў у размове з «Белсатам» не адмаўляе сваіх судзімасцяў, але ўсяляк зняпраўджвае інфармацыю аб працы на спецслужбы Беларусі. Здымак: BYPOL / Youtube
podpis źródła zdjęcia
3 верасня адкрыта, з выкарыстаннем гвалту скраў бутэльку гарэлкі.
У сеціве з’явілася інфармацыя, што кампетэнтныя органы Польшчы пастанавілі дэпартаваць Вячаслава Быстрова, які, на меркаванне «BYPOL» можа з’яўляцца агентам спецслужбаў РБ. Паводле Альянсу расследавальнікаў Беларусі, Быстроў, ён жа Слава Воўк, узяў сабе новае імя Амін і звярнуўся ў суд. Ён усё яшчэ можа заставацца ў Польшчы.
Паводле BYPOL, Быстроў быў шэсць разоў пад судом за крадзяжы і рабаванні. 6 лістапада 2021 года прыбыў у Польшчу і пачаў актыўна хадзіць на беларускія акцыі, фатаграфавацца з удзельнікамі, пры гэтым заяўляў, што ён палітычны ўцякач.
Вячаслаў Быстроў у размове з «Белсатам» не адмаўляе сваіх судзімасцяў, але ўсяляк зняпраўджвае інфармацыю аб працы на спецслужбы Беларусі. Здымак: BYPOL / Youtube
Альянс расследавальнікаў Беларусі дзякуючы падтрыманню «Кіберпартызанаў» змог атрымаць дакументы нутранога ліставання МУС пра чалавека, чые персанальныя звесткі супадаюць з персанальнымі звесткамі Вячаслава Быстрова.
З дакументаў стала вядома, што 4 верасня 2020 года Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэту ўзбудзіў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 206 КК у дачыненні раней судзімага жыхара Менску В. Быстрова 1972 года нараджэння, беспрацоўнага, які на той момант ужо стаяў на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі як асоба, у дачыненні якой можа быць устаноўлены прэвентыўны нагляд за тое, што 3 верасня а 18:30 на праспекце Пушкіна 28 адкрыта і з ужываннем гвалту скраў бутэльку гарэлкі.
В. Быстрова знайшлі і затрымалі толькі на наступны дзень, змясцілі пад арышт у ІЧУ.
АРБ не валодае інфармацыяй пра вынікі разгляду справы ў судзе. Частка 2 артыкула 206 Крымінальнага кодэксу «Рабаванне з гвалтам» прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 6 гадоў.
Крыху больш як праз год пасля апісаных падзеяў чалавек з персанальнымі звесткамі, якія супадаюць з менчуком, які ўчыніў рабаванне, з’явіўся ў Польшчы.
Дадамо, што няма беспасярэдніх доказаў, што Быстроў – агент беларускіх спецслужбаў.
Дзякуем «Кіберпартызанам» за дапамогу ў рыхтаванні матэрыялу. Расследаванні АРБ можна паглядзець тут.