Пакуль справа Рыка Крыгера ў Нямеччыне расследуецца, ён вярнуўся да працы.
Выданне «Welt am Sonntag» пагаварыла з грамадзянінам Нямеччыны Рыка Крыгерам, якога летам 2024 года прыгаварылі да смяротнага пакарання ў Беларусі за тэрарыстычны акт. Але ўжо 1 жніўня яго вызвалілі ў межах міжнароднага абмену палоннымі.
Генеральная пракуратура Нямеччыныпрацягвае весці расследаванне ў дачыненні Крыгера паводле факту выбуху, заўважыла «DW Belarus». Падчас абмену палоннымі мабільныя тэлефоны і пісьмовыя нататкі Крыгера канфіскавалі нямецкія ўлады для далейшага следства. Доказаў яшчэ не вярнулі.
Праз восем месяцаў пасля вызвалення з беларускага палону былы супрацоўнік Чырвонага Крыжа вярнуўся да працы фельчарам на поўдні Нямеччыны:
Гэта было нялёгка: «Многім працадаўцам было занадта рызыкоўна наймаць мяне. Я не хаваў, хто я, падчас сумоўяў», – кажа Крыгер.
Мужчына па-ранейшаму запэўнівае, што не ведаў аб тым, што ў заплечніку была выбухоўка. Што да прызнання, якое ён даў у судзе ў Менску, ён кажа, што беларускія чыноўнікі аказалі на яго ціск, прымусіли яго. Яму сказалі, што толькі такім чынам ён зможа пазбегнуць рэальнага пакарання смерцю. Гэта ўдалося – цяпер ён спадзяецца пераканаць федэральнага генеральнага пракурора Нямеччыны ў сваёй невінаватасці. Ці спрацуе гэта?
«Я не маю ўяўлення, што будзе далей, – нядаўна заявіў Крыгер. – Гэты працэс проста працягваецца».
Крыгер настойвае, што не вінаваты, і на мінулым тыдні ён заявіў: «Эмацыйна я адчуваю сябе даволі паршыва. Прачынацца кожную раніцу, ведаючы, што гэты судовы працэс працягваецца, – гэта цісне на мяне».
Затрымалі, асудзілі на смерць, памілавалі, вярнулі на радзіму (і ўсё гэта за дзесяць месяцаў)
Грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера затрымалі ў Беларусі 6 кастрычніка 2023 года. Да таго ён працаваў санітарам у нямецкім Чырвоным Крыжы і ў службе ратавання.
Ужо 21 чэрвеня 2024 года яго асудзілі на смяротнае пакаранне ў Менскім абласным судзе паводле шасці крымінальных артыкулаў, сярод якіх «Акт тэрарызму» і «Шпіянаж». МЗС Беларусі і Нямеччыны вялі кансультацыі, паміж гэтым дзяржаўная беларуская прапаганда распавядала ўласную версію прычынаў прысуду. Паводле яе, нібыта ён прынёс уначы выбухоўку на станцыю Азярышча. Прапагандыстка Гладкая пісала, што ў Беларусь Крыгер прыехаў як турыст, з тэлефонамі і беспілотнікам.
«Так было сказана ў заданні, якое раней атрымаў ад СБУ. Там жа паказвалася: правесці ў Асіповічах разведку і фатаграфаванне аб'ектаў паводле каардынатаў»..
Паводле звестак BELPOL, у выніку выбуху быў пашкоджаны адзін пралёт, разбураныя дзве шпалы, парушаная геаметрыя рэек. Разбурэнні ад выбуху на наступны дзень паправілі за дзве гадзіны. Страты ацанілі на 1639 рублёў 66 капеек ( каля 491 долара).
Як бы там ні было, але пазней немец з дапамогай адвакатаў напісаў прашэнне аб памілаванні да Лукашэнкі і стаў пятым чалавекам у гісторыі суверэннай Беларусі, якога памілавалі пасля вынясення смяротнага пакарання.
Тэса Анэйда belsat.eu