Без месяца пяць гадоў у Беларусі трываюць маштабныя палітычныя рэпрэсіі: практычна штодня з'яўляюцца навіны пра новыя арышты, суды і формы пераследу. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 24 красавіка.
Да 80-годдзя Перамогі ў Другой сусветнай вайне збіраюцца правесці амністыю. Сярод галоўных зменаў – пашырэнне спісу тых, хто можа быць цалкам вызвалены ад пакарання. У яго дадалі асобаў, якія пакутуюць на пэўныя хваробы. Паводле папярэдніх ацэнак, пад дзеянне амністыі могуць трапіць каля 8 тысячаў чалавек. У законапраекце асобна не гаворыцца пра выключэнне са спісаў асобаў, асуджаных паводле артыкулаў «экстрэмісцкага кірунку».
У Дзяржынску прайшла чарговая хваля ператрусаў – папярэдняя праходзіла тыдзень таму. Ператрусы пераважна адбываліся ў кватэрах тых, хто з’ехаў з краіны. Сілавікі ў ананімных Telegram-каналах заяўляюць, што гэта звязана з удзелам уласнікаў памяшканняў у беларускіх акцыях за мяжою.
У Рэчыцы затрымалі аднаго з адміністратараў Viber-чатаў пра дарожную абстаноўку – работніка «Беларуснафты» Аляксандра Гардзяенку, расказвае «Флагшток». Крыніца выдання сцвярджае, што мужчыну жорстка затрымліваў ГУБАЗіК, яго вінавацяць у перасыланні фота расейскай тэхнікі праекту «Беларускі Гаюн».
Студэнта Гарадзенскага электратэхнічнага каледжу будуць судзіць за перасыланне паведамленняў «Беларускаму Гаюну» пра перасоўванні расейскай вайсковай тэхнікі, заўважылі гарадзенскія праваабаронцы «Права маюць». 20-гадовага хлопца вінавацяць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці.
Палітычную зняволеную Вікторыю Кульшу будуць судзіць пяты раз, піша «Гомельская вясна». У гэтым месяцы Кульша мелася выйсці на волю, але яе перавялі ў СІЗА № 3 у Гомлі. Што закідаюць жанчыне, невядома. Вікторыя Кульша – былая адміністратарка чату «Водители 97 % Минск», яна за кратамі з 4 лістапада 2020 года. Паліна Шарэнда-Панасюк па вызваленні казала, што Вікторыя – у крытычным стане. У зняволенай ужо адмовілі ныркі, яна можа стацца першаю зняволенаю з палітычных матываў жанчынай, якая памрэ за кратамі.
Пяцёх беларускіх добраахвотнікаў палка імя Каліноўскага асудзілі завочна, перадае «Вясна». Арцёма Бігеля, Вячаслава Граноўскага, Ігнація Кірэева, Настассю Махамет, Яна Мельнікава.прызналі вінаватымі паводле шэрагу артыкулаў, у тым ліку «тэрарыстычных», завочна прысудзілі ім ад 12 да 20 гадоў калоніі з буйнымі штрафамі.
Адбыліся чарговыя папаўненні «экстрэмісцкіх» спісаў. У «экстрэмісцкія матэрыялы» залічылі Instagram-старонку намесніка прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Арцёма Брухана і шэраг іншых старонак у сацыяльнай сетцы ды адну песню расейскіх неанацыстаў.
«Экстрэмісцкім фармаваннем» назвалі праект «Гэта моладзь», створаны Прадстаўніцтвам у справе моладзі Аб'яднанага пераходнага кабінету.
24 красавіка ўжо пяты дзень нараджэння за кратамі адзначыла Марыя Калеснікава. У звароце з гэтай нагоды абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская нагадвала пра салідарнасць з палітычнымі вязнямі, якая «робіць нас мацнейшымі за страх і несправядлівасць». Падобна, салідарнасць вельмі раздражняе сілавікоў: як расказалі былыя палітзняволеныя «Медиазоне», у калоніі зняволеным жанчынам забаронена дапамагаць адна адной, але жанчыны сябруюць падпольна.
Алесь Наваборскі belsat.eu