навіны

На прымусовае псіхіятрычнае лекаванне скіравалі як мінімум 33 палітычных вязняў з 2020 года – ААН

Папраўчая калонія № 3, Віцьба
Папраўчая калонія № 3, Віцьба, Беларусь. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Акім Крумкач / Белсат
podpis źródła zdjęcia

За ўдзел у пратэстах ці «абразу» Лукашэнкі могуць кінуць на прымусовае лекаванне з ужываннем электрашоку. Гэтаю практыкаю занепакоіліся ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Офіс вярхоўнага прадстаўніка правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў апублікаваў 24 красавіка паведамленне групы незалежных экспертаў аб практыцы прымусовага псіхіятрычнага лекавання зняволеных з палітычных матываў у Беларусі.

,,

«Мы атрымалі паведамленні, што з пачатку палітычнага крызісу вакол прэзідэнцкіх выбараў 2020 года прынамсі 33 асобы, у тым ліку пяць жанчын, былі адпраўленыя на прымусовае псіхіятрычнае лекаванне праз тое, што яны выказалі нязгоду з уладамі, – паведамілі эксперты. – Найстарэйшай асобе, якую перавялі на такое лекаванне, – 77 гадоў».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: narcolog-praktik.ru

Без суда – на прымусовае лячэнне. У падлеткаў адабралі права голасу

навіны

Васьмёра з тых чалавек былі вызваленыя, але прынамсі 25 застаюцца ў няволі і без сувязі з вонкавым светам.


Паводле экспертаў, прымусовае псіхіятрычнае лекаванне – гэта крайне неправамернае пакаранне, якое можна прыраўнаць да бесчалавечнага або прыніжальнага. Мяркуючы з выстаўленых пакараным абвінавачанняў, змяшчэнне ў псіхіятрычныя лякарні можа быць парушэннем грамадскіх і палітычных правоў. Змешчаных на прымусовае лекаванне вінавацяць паводле артыкулаў за ўдзел у пратэстах, «абрáзы» прадстаўнікоў улады і Аляксандра Лукашэнкі, «тэрарызм» і «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Працэсы, якія прывялі да прысудаў з прымусовым лекаваннем, былі непразрыстыя, таму эксперты маюць падставы сумнявацца, што рашэнні былі матываваныя медычнымі, а не палітычнымі меркаваннямі.


Паводле экспертаў, прымусовае псіхіятрычнае лекаванне – гэта недапушчальная пагроза свабодзе перакананняў, бо прэпараты і электрычныя разрады могуць выкарыстоўвацца для запавольвання ці кантролю разумовых здольнасцяў. Выказваюць занепакоенасць таксама тым, што зняволеныя на прымусовым лекаванні паддаюцца неабмежаванай уладзе галоўнага доктара і застаюцца без сувязі з вонкавым светам, могуць быць пазбаўленыя волі на неабмежаваны тэрмін і не могуць прасіць пра памілаванне ці ўмоўна-датэрміновае вызваленне.


Раней працоўная група ў справе адвольных затрыманнях падкрэслівала, што выкарыстанне псіхіятрычных установаў як інструменту рэпрэсіяў разбурае асноўныя прынцыпы правасуддзя і вяршэнства права, нагадалі эксперты. Карная псіхіятрыя парушае недатыкальнасць чалавечай годнасці, замацаваную ў міжнародных дакументах па правах чалавека.


Група экспертаў звярнулася да ўраду Беларусі, заклікала неадкладна забяспечыць зняволеным на прымусовым лекаванні доступ да адваката на іх выбар і даць ім эфектыўныя інструменты прававой абароны, з якімі яны маглі б аспрэчыць пазбаўленне волі.


Імаверна, найстарэйшы палітвязень на прымусовым лекаванні – гэта Міхаіл Ляпейка з Магілёва, асуджаны за «абразу Лукашэнкі» ў 2021 годзе. Пра ягоны лёс пасля змяшчэння на прымусовае лекаванне не паведамлялі.


У тым жа Магілёве Дзмітрыя Пузікава асудзілі на паўгода пазбаўлення волі і адправілі на прымусовае лекаванне за зламанае дрэўка сцяга.


Вядомы таксама выпадак, калі на прымусовае лекаванне скіравалі за «паклёп на Лукашэнку» – гэтак у 2023 годзе зрабілі з гомельцам Валерам Яроцкім, які неаднаразова быў назіральнікам на выбарах ад Беларускага Хельсінкскага камітэту.


На прымусовае лекаванне скіравалі і Марыю Успенскую – удаву Андрэя Зельцара, застрэленага сілавікамі падчас штурму ягонай кватэры.


Праваабаронцы паведамлялі, што на прымусовае лекаванне таксама скіроўвалі за падтрыманне Украіны.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10