навіны

Без суда – на прымусовае лячэнне. У падлеткаў адабралі права голасу

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: narcolog-praktik.ru
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: narcolog-praktik.ru
podpis źródła zdjęcia

Падлеткаў з залежнасцю ад псіхатропных рэчываў цяпер можна будзе накіроўваць на лячэнне ў спецустановы без суда. З наступнага года для гэтага дастаткова толькі заявы бацькоў. Але наколькі гэта правамерна? Запыталі ў юрысткі праваабарончага цэнтру «Вясна» Святланы Галаўнёвай і псіхолага Алы Марціновіч.

«Тое, як гэта сфармулявана ў законе, не дазваляе дзіцяці якім-небудзь чынам пярэчыць, калі ён не згодны. Ён павінен мець права самастойна ацаніць, што з ім хочуць зрабіць і куды яго хочуць пасадзіць, і падаць апеляцыю. Нават калі бацькі не згодныя з гэтым рашэннем». 

Праўкі ў закон «Аб пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» унеслі сёлета ў чэрвені, напоўніцу яны запрацуюць з 1 студзеня. Гэтак, накіраваць у спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы цяпер змогуць дзяцей ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў. Лекаваць абяцаюць канфідэнцыйна. Але насамрэч захаваць ананімнасць падлетка наўрад ці ўдасца.

,,

«На дадзены момант нельга сказаць, што ў Беларусі гэтае разуменне, гэтая практыка выпрацаваная і працуе. Калі да наймальніка такая інфармацыя можа патрапіць, то гэта можа негатыўна паўплываць. Гэта можа паўплываць і на будучыню ў плане паступлення ў нейкія ўстановы адукацыі», - падкрэслівае юрыстка.


Падставай для скіравання на перавыхаванне ёсць злоўжыванне наркатычнымі сродкамі ці алкаголем. Лячэннем ад залежнасці займуцца чатыры дзяржаўныя установы: тры – для хлопчыкаў, адна – для дзяўчынак. Усе яны закрытага тыпу і маюць працоўны, а не медычны, кірунак. Таму псіхолаг Ала Марціновіч упэўненая, што такая мера дзецям не дапаможа:

«Гэтыя ўстановы не маюць спецыялістаў неабходных, яны парушаюць правы дзіцяці, таму што ізаляваць дзіця з такім сацыяльным дыагназам нельга. Калі дзіця выйдзе з гэтай установы, калі яно зможа выйсці ў перспектыве, то гэтая залежнасць будзе прагрэсаваць у два або ў тры разы больш». 

Але Андрэй Швед, які на пачатку года выступіў з гэтай прапановай, запэўнівае: выправіць падлетка, што сутыкнуўся з залежнасцю, без накіравання ў гэткія спецустановы наўпрост не магчыма. У інтэрв‘ю выданню «Беларусь сегодня» ён падкрэсліў:

«Раней на першы план выносіўся медычны бок пытання – такіх дзяцей лячылі ад дзесяці дзён да месяца. Пры гэтым сацыяльна-педагагічнае падтрыманне і псіхалагічная дапамога надаваліся не ў поўнай меры».

У заходніх краінах падлеткаў, што пакутуць на залежнасці, не садзяць пад замок – яны працуюць у праграме «12 крокаў». Паводле стратэгіі, псіхолагі займаюцца не толькі з дзіцёнкам, але і з ягонай сям‘ёй. У нашых дзяржаўных клініках такой праграмай не карыстаюцца, бо гэта не пад’ёмна для бюджэту.

,,

«Яны абмяжоўваюцца тым, што кладуць чалавека ў псіхіятрычную больніцу, яны купіруюць гэты алкагольны псіхоз, ды яшчэ і за ягоныя грошы», - распавядае Ала Марціновіч.


Агульнай статыстыкі аб падлеткавых наркаманіі і алкагалізме ў Беларусі няма. Міністэрства аховы здароўя не публікуе яе з 2020 года. Аднак вядома, што цяпер толькі ў Менскім наркалагічным дыспансеры на ўліку з прычыны алкагольнай залежнасці стаяць больш за 5 тысяч падлеткаў.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Кацярына Гардзеева, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10