Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», затрыманых за падтрыманне Украіны беларусаў «катавалі і трымалі ў нечалавечых умовах».
Паводле крымінальных справаў за салідарнасць з Украінай у Беларусі былі асуджаныя не менш як 200 чалавек. Усе гэтыя людзі прыгавораныя да абмежавання ці пазбаўлення волі на тэрмін ад 1 да 25 гадоў, некаторым прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары, гаворыцца ў справаздачы праваабарончага цэнтру «Вясна», прысвечанай 1000 дзён поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.
Праваабаронцы канстатавалі, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі адкрыта пераследуе беларусаў за антываенную пазіцыю і салідарнасць з Украінаю. Згодна з інфармацыяй на люты 2024 года, за праяву антываеннай пазіцыі затрымалі не меней за 1671 асобу.
Як адзначаецца ў справаздачы, затрыманых «катавалі, трымалі ў нечалавечых умовах, прысуджалі штрафы ці содні, а таксама вялікія тэрміны зняволення».
Надзея Вольная belsat.eu