навіны

Што замоўленае, тое і знятае. Лукашэнка назваў кіно «Беларусьфільму» нікому не патрэбным

Студыя «Беларусьфільм»
Студыя «Беларусьфільм». Фота: dzyannica.by
podpis źródła zdjęcia

Аляксандр Лукашэнка 10 чэрвеня ўчыніў разнос «Беларусьфільму». Падчас агляду памяшканняў студыі ён назваў стан справаў на ёй (а таксама ўвогуле ў беларускім кінематографе) незадавальняльным і заявіў, што здыманае кіно мусіць быць сучасным.

«Ні дзяржава, ні глядач не бачаць вынікаў»


Паводле Лукашэнкі, грошы на кіно ў Беларусі цяпер марнуюцца, а плаціць іх трэба людзям, якія працуюць.

,,

«Няхай вырабляюць, прадаюць і жывуць. Не – да пабачэння. Колькі можна дапамагаць? Яны ж фактычна вісяць на плячах дзяржавы. А за што даваць грошы?» – казаў кіраўнік дзяржавы.


Лукашэнка заявіў, што для развіцця кінематографу ў Беларусі створаныя ўсе ўмовы, але «аддача – нулявая» і нават «мінусавая».


«Ні дзяржава, ні глядач не бачаць вынікаў», – сказаў палітык.


На думку Лукашэнкі, якаснае беларускае кіно скончылася на фільмах «У жніўні 44-га» і «Берасцейская крэпасць».

,,

«Глядзець проста няма чаго. Канчаткова страчаныя сямейная, юнацкая і дзіцячая аўдыторыі. […] І не трэба мне распавядаць, як вы рванулі ў працы з гледачом і арганізавалі прагляды для працоўных калектываў. Добра, няма акупнасці на ўнутраным рынку – мы насельніцтвам, рынкам, як прынята казаць, невялікая краіна. […] Але мы свайго прадаць за мяжу не можам. Бо няма чаго. Дый канкурэнцыя сур’ёзная», – сказаў Лукашэнка.


Кіраўнік Беларусі нагадаў, што для «Беларусьфільму» было закупленае сучаснае абсталяванне, сама студыя была мадэрнізаваная, але гэта нічога не дало. Лукашэнка дадаў, што «лішніх грошай не будзе» і калі да 1 верасня кінастудыя разам з міністрам культуры на чале не навядуць парадак, «пастановы будуць самымі жорсткімі», не абмяжуюцца толькі зняццем з пасадаў.


Звычайная паказуха


«Белсат» запытаўся ў кінааглядальніка «Еўрарадыё» Тараса Тарналіцкага, ці сапраўды ўсё так кепска на «Беларусьфільме» і пра што можа сведчыць крытыка ад Лукашэнкі.


Наш суразмоўца не пагадзіўся, што «Беларусьфільм» нічога не робіць на тыя вялізныя грошы, што ўліваюцца ў беларускае кіно (а сёлетні і леташні бюджэты складаюць каля 5-6 мільёнаў долараў).


Нацыянальная кінастудыя, паводле аглядальніка, апошнія тры гады здымае шмат прапагандысцкага кантэнту, у прыватнасці – мастацкія і дакументальныя фільмы пра Другую сусветную вайну. Так, гэты ідэалагічны кантэнт сапраўды нікому не цікавы, і ніхто не будзе яго купляць. Але ж яго замовіла сама дзяржава.

,,

«Такое распараджэнне сто адсоткаў прыйшло з Адміністрацыі прэзідэнта. Потым Лукашэнка прыязджае на «Беларусьфільм» і кажа, што ніхто нічога не купляе і ўсё робіцца не так, як яны хацелі. Дык вы ж самі замаўлялі гэта! Нармальнага ж кантэнту, забаўляльнага, канкурэнтаздольнага з амерыканскім, расейскім, ніхто не замаўляў», – зазначае аглядальнік.


Чытайце таксама:
Працэс здымак першай серыі серыялу «Акрэсціна». Фота: andrei.kureichik / Facebok

Серыял «Акрэсціна» – літоўскі ці беларускі? У Вільні працягваецца суд паміж Марынічам і Курэйчыкам

Таксама Тарас згадвае, што ўсіх працаўнікоў, якія маглі штосьці рабіць, звольнілі са студыі ці з ідэалагічных прычынаў, ці яшчэ да 2020 года вывелі са штату. На студыі засталіся толькі нейтральныя ці лаяльныя да ўладаў.


«Гэта выглядае як чарговы папулізм з боку Лукашэнкі, што вось ён прыехаў і бачыць беспарадак. Але чалавек 30 гадоў кіруе і ніяк не можа навесці парадак і зрабіць са студыі нармальнае прадпрыемства. Дык напэўна праблема ў тым, што ніхто гэтага і не робіць, а ўсе гэтыя разносы – звычайная паказуха», – кажа эксперт.


Каб беларускае кіно глядзелася, патрэбная свабода


З апошняга, што здымаў «Беларусьфільм», Тарналіцкаму спадабаўся «Чорны замак» паводле твору Уладзіміра Караткевіча. Кінааглядальнік называе праект цікавым, але зазначае, што беларускім яго можна назваць толькі ўмоўна, бо рэжысёры былі расейскімі, адзін са сцэнарыстаў – таксама, у фільме здымаліся расейскія акторы.


Усё астатняе, што цяпер здымае «Беларусьфільм», мае даволі нізкі ўзровень, на думку эксперта:


«Узяць хаця б першы беларускі 3D-мультфільм "Песня Сірын" – ён якасцю ніяк не канкуруе з кантэнтам такіх краінаў, як Францыя, Кітай, не кажучы ўжо пра ЗША».


Галоўная праблема «Беларусьфільму» – у тым, што ён абслугоўвае ідэалагічную машыну дзяржавы, кажа кінааглядальнік. Адзін з прыкладаў – фільм «Класная», выхад якога на экраны чакаецца гэтым вераснем. Стужка распавядае пра маладую настаўніцу, якая з гораду прыязджае працаваць у вёску.


«Фільм цалкам укладваецца ў ідэалагічныя наратывы, якія стварае Міністэрства культуры, – падвышаць прэстыж прафесіі настаўніка, які відавочна знізіўся пасля 2020 года, калі ўсе ўбачылі, як настаўнікі ўдзельнічаюць у фальсіфікацыі выбараў, – зазначае эксперт. – Аднак можна зняць 10 фільмаў пра важную ролю настаўнікаў – але нічога не зменіцца, пакуль дзяржава не робіць нічога, каб падвысіць узровень адукацыі і стварыць добрыя ўмовы для працы настаўнікаў. Таму я не ведаю, для каго гэтыя фільмы. Хутчэй для Адміністрацыі прэзідэнта, рэжымных чыноўнікаў. Дзяржаўныя СМІ напішуць, які гэта цудоўны праект. Будуць "запрашаць" працоўныя калектывы праз адміністрацыйны рэсурс. Але большасць беларусаў, якія не глядзяць, не чытаюць дзяржаўных медыяў, пра гэтыя фільмы нічога ведаць не будуць».


Тарас Тарналіцкі перакананы: каб беларускія фільмы глядзеліся і акупляліся, у нашай краіне павінна змяніцца ўсё. Мусяць знікнуць цэнзура, фільтраванне працоўных кадраў, ідэяў і сцэнароў, агулам дыктат дзяржавы ў тым, што здымаць. На іх месца мусіць прыйсці сапраўдная, а не дэкларатыўная свабода творчасці, калі творцы змогуць здымаць тое, што ў першую чаргу цікава людзям, а не дзяржаве. Калі гэта ўсё адбудзецца, беларускае кіно пачне нармальна функцыянаваць, а не выглядаць нібы прапагандысцкая замова, як цяпер, рэзюмуе эксперт.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10