Вечарам 6 лютага Паліна Шарэнда-Панасюк прыехала ў Вільню пасля больш як чатырох гадоў за кратамі ў Беларусі. 10 лютага яна дала першую прэс-канферэнцыю, на якой яна расказала пра ціск на яе ды іншых палітвязняў.
Каардынатарку кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Яе пратрымалі ў няволі 4 гады і 1 месяц, з іх 270 дзён – у штрафных ізалятарах і памяшканнях камернага тыпу. Яна трымала галадаванні, яе змяшчалі ў псіхіятрычную лякарню. Пра ейнае вызваленне з-за кратаў пасля чатырох тэрмінаў стала вядома 1 лютага.Вечарам 6 лютага яна прыбыла ў Вільню. Першым чынам, проста на пероне, яна расказала пра стан іншых палітвязняў.
Прэс-канферэнцыю, якую транслявала радыё «Свабода», вяла галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Наталля Радзіна. Яна назвала Паліну сведкай злачынстваў супраць чалавецтва і сапраўднай беларускай гераіняй, якая «прайшла такое пекла, праз якое, здаецца, не прайшла яшчэ ніводная жанчына».
Заклікала ратаваць Вольгу Маёраву, Алену Гнаўк і Вікторыю Кульшу
Паліна Шарэнда-Панасюк першым чынам падзякавала тым, хто дапамагаў ёй і ейнай сям’і: збіраў перадачы, вязаў цёплыя рэчы, пісаў лісты, трымаў увагу да тэмы. Яна падкрэсліла, што палітвязняў значна больш за лічбы, якія называюць праваабаронцы: зняволеныя і іхныя сваякі баяцца слова «палітвязень».
,,«Насамрэч палітвязняў тысячы-тысячы-тысячы, – падкрэсліла Паліна Шарэнда-Панасюк. – А калі браць абагулена, цяпер палітвязень – увесь беларускі народ, які застаўся ў закладніках гэтага тэрарыстычнага рэжыму».
Паводле яе, тыя, хто чыняць катаванні палітвязняў, адчуваюць сябе «бажкамі» пад «расейскім парасонам» і ўпэўненыя, што заўсёды будуць заставацца беспакаранымі, таму лічаць, што могуць рабіць з людзьмі ўсё, што захочуць.
Яна зноў згадала тых зняволеных, пра якіх казала на пероне: Вольгу Маёраву, Алену Гнаўк і Вікторыю Кульшу. Ва ўсіх трох няма сувязі са сваякамі.
Вікторыя Кульша, як расказала Паліна, не здаецца, нягледзячы на вельмі цяжкі стан здароўя і галадаванні, якія трымала месяцамі. У зняволенай, паводле Паліны, ужо адмовілі ныркі – яна можа стаць першай зняволенай з палітычных матываў жанчынай, якая памрэ за кратамі. Алена Гнаўк – жанчына сталага веку, мае шматлікія захворванні. Вольга Маёрава таксама ў цяжкім стане: названая «тэрарысткай», яна не можа атрымліваць перадачы і пасылкі, не можа мыцца мылам і шампунем, вымушаная апранацца ў выдадзенае ў калоніі «рыззё». Да таго ж, Маёрава размаўляе ў калоніі па-беларуску, за што атрымлівае дадатковыя кпіны і дыскрымінацыю.
Зняволеных пазбаўляюць спатканняў паводле адладжанай схемы, расказала Паліна. Спачатку не даюць магчымасці інфармаваць родных пра прызначэнне спаткання. Затым за пару дзён да спаткання кідаюць у штрафны ізалятар за надуманыя «парушэнні».
Пазней Шарэнда-Панасюк дадала: на момант ейнага выхаду з калоніі Вікторыю Кульшу і Алену Гнаўк перавялі ў ПКТ пасля некалькіх тыдняў у карцары. Гэта «на 99 %» азначае, што супраць іх ізноў будуць выкарыстоўваць крымінальны артыкул 411 («Злоснае непадпарадкаванне»), каб працягнуць ім тэрмін. Вікторыя мелася выходзіць у пачатку красавіка 2025 года, Алена – у 2026 годзе.
Расказала, што была вымушаная падпісаць паперу наконт «супрацы»
Паліна Шарэнда-Панасюк прызнала, што падпісвала паперы наконт «супрацы» з сілавікамі, каб выйсці на волю. Першую паперу падпісала ў папраўчай калоніі № 24, другую – у ГУБАЗіКу 3 лютага, за дзень да вызвалення.
,,«Гэтыя заявы – я дэзавуюю гэтае падпісанне, – заявіла Паліна Шарэнда-Панасюк. – Можна сказаць, што яны выпрацавалі гэты алгарытм адпускання людзей. Недастаткова проста пратрымаць чалавека ў гэтай катавальні, зламаць яго, падарваць яму псіхічнае і фізічнае здароўе, давесці фактычна да інваліднасці. Трэба яшчэ прынізіць такім чынам, каб чалавек проста здрадзіў сваім ідэалам».
Яна расказала, што схема сілавікоў наступная. Пасля розных катаванняў чалавеку прапануюць напісаць «прашэнне аб памілаванні». Заяўляюць, што калі не напісаць прашэння, «ніколі адсюль не выйдзеш». Калі адмаўляюцца, ізноў кідаюць у нялюдскія ўмовы. Калі нарэшце пагаджаюцца, часта прымушаюць даць кантраляванае «інтэрв’ю» дзяржаўным медыям. Апошні этап – патрабаванне падпісаць паперу «аб канфідэнцыйнай супрацы». Чула, што шмат каго прымушалі падпісаць такія паперы, і заклікала ўсіх, каго прымусілі, публічна дэзавуяваць гэта, каб «вырваць з рук катаў гэтую зброю».
Папера «аб супрацы», паводле Паліны, стандартная для таталітарных рэжымаў: чалавек атрымлівае псеўданім (ёй далі псеўданім Эдэльвейс), абавязваецца даносіць пра зняволеных у калоніі і затым пра людзей на волі і пра арганізацыі, у якія чалавек абавязваецца ўкараніцца.
З’ява з прымусамі пісаць «прашэнні аб памілаванні» стала масавай, заўважае яна. Першыя падпісанты з’явіліся ў жніўні 2021 года, калі палітвязні сталі атрымліваць лісты ад праўладнага актывіста Юрыя Васкрасенскага. Палітвязні лічылі так: кожны выбірае для сябе, пісаць ці не пісаць прашэнне. Калі працаўнікі Дэпартаменту выканання пакаранняў бачылі, што чалавека можна «гнуць», то давалі палёгкі ў побытавых умовах і перадачах. Супраць тых, хто адразу адмаўляўся, пачыналі чыніць ціск і пастаянна кідаць у карцар ці ПКТ, «уключалі рэжым максімальнага тэрору».
Супраць асабіста яе таксама чынілі правакацыі, расказала Шарэнда-Панасюк. У 2023 годзе, калі яе трымалі ў ПКТ калоніі № 24, да зняволеных там «падкідвалі» жанчын з псіхічнымі праблемамі. Адна з такіх – Святлана Мацецкая, якая мела праблемы з псіхікай ад нараджэння. Паліна выказала спачуванні ейнай сям’і ды расказала: тая марыла трапіць у магілёўскую турму нібы на лепшыя ўмовы і ўвесь час думала, што б зрабіць, каб хутчэй туды паехаць. Перыядычна нападала на людзей, «біла ўсіх нагамі-рукамі» ў фазы агрэсіі, каб спадабацца адміністрацыі. Паліна перакананая, што адміністрацыя таго і чакала: калі зняволеныя пачалі б адбівацца, далі б дадатковы тэрмін за бойку. Заставалася закрывацца ад удараў.
Тая Святлана, згадвае Паліна, разбіла ёй твар. Калі яе акрываўленую вялі ў санчастку, выпадкова сустрэўся начальнік калоніі, палкоўнік Дзмітрый Курловіч. Прасіла паведаміць пра збіццё ейнаму адвакату – той усміхнуўся і сказаў, што нікому пра гэта «не абавязаныя паведамляць». На тварах яго і іншых працаўнікоў калоніі, паводле Паліны, чыталася, што яны «вельмі задаволеныя».
Калі першае прашэнне Паліны і «інтэрв’ю» не спрацавала, яна пісала родным, што яны могуць «больш не пабачыцца» – фактычна развітвалася. Зняволеных, паводле яе, даводзілі да такіх умоваў, што тыя думалі: або памруць, або напішуць, што ад іх запатрабуюць.

Заклікала ўзмацняць санкцыі і ціск
Ад ідэі перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам наконт вызвалення палітвязняў Паліне Шарэндзе-Панасюк «робіцца смешна». Яна перакананая, што Лукашэнка – «несамастойная фігура», «расейская марыянетка», а «пытанні нацыянальна-вызвольнага руху» ў Беларусі вырашае Расея. Яна згадала, што калі ў яе бралі «інтэрв’ю» беларускія дзяржаўныя медыі, з імі прыязджаў куратар-расеец.
,,«З Лукашэнкам як з марыянеткай патрэбны толькі ціск, – запэўнівае Паліна Шарэнда-Панасюк. – Сітуацыя, што выйшла я, – гэта менавіта сітуацыя не дамовы з рэжымам. Не тое, што Лукашэнка пайшоў на нейкія саступкі. А менавіта таго, што мы дайшлі да нейкага пункту, мы даціснулі гэтую сітуацыю са мною».
Яна нагадала, што палітвязні ў Беларусі з’явіліся не ўпершыню: былі і ў 2006-м, і ў 2010-м. Паводле Паліны, санкцыі, уведзеныя адносна Беларусі, дзейнічаюць. З размоваў з «гэтымі людзьмі» яна зразумела, што ўлады раз’юшаныя санкцыямі, для іх санкцыі «вельмі балючыя». Супраць санкцыяў працуе лобі рэжыму, перакананая яна, а калі санкцыі зняць, усё роўна з’явяцца новыя палітвязні. А рэжым толькі зразумее, што тактыка працуе: «трэба браць закладнікаў і гандлявацца».
Таму Шарэнда-Панасюк заклікае не проста да санкцыяў, а да эканамічнай блакады, спынення «гандлю з канцлагерам» і «транзіту праз акупаваную тэрыторыю». Тое, што з Беларуссю ідзе гандаль, а санкцыяў менавіта за палітвязняў не ўводзілі, яна называе ганьбай для дэмакратычных краінаў.
Пазней Паліна расказала пра таго расейца, які кіраваў «інтэрв’ю». На ейную просьбу назвацца ён толькі ўсміхнуўся. Толькі паглядзеўшы на яе, адзначыў: «Ага, вижу, что не смирилась». Затым Паліна заўважыла, што той хаваў твар ад камераў назірання: калі выходзіў на вуліцу, адразу нацягваў капялюш на галаву. З працаўнікамі дзяржаўных медыяў той чалавек «адыходзіў, шаптаўся», падказваў працаўніку ГУБАЗіКу тэмы, пра якія пытаць зняволеную.
У часе таго «інтэрв’ю» Паліна ўпершыню за тры гады пабачыла малодшага сына на відэа, якое ёй паказалі. Кажа, «проста слёзы паліліся».
Палітык Зянон Пазняк пісаў, што «асабіста прасіў» Лукашэнку вызваленні Паліны Шарэнды-Панасюк, а ейнае вызваленне – сведчанне гатовасці рэжыму Лукашэнкі да перамоваў з Захадам аб абмене палітвязняў на зняцце санкцыяў. На прэс-канферэнцыі згадалі гэтую заяву – у залі было чуваць смех. Паліна сказала, што не ведае пра намаганні Пазняка ў ейным вызваленні і што моцна сумняецца ў тым, што атачэнне Лукашэнкі разглядала заявы Пазняка.
Яна паўтарыла: лічыць, што ейнае вызваленне (а не чарговы 411-ы артыкул) – гэта «вынік ціску на рэжым», а не саступак і зваротаў. Расказвае: ёй заяўлялі, што «калі б мы прызначылі выбары не на студзень, а на сакавік, вы б не выйшлі». У выніку вызвалілі, але далі два гады «нагляду» – калі заставацца ў Беларусі, гэта «той жа 411-ы артыкул», бо калі што, можна сфабрыкаваць парушэнне і вярнуць у калонію.
Зняць санкцыі – значыць, дараваць катаванні, дараваць забітых, падкрэслівае Шарэнда-Панасюк. Яна перакананая, што «тэрарыстаў трэба даціскаць такім чынам, каб яны не маглі браць новых закладнікаў».
Былая прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова казала, што «барацьба Паліны Шарэнды-Панасюк бяссэнсоўная». Калі ёй расказалі пра гэта на прэс-канферэнцыі, Паліна адказала, што не ведае, хто такая Гарбунова і «чым ахвяравала для Беларусі».
Палітвязняў катуюць як фізічна, так і інфармацыйным вакуумам
Як расказала Паліна Шарэнда-Панасюк, да палітычных зняволеных не даходзіць «абсалютна ніякай» інфармацыі пра падзеі на волі. Вязняў трымаюць месяцамі ў карцары і ПКТ. Адвакаты запалоханыя і нічога не кажуць, «глядзяць у падлогу, бо таксама хочуць жыць». Зняволеным увесь час кажуць, што «на вас усім напляваць, пра вас усе забыліся».
,,«Калі ў чалавека ёсць унутраны стрыжань, ён разумее, што гэта лухта, гэта падман, – расказвае Паліна Шарэнда-Панасюк. – Але ёсць дастаткова шмат людзей, якія ўпершыню сутыкнуліся з гэтым тэрорам, з гэтым жахам. Вядома, у чалавека проста апускаюцца рукі. Ён думае, што сапраўды ўсё ўжо: усе пра яго забылі, ён нікому не патрэбны, яго тут заб’юць – і нікому гэта не будзе цікава».
Маральныя катаванні цяжэйшыя за фізічныя, кажа яна. Апісвае: сядзіш у карцары і не разумееш, навошта туды кінулі і чаму хочуць яшчэ раз дакінуць тэрмін паводле крымінальнага артыкулу 411 – за «Злоснае непадпарадкаванне». Не выходзіць проста «адключыць розум», бо адчуваеш бяссілле і не ведаеш, калі здзек спыніцца. А адміністрацыя калоніі чакае, што зняволеныя «ўпадуць на калені і стануць слёзна прасіць, каб выпусцілі з ШІЗА».
Нават пра поўнамаштабную вайну ва Украіне яна даведалася толькі ў красавіку 2022 года, калі яе перавялі ў СІЗА. Да таго сядзела ў ШІЗА, толькі здагадвалася, што «штосьці пачалося»: чула гул самалётаў раз на паўгадзіны, праз невялічкае вакно бачыла, што самалёты лятуць на паўднёвы ўсход. Пытала ахоўнікаў – тыя адказвалі, што нібы нічога не ведаюць. Ужо ў СІЗА пачула ад жыхароў Ельні і Нароўлі пра ўварванне з тэрыторыі Беларусі: «палі застаўленыя верталётамі», «вайскоўцы-расейцы-чачэнцы пазаймалі гэтыя гарадкі, паздымалі кватэры, пазакупаліся алкаголем», «прыязджалі грузавікі з забітымі, людзей выкідаюць з машын, як мяхі з бульбай, забітых направа, параненых налева»…
Карцар (ШІЗА) – «голае памяшканне, дзе нічога няма», расказвае Паліна. Не выдаюць матрацаў і коўдраў, трэба спаць на голых дошках. Але спаць амаль немагчыма праз холад і вільгаць. Умовы, паводле былой зняволенай, ідэальныя для захворвання на сухоты і іншае. Няма свежага паветра, не відаць сонца. Зняволеныя ўжо нават не думаюць прасіць адчыніць фортку. Электрычнае святло цэлы дзень. Гарачая вада – 20 хвілін на дзень. Пастаяннае відэаназіранне – нават у туалет трэба хадзіць пад камерай.
Змешчаным туды выдаюць спецыяльную форму з надпісам «ШИЗО», згадвае Паліна. Могуць выдаць замалую, могуць «гуляцца» з гэтай формай і прымушаць насіць пінжак на голае цела. Калі садзяць на месяц, то месяц даводзіцца хадзіць у адным і тым жа адзенні. Добра, калі ёсць калготы. Абутак зняць немагчыма: выбар між ботамі-дуцікамі і тым, каб хадзіць голымі нагамі па каменнай падлозе. Бачыла, як жанчына зняла тыя дуцікі праз 10 дзён: ногі былі белыя і распухлыя.
Душ – гэта калі выганяюць з камеры ў «нейкае страшэннае» памяшканне. На тры душы заганяюць чатырох жанчын. На мыццё пад тонкім струменьчыкам вады даюць 10 хвілінаў. Намыліліся, не паспелі змыць мыла – «як хочаце, так і змывайце». Няма гарачай вады – «мыйцеся халоднай». Не хочаце мыцца – «ніхто не прымушае, маеце права не мыцца».
Паліна рэзюмавала: магла б яшчэ доўга расказваць пра ўсе нюансы, але адным словам – «гэта катаванне». Яна нагадала: з лістапада 2024 года ў ШІЗА могуць кідаць ужо не на 10 дзён за раз, а адразу на 15. А ў ПК № 24 яшчэ і адбыўся «цудоўны рамонт»: драўляныя падлогі замянілі на каменныя, вялікія вокны замянілі на маленькія, нары замянілі на 70-кілаграмовыя ложкі, якія знясіленыя жанчыны мусяць штодня падымаць.
Пазней Паліна згадала, што ўсіх палітвязняў у калоніях робяць «злоснымі парушальнікамі», а гэта абмяжоўвае магчымасць закупляцца ў краме. Купляць даюць на дзве базавыя велічыні на месяц (на 2025 год гэта 84 рублі). Калі ўжываць толькі тую аднастайную ежу, што даюць у калоніі, «гэта ўдар па страўнікавай сістэме, па здароўі». Пачынаюцца праблемы з зубамі, суставамі. Нават хворым на гепатыт не даюць спецыяльных харчоў. У ПКТ не даюць ніякай магчымасці атрымліваць перадачы: сядзіш 10 месяцаў у ПКТ – увесь час без перадачаў.
,,«Яны ідуць, на жаль, на гэтыя правакацыі супраць палітзняволеных, – тлумачыць Паліна Шарэнда-Панасюк. – Не таму, што яны там супраць палітзняволеных. Проста ў іх вельмі гаротнае становішча. А калі адміністрацыя прапаноўвае, што ты зробіш тое-тое, табе за гэта нічога не будзе, а наадварот, ты атрымаеш там… Пап’еш-папаліш! Ну, у чалавека нават ніякіх маральных зрухаў не ўзнікае, ён проста ідзе і робіць гэта».
Таксама Шарэнда-Панасюк перажыла тое, што назвала «карнай псіхіятрыяй»: пажартавала, што «захавалі ад СССР усё найлепшае». Нелаяльнасць да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі наўпрост прыраўноўваюць да псіхічнага адхілення, сведчыць яна. Кажа, на ўласныя вочы бачыла цыдулку псіхіятра з 24-й калоніі: «Называет себя „палітвязнем“, диагноз – параноидальное расстройство личности».

Толькі ад таго, што вязуць у псіхіятрычную лякарню, чалавек ужо пачынае сумнявацца ў сабе, кажа Паліна. У час пераездаў забіраюць любыя рэчы, якія захочуць. Шарэнда-Панасюк згадвае: за чатыры з лішнім гады зняволення каля 20 разоў была ў вагоне для перавозкі зняволеных («сталыпіне»), каля 80 разоў – у аўтазаку, а ператрусаў у розных формах перажыла за дзве сотні.
Расказала не толькі пра катаванні, але і пра салідарнасць
У калоніі, паводле Паліны Шарэнды-Панасюк, сядзіць некалькі катэгорыяў людзей. Адна з катэгорыяў – тыя, хто супрацоўнічаюць з адміністрацыяй і «запісныя стукачы, даносчыкі», якія чыняць правакацыі. Некаторыя трапілі ў «вялікае жахлівае жабрацтва», сядзяць за кратамі без нічога і гатовыя на супрацу з адміністрацыяй за пачку гарбаты ці пачку цыгарэтаў:
Паліна падкрэслівае: большасць жанчын, нават тых, якія на волі злоўжывалі алкаголем, мелі «адэкватнае разуменне сітуацыі» і спачувалі палітвязням. Калі не паказвалі гэта адкрыта, то «ціха, у куточку» казалі: «Мы вас шкадуем, мы ўсё разумеем, нам вас вельмі шкада, але тут усе баяцца, мы нічога сказаць не можам».
Сярод працаўнікоў калоніі таксама было некалькі «адэкватных» чалавек, якія не «пераступалі мяжы», не чынілі ціску. Ды такіх была меншая частка. Паліна прызнаецца: часам мела ўражанне, што «туды пайшлі адны садысты». Зняволеных не ўважаюць за людзей, перакананая яна.
Шарэнда-Панасюк даводзіць, што ў адміністрацыі калоніі над зняволенымі «бязмежная ўлада». Згадвае, як незадоўга да ейнага выхаду на волю ў калонію прыязджаў «чарговы начальнік» з Дэпартаменту выканання пакаранняў: размаўляў са зняволенымі жанчынамі проста мацюкамі, ладзіў «агляд формы» – чапляўся да нейкіх дробязяў. У адной жанчыны быў крыху падняты каўнер целагрэйкі, дык той начальнік стаў трэсці яе за каўнер, у выніку адправіў у карцар.
Стандартнае пытанне ад кіраўніцтва ў такіх выпадках – ці ёсць пытанні наконт рэжыму ўтрымання, расказвае Паліна. На гэта некалькі сотняў жанчын проста стаяць маўчаць, не могуць нічога сказаць, каб не «трапіцца на вочы». І падаваць скаргі небяспечна: будзеш скардзіцца – кінуць у ШІЗА.
Найбліжэйшым месяцам Паліна Шарэнда-Панасюк збіраецца адпачыць і заняцца ўласным здароўем (стан не надта добры, але які дакладна, яна пакуль не ведае: патрэбныя абследаванні). Але затым плануе вярнуцца да палітыкі і заняцца данясеннем звестак да тых структураў, што могуць паўплываць на сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, «грукацца ва ўсе дзверы».
Кажа карэспандэнтцы «Белсату»: «Дзеля гэтага я выжыла, дзеля гэтага я ўсё вытрывала». Смяецца: палітык, які прайшоў праз такія ўмовы, гэта «палітык са знакам якасці». І сур’ёзна дадае, што людзі, якія прайшлі праз гэткія ўмовы – «цвікі рабіць з такіх людзей».
Алесь Наваборскі belsat.eu