Калеснікава застаецца ў няволі з 7 верасня 2020 года. Ціханоўская ўпэўненая, што яна не страціла за кратамі аптымізму і працягвае падтрымліваць іншых.
Палітычная зняволеная Марыя Калеснікава адзначае дзень народзінаў 24 красавіка, сёлета ёй споўнілася 43 гады. Яе выкралі 7 верасня 2020-га, жанчына трапіла да сілавікоў і была асуджаная на 11 гадоў пазбаўлення волі.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская запісала зварот з нагоды пятага дня народзінаў Калеснікавай у няволі:
Марыя Калеснікава – музыка і арганізатарка культурніцкіх імпрэзаў, колішняя арт-дырэктарка менскага культурнага хабу «ОК16». У 2020 годзе далучылася да каманды патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Пасля арышту Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда, які ўзначальваў штаб, кіраваць ім узялася Калеснікава. Пасля рэгістрацыі кандыдатаў са штабам Ціханоўскай аб’ядналіся штабы незарэгістраваных Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, а Ціханоўская, Калеснікава і Вераніка Цапкала сталі разам выступаць на перадвыбарчых мітынгах. Па выбарах Калеснікава ўвайшла ў прэзідыум Каардынацыйнай рады.
7 верасня 2020 года ў цэнтры Менску былі выкрадзеныя невядомымі Марыя Калеснікава і ейныя паплечнікі Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў. Іх гвалтоўна вывезлі на беларуска-ўкраінскую мяжу і спрабавалі выправадзіць з краіны. Калеснікава парвала пашпарт – яе былі вымушаныя пакінуць у Беларусі. 9 верасня стала вядома, што яе затрымалі і абвінавацілі ў «закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы». Пазней ёй дадалі іншыя абвінавачванні, асудзілі 6 верасня 2021-га на 11 гадоў пазбаўлення волі. Марыю прызналі палітычнаю зняволенаю.
Мала вядома пра тое, што адбываецца з Калеснікаваю за кратамі. Працяглы час яе трымалі без сувязі з вонкавым светам – у так званым рэжыме інкамунікада. Блізкія і паплечнікі непакоіліся за ейнае здароўе: да сям'і даходзіла інфармацыя, што палітзняволеная схуднела да 45 кілаграмаў пры росце 175 см, таксама было вядома, што Калеснікаву кідаюць у ШІЗА і ПКТ. 12 лістапада 2024 года бацьку Марыі дазволілі сустрэцца са зняволенаю: дзеля гэтага ён мусіў напісаць зварот на імя Лукашэнкі. Такое патрабаванне незаконнае.

Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што гатовы разгледзець «прашэнне аб памілаванні» Марыі Калеснікавай. Тая сваёй віны не прызнавала.
Ціханоўская ў звароце пра Калеснікаву нагадала пра іншых палітычных вязняў: нагадала, што ім патрэбная ўвага і падтрыманне. На момант публікацыі ў спісе палітычных вязняў, які вядзе праваабарончы цэнтр «Вясна», – 1195 чалавек. Гэты спіс відавочна няпоўны: праваабаронцы не паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам, а некаторыя вязні ды іхныя сваякі баяцца дадатковых рэпрэсіяў за прызнанне палітзняволенымі.
Алесь Наваборскі belsat.eu