Кампанія «Ізавак» – прадпрыемства, вытворчасцю якога сапраўды можна было б ганарыцца. Дзякуючы яе вакуумным тэхналогіям паўставалі сэнсарныя экраны для iPhone и iPad. У 2020-м на «Ізавак» прыходзілася пятая частка сусветнага рынку паставак адпаведнага абсталявання.
Сярод партнёраў – «Tesla», «Samsung», «LG», «Sharp» ды іншыя сусветныя гіганты. Кампанія разрасталася.
«Мы вырошчваем тэхналогію, не моцна звязаную з нашаю ключавою дзейнасцю. Яна звязаная тэхналагічным базісам, але ўсё роўна гэта крыху іншы бізнес. Мы вырошчваем да пэўнага моманту, пасля вылучаем у асобную кампанію», – апавядаў 4 гады таму намеснік дырэктара групы «Ізавак» Віталь Хоміч.
На некалькі такіх кампаніяў увагу звярнулі журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру.
,,«У нас ёсць "Ізавак" у Беларусі, у нас ёсць «Инжиниринг Групп» у Расеі, у нас ёсць "I–Photonics" у Літве. Гэта асноўныя кампаніі, якія мы разглядаем. Таксама ў нас ёсць «Ізатэк-М», – кажа журналістка Беларускага расследавальніцкага цэнтру Марына Дульнева.
Як высветлілі журналісты БРЦ у супрацы з калегамі з іншых медыяў ды арганізацыяў, у снежні 2023-га кампанія «Ізатэк-М» прадала расейскай фірме «НМ-Тэх» сістэму плазменнага траўлення амерыканскай гандлёвай маркі «Applied Materials». Такое абсталяванне выкарыстоўваюць для вытворчасці мікрачыпаў. То бок для Расеі гэта дэфіцытны і важны кампанент вайсковай тэхнікі.
«Па-першае, сістэма, якую паставіла кампанія "Ізатэк-М", ёсць аб'ектам правілаў экспартнага кантролю ЗША, то бок яе забаронена пастаўляць як у Расею, так і ў Беларусь. І другі момант, што кампанія – атрымальніца гэтай сістэмы была пад санкцыямі ЗША», – зазначае Дульнева.

Як падлічылі журналісты-расследавальнікі, з часу поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну 6 кампаніяў групы «Ізавак» атрымалі ад фірмаў, што працуюць на расейскую вайсковую прамысловасць, каля $ 200 мільёнаў.
І гэта далёка не ўсе прыбыткі. Адметна, што ад траціны да паловы мікрасхемаў, якія расейцы выкарыстоўваюць у ракетах і кіраваных авіябомбах, вытворчасці менавіта гэтага менскага прадпрыемства.
Паводле таго ж Беларускага расследавальніцкага цэнтру, з верасня 2022 да чэрвеня 2024-га беларускія кампаніі прадалі расейцам мікрасхемаў больш як на $ 125 мільёнаў. І на гэтым праца на расейскую ваенную машыну не заканчваецца.
,,У расследаванні пра вытворчасць прыцэлаў для бранятанкавай тэхнікі мы паказалі схему, якая налічвае больш за 40 беларускіх прадпрыемстваў, уцягнутых у вытворчасць прыцэлаў для мадэрнізацыі бранятанкавай тэхнікі. Калі казаць пра рэактыўныя снарады калібру 122 міліметры, то мы паказалі больш за 20 кампаніяў», – адзначае прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
Прадпрыемства «Пеленг», 566-ы завод рамонту радыёэлектроннага ўзбраення, Аршанскі авіярамонтны, Беларускае оптыка-механічнае абʼяднанне («БелОМА») – усе яны за спрыянне ў агрэсіі Расеі супраць Украіны цяпер пад заходнімі санкцыямі.
«Гэта ўсё адсоткаў 80 вытворчасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выпускаецца на прадпрыемствах, якія мадэрнізуюцца за кошт грошай Расеі. То бок гэта нейкія крэдыты, субсідыі і проста жывыя грошы», – зазначае Уладзімір Жыгар.
Адметна ж і тое, што ўсё больш айчынных прадпрыемстваў змяняюць профіль на вайсковы. Гэтак, паводле «BELPOL», калі аршанскі «Легмаш» раней вырабляў абсталяванне для лёгкай прамысловасці, цяпер выпускае кампаненты для расейскіх «Градаў», а завод «Амкадор», які звычайна вырабляе спецтэхніку для дарожна-будаўнічай і камунальнай галіны, наладзіў вытворчасць беспілотнікаў.
Алесь Яшчанка