Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у Беларусі ў сакавіку склаў Br 2601,8. Значна больш за палову беларусаў пра такі заробак могуць толькі марыць. У Слуцку работнікі крамы «Суседзі» нават пайшлі на пратэст.
Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў (PDF) афіцыйныя звесткі пра сярэдні заробак у сакавіку 2025 года. Гэтак, сярэдні заробак па краіне склаў Br 2601,8 – на Br 173,7 больш, як у лютым. Гэта, як заяўляе Белстат, у рэальным выражэнні з папраўкаю на інфляцыю на 11,8 % больш, як у сакавіку-2024.
Найвышэйшыя заробкі ў Менску. Паводле Белстату, сталічны сярэдні заробак складае Br 3544,7. У Віцебскай вобласці сярэдні заробак найніжэйшы: Br 2143,1.
Найбольш, паводле Белстату, зарабляюць у галіне інфармацыі і сувязі: Br 6417,6. Ды ІТ-партал Devby.io заўважае, што айцішнікі перасталі быць найбагацейшымі паводле афіцыйнага сярэдняга заробку: менавіта айцішнікі ў гэтай статыстыцы атрымалі Br 7937,7, а работнікі галіны грузавога паветранага транспарту – Br 8263,3.
Гэта не тыя заробкі, якія атрымліваюць беларусы
Па-першае, намінальная сярэдняя заработная палата – гэта заробак да вынятку падаткаў, ад якога трэба адымаць як мінімум 14 %.
Па-другое, сярэдні заробак – гэта сума ўсіх заработных платаў, падзеленая на колькасць атрымальнікаў заробку. Заробак сярэдняга працаўніка ў спісе, адсартаваным паводле памеру заработных платаў, завецца медыянным. Яго публікуюць рэдка. Паводле апошніх на сёння звестак, у лістападзе 2024 года быў роўны Br 1792,2 да вынятку падаткаў.
Па-трэцяе, мяркуючы з дзяржаўнага банку вакансіяў, дзе абавязаныя публікаваць усе абвесткі пра пошук працы, беларусам прапануюць значна ніжэйшыя заробкі пры прыёме на працу. Медыянная абвестка з працай у адну змену на поўную стаўку – Br 1100 да вынятку падаткаў. На такі заробак шукаюць, напрыклад, малодшага навуковага працаўніка ў менскі інстытут, загадчыка дому культуры ў некалькіх ДК каля Менску, інжынера-электроніка ва Уздзе Менскай вобласці, касіра ў берасцейскі банк, кіроўцу аўтобуса ў Шчучыне і гэтак далей.
У Слуцку пачалі абурацца
Ва ўмовах маштабных палітычных рэпрэсіяў у Беларусі нячаста з’яўляюцца навіны нават пра эканамічныя пратэсты. Але выданне «SlutskGorod» паведаміла 24 красавіка пра страйк работнікаў крамы «Суседзі». Случакам падоўжылі працоўны дзень да 2:00 уначы і дадалі заданняў: работнікі неаднаразова прасілі начальства падняць за гэта заробак. Калі не ўдалося дамовіцца, работнікі не выйшлі на працу, каля 10 чалавек сабраліся каля крамы і не адчынялі яе. Праз гадзіну пакупнікоў пусцілі, пра затрыманні або саступкі працаўнікам не паведамлялася. Інцыдэнт адмовіліся каментаваць нават дзяржаўным медыям: сказалі толькі, што вядзецца ўнутранае правяранне.
Якія заробкі ў краме, невядома. Але кухару, які гатуе піцу, слуцкія «Суседзі» гатовыя прапанаваць ад Br 1215 за поўную стаўку і яшчэ Br 450 раз на квартал у форме падарункавага сертыфікату. Прадаўцоў у розных крамах у Слуцку шукаюць на заробкі ад Br 726 да аж Br 1700–4000 (найбольшы заробак прапануе дастаўца запчастак для цяжкавікоў). Заробкі, падобна, пазначаныя «бруднымі», да вынятку падаткаў.
Заробкі ў крамах абураюць не толькі случакоў. У TikTok шмат праглядаў і каментароў набрала відэа з абвесткаю гомельскага гандлёвага цэнтру «Карона»: прадавец – ад Br 1280, касір – ад Br 1370, кандытар – ад Br 1470… Імаверна, усе заробкі – да вынятку падаткаў.
У каментарах пішуць: «лепш у Польшчу паеду трускаўкі збіраць», «лепш у Літву на будоўлю». Адзін піша: «І ў Менску так жа». Другі жартуе: «Спадзяюся, гэта хаця б на тыдзень?» Трэці расказвае: у «Санце» ў абвестцы – Br 1200, на рукі прыходзіць Br 800–850. Чацвёртая піша, што яна былая працаўніца «Кароны»: калі працаваць па 12 гадзінаў два дні праз два, можна чыстымі атрымаць Br 1100. Чалавек, які назваўся грузчыкам у «Кароне», заяўляе, што атрымлівае на рукі Br 1400 пры працы два дні праз два. І вялікая колькасць каментатараў заўважае, што ў тэлевізары кажуць пра заробкі дзве з лішнім тысячы.
Алесь Наваборскі belsat.eu