Махавік рэпрэсіяў у Беларусі не спыняецца нават у Вялікую пятніцу.
Скончыў адбываць свой тэрмін валанцёр «Вясны» Андрэй Чапюк, але не вярнуўся дадому
Яго вывелі з калоніі ў кайданках і павезлі ў невядомым кірунку, паведамляе «Вясна».
Андрэй Чапюк быў асуджаны паводле пяці артыкулаў КК РБ на 5 гадоў і 9 месяцаў калоніі. За кратамі Чапюк правёў больш як 4,5 года, таму цалкам адбыў прызначаны тэрмін.
Сваякі чакалі яго каля калоніі, аднак невядомыя людзі некуды яго звезлі. Потым у праўладных тэлеграм-каналах з'явіўся запіс ягонай размовы са следчым.
Праект журналіста Аляксандра Івуліна «Честнок» абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем»
У праекце «Честнок» Івулін расказвае пра беларускі спорт. Сёння Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі прызнала YouTube-праект «экстрэмісцкім фармаваннем».
Блогера Аляксандра Івуліна затрымалі ў чэрвені 2021 года і спачатку асудзілі на 30 содняў, пазней ён трапіў у калонію, адкуль выйшаў толькі ў лютым 2023-га. Раней яго занеслі ў спіс асобаў, якія, маўляў, маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
У спіс «экстрэмістаў» дадалі 50 прозвішчаў
18 красавіка «Спіс грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» павялічыўся на 50 прозвішчаў і дайшоў да 5192 асобаў.
У іх ліку апынуўся палітвязень і «тэрарыст» Уладзімір Шпак, якому ў студзені 2025 года лукашэнкаўскі суд прысудзіў 7 гадоў калоніі за адміністраванне тэлеграм-чату «Propovednik» (у каналу былі ўсяго 122 падпісальнікі).
Масавыя затрыманні ў Дзяржынску
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», у Дзяржынску апошнія некалькі дзён ідуць затрыманні і ператрусы. Паводле відавочцаў, частка затрыманых – людзі з суседніх дамоў адной вуліцы, якім інкрымінуюць «народны» 342-і артыкул КК.
Паведамляецца, што затрыманых ідэнтыфікавалі праз фотаздымкі і відэа з пратэстаў
Затрыманых як мінімум пяцёра, але дакладная колькасць пакуль невядомая.
Палітзняволенай дадалі яшчэ паўтара года зняволення
50-гадовую актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі»), паводле якога судзяць шмат каго з палітзняволеных. Жанчыне дадалі 1,5 года да 8 гадоў зняволення, піша «Вясна».
Са сведчанняў былой палітзняволенай Антаніны Канавалавай, Алена адбыла больш за 90 содняў у карцары (ШІЗА) і больш за 60 дзён – у памяшканні камернага тыпу.
Улада распачала новае спецвядзенне
53-гадовага Андрэя Кузьменчука, які жыве за межамі Беларусі, улады збіраюцца судзіць завочна. Следчы камітэт распачаў чарговае спецвядзенне і заклікае яго вярнуцца ў Беларусь ды прыйсці ва Упраўленне СК Брэсцкай вобласці.
Вядома, што раней яго ўнеслі ў базу вышуку МУС паводле абвінавачання ва ўдзеле ў масавых беспарадках (арт. 293 КК).
Спецвядзенне дазваляе судзіць людзей пры іхнай адсутнасці, а затым канфіскоўваць у іх маёмасць.
Пачаліся завочныя суды супраць заснавальнікаў «BYSOL», «BY_Help» і актывістаў
На 18 красавіка ў Гомельскім абласным судзе прызначаны разгляд завочнай крымінальнай справы ў дачыненні семярых актывістаў і актывістак: Андрэя Стрыжака, Аляксея Лявончыка, Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапко, Аляксандры Жук і Аляксандра Падгорнага, паведамляе «Вясна».
Кожнаму з фігурантаў справы інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Спецвядзенне супраць іх пачалі ў снежні 2024 года.
Тэса Анэйда / belsat.eu