навіны

У Беларусі рэзка вырасла колькасць пажараў. Вінаваты не столькі клімат, колькі алкаголь

img
Пажар у Мазырскім раёне, Беларусь. 16 студзеня 2020 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Mchs.gov.by
podpis źródła zdjęcia

У Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў занепакоіліся ростам колькасці пажараў у Беларусі ў першым квартале 2025 года, вынікае з ліста, які «BELPOL» перадаў «Белсату».

Арганізацыя «BELPOL» падзялілася з «Белсатам» лістом першага намесніка міністра надзвычайных сітуацыяў Аляксандра Худалеева віцэ-прэм’еру Анатолю Сіваку. Першы праінфармаваў другога пра істотны рост колькасці пажараў.


У І квартале 2025 года колькасць пажараў у Беларусі вырасла ў параўнанні з тым жа кварталам 2024-га на 36,1 % (з 1451 да 1975), а колькасць загінулых ад пажараў – на 35,3 % (са 156 да 211). Рост колькасці пажараў паўсюдны: ад 11,3 % у Віцебскай вобласці да 65,6 % у Гарадзенскай. Таксама паўсюдна вырасла колькасць загінулых на пажарах.


Асноўныя прычыны пажараў – неасцярожнае абыходжанне з агнём (36,3 % выпадкаў), парушэнне правілаў усталёўкі і эксплуатацыі печаў і ацяпляльных прыладаў (25,8 %) і парушэнне правілаў электрычнага абсталявання (25 %). Абсалютная большасць загінулых – на тых пажарах, што былі ад неасцярожнага абыходжання з агнём (71,1 % загінулых).


Большая частка загінула ад пажараў, прычынай якіх была нязгашаная цыгарэта (62,1 % ад усіх загінулых у пажарах). Амаль палова загінулых на пажарах (46 %) былі ў стане алкагольнага ап’янення.

,,

«Значная колькасць пажараў адбываецца ў домаўладаннях і кватэрах грамадзян, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі, – піша намеснік міністра. – Большасць з іх не працуюць, вядуць асацыяльны лад жыцця, і звычайныя метады прафілактычнай працы з дадзенымі асобамі аказваюцца недастаткова эфектыўнымі праз комплекс узаемазвязаных фактараў :псіхалагічных, сацыяльных, фінансавых».


Справа таксама і ў клімаце. У 2025 годзе, як піша намеснік міністра, працяглая адсутнасць снежнага покрыва і падвышаная тэмпература спрыялі ранняму ўзнікненню пажараў у прыродзе. Станам на сярэдзіну красавіка колькасць узгаранняў у прыродзе вырасла ў 3,5 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, плошча пажараў вырасла ў 7 разоў. У выніку прыродных пажараў загінула на той момант 7 чалавек, калі за аналагічны перыяд мінулага года – толькі 1 чалавек.


Людзі сталі больш гінуць і на вадзе. Станам на сярэдзіну красавіка колькасць загінулых ад патаплення вырасла на 30 %, з 65 загінулых 11 былі ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення.


МНС справаздачыцца аб прафілактыцы традыцыйнымі метадамі: прафілактычныя мерапрыемствы, інфармацыйныя акцыі, тлумачальная праца, праверкі і абследаванні памяшканняў… Але шукаюць і новыя метады: МНС ініцыявала разгляд пытання з праваслаўнай царквой аб магчымай арганізацыі размоваў святароў з грамадзянамі аб прафілактыцы пажараў.


Савету міністраў МНС раіць даручыць міністэрствам і аблвыканкамам сканцэнтраваць прафілактычную працу на адзінокіх грамадзянах, у прыватнасці адзінокіх пажылых і людзях з інваліднасцю, на шматдзетных сем’ях і на людзях, якія злоўжываюць алкаголем. Таксама заклікаюць выканкамы забяспечыць «дзейны кантроль за якасным і своечасовым выкананнем рэспубліканскага плану мерапрыемстваў у навядзенні парадку на зямлі», прыняць дзейныя захады рэагавання на пажары ў прыродзе, сачыць за падрыхтоўкай месцаў адпачынку ля вады, рэгулярна разглядаць развіццё Таварыства ратавання на водах і праводзіць працу з вучнямі і іхнымі бацькамі ў давядзенні патрабаванняў бяспечных паводзінаў на вадзе.

Паседжанне камісіі для спрыяння занятасці насельніцтва ў адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні, Беларусь. 17 красавіка 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Len_grodno / Instagram

Пратасевіч не можа знайсці працы ў Беларусі. А што астатнія? Глядзім на праблемы рынку працы

Аналітыка

З ліста МНС незразумела, ці збіраюцца ў МНС ці Саўміне рабіць нешта з першапрычынай росту колькасці пажараў: алкаголем і беспрацоўнымі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Тым больш невядома, ці шукаюць глыбінныя прычыны высокага спажывання алкаголю і беспрацоўя.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10