Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 1171 дзень. Пуцін абвяшчаў замірэнне з 8 да 10 траўня – і Расея працягнула біць па Украіне. Трампа, магчыма, гэта пачынае раздражняць. «Белсат» пераказвае, што пішуць пра вайну 9 траўня.
Уладзімір Пуцін заяўляў пра поўнае прыпыненне баявых дзеянняў ва Украіне з 8 да 10 траўня ўключна. Ці яго не паслухаліся, ці ён схлусіў, але баявыя дзеянні працягваюцца ў звычайным для гэтай вайны крывавым тэмпе.
Паводле зводкі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за 8 траўня – першы дзень пуцінскага «замірэння», былі зафіксаваныя 193 баявыя сутыкненні. Гэта вельмі высокая інтэнсіўнасць баёў. Іх колькасць на дзень няспынна павышаецца з сярэдзіны красавіка. Самым актыўным кірункам застаецца пакроўскі, шмат баёў таксама на навапаўлаўскім, ліманскім і курскім.
ЗСУ налічылі за мінулы дзень 1300 забітых або цяжкапараненых расейскіх вайскоўцаў (963 тысячы з пачатку поўнамаштабнай вайны), 4 страчаныя Расеяй танкі і 4 браняваныя машыны, 36 артылерыйскіх сістэмаў, 1 рэактыўную сістэму залпавага агню і 1 сродак паветранай абароны, 120 адзінак аўтамабільнай тэхнікі.
За мінулы дзень Расея, паводле Генштабу ЗСУ, нанесла па Украіне 18 авіяўдараў 32 кіраванымі авіябомбамі, учыніла амаль 4 тысячы абстрэлаў, з якіх 67 – рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню, ужыла 2659 дронаў-камікадзэ рознага тыпу. Прадстаўнік Паветраных сілаў назваў выданню «Українська правда» большыя лічбы: за 8 траўня Расея выпусціла каля 130 КАБаў, усе на сумскім кірунку, і за першую палову дня 9 траўня працягнула атакаваць.

Адна бомба, імаверна, забіла 63-гадовую жанчыну на Сумшчыне. Ад атакі беспілотнікам загінула яшчэ адна жанчына на Херсоншчыне. Што праўда, другі дзень запар Расея не запускала па Украіне дронаў «Shahed». Але Паветраныя сілы Украіны паведамлялі пра ракетную небяспеку.
Украіна загадзя не пагаджалася на абвешчанае Расеяй «замірэнне», бо ў мінулыя «спыненні агню» тая працягвала атакаваць. Цяпер Расея вінаваціць Украіну ў зрыве «замірэння», а Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што Пуцін «даўно гатовы не проста замірэнне, а мір заключыць». Лукашэнка сцвярджае: «Як толькі амерыканцы з украінцамі пастановяць, што патрэбен мір, еўрапейцы пашыхтуюцца – і мір наступіць».
У амерыканскім Інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што гэткае «замірэнне» з расейскага боку «працягвае дэманстраваць неабходнасць таго, каб любое пагадненне аб спыненні агню або замірэнні было загадзя афіцыйна ўзгодненае ўсімі бакамі і залучала надзейныя механізмы маніторынгу». Ад доўгатэрміновага (і сапраўднага) спынення агню Расея адмаўляецца, заўважае ISW, а Украіна падкрэслівае гатовасць выканаць 30-дзённае спыненне агню, прапанаванае прэзідэнтам Злучаных Штатаў Доналдам Трампам.
З Трампам увечары 8 траўня размаўляў праз тэлефон прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі – ізноў падкрэсліў сваю згоду на 30-дзённае спыненне агню і гатовасць да перамоваў з Расеяй у любым фармаце. Трамп пасля напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social: калі спыненне агню не будзе выконвацца, ЗША і партнёры ўвядуць дадатковыя санкцыі. І дадаў, што не выходзіць з перамоваў з Расеяй і Украінаю, будзе «даступны ў любы момант, калі спатрэбяцца паслугі».
Таксама з Трампам размаўляў праз тэлефон 8 траўня новы канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц, ён запрасіў амерыканскага прэзідэнта ў Нямеччыну, паведаміў пра дамову «хутка развязаць гандлёвыя спрэчкі». Паводле яго, ён пагадзіўся з Трампам у тым, што вайну ва Украіне трэба скончыць як мага хутчэй, а Расея мусіць пагадзіцца на спыненне агню, каб «стварыць прастору для перамоваў». 9 траўня ва Украіну прыехаў сярод іншых міністр замежных справаў новага ўраду Нямеччыны Ёган Вадэфуль: у Львове адбываецца нефармальная сустрэча міністраў замежных справаў дзяржаваў Еўразвязу. На гэтай сустрэчы пастанавілі даць Украіне яшчэ адзін мільярд еўраў для ўкраінскай вайсковай прамысловасці, абмяркоўвалася «канчатковае палітычнае ўхваленне» трыбуналу над Пуціным.
Пра спыненне агню з Трампам 8 траўня размаўляў і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон: вітаў заклік да спынення агню на 30 дзён – падкрэсліў, што гэтак жа рабілі ранкам брытанскія і скандынаўскія партнёры. Макрон падкрэсліў: у выпадку адмовы Расеі ад спынення агню Францыя разам з еўрапейцамі і амерыканцамі будзе гатовая «адрэагаваць рашуча». Брытанцы, дарэчы, увялі 9 траўня санкцыі супраць расейскага «ценявога флоту» і далі Украіне яшчэ 25 млн фунтаў на гуманітарныя праекты.
Як перадае «CBC», з Трампам пра Украіну размаўляў і прэм’ер-міністр Канады Марк Карні: на сустрэчы 6 траўня, паводле крыніцы выдання, тэму глабальных праблемаў, у ліку якіх – вайна ва Украіне, захацеў абмеркаваць Трамп. Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс таксама цікавіцца тэмаю вайны ва Украіне: у інтэрв’ю «Fox News» ён заявіў, што патрабаванні Расеі «завялікія» і Расея не можа разлічваць на тэрыторыі, якіх не захапіла. Паводле Вэнса, пазіцыя ЗША ў тым, каб Украіна не зазнала краху і засталася суверэннаю дзяржавай. Ён дадаў, што ЗША выйдуць з перамоваў з Расеяй, калі зразумеюць, што тая «не бярэ ўдзелу ў перамовах і не паводзіць сябе шчыра».

Украіну падтрымліваюць не ўсе краіны Еўропы. Сярод тых, хто, хутчэй, на расейскім баку, – улады Вугоршчыны. 9 траўня Служба бяспекі Украіны заявіла пра выкрыццё шпіёнскай сеткі вугорскай вайсковай выведкі, якая збірала інфармацыю пра абароненасць Закарпацкай вобласці Украіны, дзе кампактна пражывае вугорская меншасць. Міністр замежных справаў Вугоршчыны паведаміў, што Будапэшт пакуль не атрымліваў ад Кіева звестак пра гэта, таму пакуль выкрыцця не каментуе. Ён дадаў, што ва Украіне «часта лунае антывугорская прапаганда, і ў шмат якіх выпадках яна абсалютна неабгрунтаваная».
Кітай тым часам больш адкрыта займае бок Расеі: 8 траўня падчас візіту ў Маскву кіраўнік Кітаю Сі Цзінь Пін заявіў пра падтрыманне Расеі і Пуціна ў пабудове «новага сусветнага парадку». У супольнай заяве Пуцін і Сі адзначылі, што вайна ва Украіне можа быць урэгуляваная «толькі шляхам ліквідацыі яе першапрычынаў». Таксама кіраўнікі Расеі і Кітаю падпісалі ўгоду пра паглыбленне стратэгічнага партнёрства.
Алесь Наваборскі belsat.eu