«Нам трэба стратэгічна думаць, як нам зрабіць так, каб Беларусь не сталася паўнавартасным саюзнікам Расеі», – кажа амерыканскі генерал-лейтэнант у адстаўцы Бэн Годжэз. Былы камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе раней наведваў Беларусь і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Вайсковец лічыць, што Расея можа працягнуць вайну ва Украіне і таксама пагражаць NATO, але па-іншаму. Больш глядзіце ў інтэрв’ю Сяргея Пелясы, якое выйшла ў праграме «ПраCвет».
- Як бы вы ацанілі ваенную сітуацыю ва Украіне?
- Я думаю, што яна лепшая, чым, магчыма, думае свет. Генерал Каволі тры тыдні таму сведчыў перад Камітэтам у справе ўзброеных сілаў Палаты прадстаўнікоў і Сенату ЗША, што Украіна перамагае на полі бою. Я думаю, што распаўсюджанае ўяўленне пра тое, што адбываецца, ужо некаторы час памылковае. Расея 11 гадоў мела ўсе перавагі, і яны ўсё яшчэ кантралююць толькі каля 18 адсоткаў Украіны. Яны страцілі больш за 900 тысяч чалавек, і я не бачу ніякага спосабу, каб Расея магла вывесці Украіну з вайны. Вядома, для мірных жыхароў жахліва, што яны падлягаюць атакам расейскіх ракетаў і беспілотнікаў. Але калі я параўноўваю, я бачу, што Украіна ідзе ўгару, а Расея – уніз.
- Маё другое пытанне тычыцца Польшчы. Што вы думаеце пра ролю Польшчы на ўсходнім флангу NATO цяпер, калі роля Злучаных Штатаў незразумелая для нас тут, у Еўропе?
- Так, мяне турбуе, што хтосьці сумняваецца ў прыхільнасці Амерыкі да Еўропы і ў тым, ці могуць яны разлічваць на нас і NATO. Я б сказаў: так, яны могуць [разлічваць], але сам факт узнікнення пытання ёсць праблемай. І гэта можа прывесці да таго, што Расея зробіць жудасную памылку, што, магчыма, яны падумаюць, што Злучаныя Штаты негатовыя і што іншыя краіны негатовыя. Такім чынам, гэта шкодзіць нашаму стрымальнаму эфекту.
,,Але Польшча, ведаеце, стагоддзямі была тут. Яны ведаюць, хто ім пагражае, і вось тут рака Вісла. Яны ведаюць, чым скончыцца гэтая гісторыя, калі Расея дойдзе да Віслы. Таму яны не збіраюцца сядзець за Віслай, яны пойдуць наперад. Калі Расея пачне наступаць, я думаю, праз Беларусь ці праз Украіну, Польшча не будзе чакаць. Яны будуць рухацца наперад, таму што ведаюць, што пастаўленае на кон. А гэта выжыванне іх насельніцтва, іх уласны суверэнітэт.
- І маё апошняе пытанне – пра Беларусь. Як вы думаеце, якая роля Беларусі ў ваеннай стратэгіі Расеі? І як вы як адстаўны амерыканскі генерал бачыце ваенную ролю Беларусі для NATO? І ў гэтым плане якая можа быць мэта вучэнняў «Захад-2025», вучэнняў у Расеі і Беларусі ў верасні гэтага года?
- Вядома, усе мы, я думаю, хочам ведаць, які патэнцыял яшчэ мае Расея, калі яны не могуць перамагчы Украіну, і ў іх больш за 900 тысяч ахвяраў. Яны выкарыстоўваюць для атак электрычныя скутары, матацыклы і гольф-кары. Мне было б вельмі цікава паглядзець, колькі абсталявання яны могуць разгарнуць у Беларусі для вучэнняў «Захад». Магчыма, у іх яго шмат, але яны не выкарыстоўваюць яго ва Украіне, таму што яно было разбуранае. Таму мне будзе цікава паглядзець, што яны насамрэч разгарнуць для вучэнняў «Захад». І, вядома, Беларусь. Я гляджу на Беларусь і бачу сувальскі калідор. Я маю на ўвазе, калі б Беларусь не разглядалася як саюзнік або нейкі спосаб падтрымання расейскіх сілаў, то не было б сувальскага калідору.
Гэта былі б шырокія адкрытыя прасторы. Беларусь – суверэнная краіна. Я думаю, што Лукашэнка казаў гэта зноў і зноў. Мы ўсе хочам ведаць, што ён насамрэч робіць. Наколькі ён адказвае на ціск з боку Расеі? Колькі ён дазваляе? І я думаю, што ён, відаць, будзе працягваць да канца свайго жыцця спрабаваць рабіць і адно, і другое, каб не дапусціць захопу Расеяй Беларусі і захаваць нейкі суверэнітэт. Таму я мяркую, што нам трэба стратэгічна думаць, як нам зрабіць так, каб Беларусь не сталася паўнавартасным саюзнікам Расеі.
Вядома, Беларусь інтэграваная ў агульную сістэму супрацьпаветранай абароны. Вядома, расейцы могуць прылятаць і вылятаць з Беларусі, каб пачаць свае атакі на Украіну. Але я пакуль не бачыў, каб салдаты з Беларусі атакавалі Украіну. Таму я спрабую зразумець, як нам стрымаць Беларусь ад таго, каб яна сталася паўнавартасным саюзнікам. А таксама, ведаеце, падумайце ў доўгатэрміновай перспектыве, хто будучыня Беларусі? Гэта будзе не Лукашэнка, відавочна. Хто будзе наступным? Каго хоча народ Беларусі? І ці змогуць яны дзеяць незалежна, нягледзячы на тое, што кажа Крэмль? І нарэшце, вядома, Польшча і Літва: ведаеце, ім даводзіцца мець справу з гэтай праблемай фальшывых мігрантаў, калі Беларусь прывозіць мігрантаў з Блізкага Усходу, а потым падштурхоўвае іх прарываць мяжу. Я лічу, што гэта амаральна і незаконна. І я спадзяюся, што прэзідэнт і ўрад Беларусі спыняць гэта.
- Ці лічыце вы, што расейцам патрэбны мір ва Украіне, каб абвастрыць адносіны з NATO і пагражаць краінам Балтыі? Ці могуць яны дзеяць на абодвух тэатрах ваенных дзеянняў?
- Гэта выдатнае пытанне, бо я лічу, што яны могуць працягваць рабіць тое, што робяць ва Украіне, і таксама пагражаць NATO, але па-іншаму. Ім не трэба мець 500 тысяч салдатаў, каб уварвацца і заваяваць Балтыйскі рэгіён. Гэта не тое, чаго яны хочуць. Я лічу, што Расея хоча разбурыць NATO: атакаваць дзе-небудзь, стварыць сітуацыю канфлікту і паглядзець, ці адкажа NATO як альянс? Таму што калі мы гэтага не зробім, калі ўсе 32 краіны не скажуць, што гэта напад паводле пятага артыкулу на Літву, Польшчу, Латвію ці каго-небудзь яшчэ, калі мы не адкажам, то гэта будзе вельмі і вельмі шкодна для Альянсу. Я думаю, што менавіта гэтага хоча Расея. Я думаю, яны гатовыя распачаць такую гульню, калі падумаюць, што Злучаныя Штаты не такія ўпэўненыя. Я магу ўявіць сабе сітуацыю, калі Расея будзе гатовая зрабіць нейкую кінетычную ўзброеную атаку. Яны ўжо пераходзяць усе межы, разбураюць інфраструктуру, знішчаюць камунікацыйную інфраструктуру, арганізуюць сабатажы. Яны ўжо імкнуцца высветліць, дзе мы нарэшце адкажам. І таму я магу сабе ўявіць, што яны будуць працягваць рабіць тое, што робяць ва Украіне, а потым правераць, ці гатовае NATO ўсё яшчэ рабіць тое, што павінна рабіць.