Калі б я пісала мастацкі раман пра сённяшнія падзеі, то я б пачала, напэўна, са слоў: «Дзень Перамогі ў Маскве так яшчэ не адзначалі». Любы нармальны чалавек, калі б ён там сёння апынуўся, не зразумеў бы адразу што ж адбываецца. Адчуванне такое, што вайна ў самым разгары. Які Дзень Перамогі?! Уражвае да якой ступені Масква 2025-га нагадвае Берлін 1945-га. З-за нападаў украінскіх дронаў маскоўскія аэрапорты закрылі яшчэ за некалькі дзён да сённяшняга «святкавання». Пасажыраў перанакіравалі ў Пецярбург. За дзень адмянялі па 100 рэйсаў. У аэрапортах сапраўдны калапс: людзі больш за суткі не могуць вылецець не тое што за мяжу – у той жа Екацярынбург. Як гэта ўсё нагадвае эвакуацыю пры недахопе транспарту! Ну проста вайсковая хроніка!
Дык яшчэ і сувязь пачалі глушыць і мабільны інтэрнэт высеклі. Як быццам у горад увайшлі дыверсійныя групы і ім спрабуюць стварыць перашкоды. Затое паўсюль паліцыя, сцягі, людзі ў вайсковай форме тых часоў… Самі гараджане сядзяць фактычна пад замком. Ну сапраўды як тады ў Берліне нацысты стваралі бачнасць, што ўсё ідзе па плане і запэўнівалі, што ўсё пад кантролем. Але бомбы білі па дамах, аэрадромах, ваенных заводах. І людзі гэта бачылі. Многія з іх ужо разумелі, што справа ідзе да сумнай развязкі, але яшчэ больш было тых, якія казалі, што гэта часовыя цяжкасці і хутка мы заваюем увесь свет.
А тым часам той свет ненавідзеў Гітлера з яго паплечнікамі і гэтая нянавісць ужо пачала распаўсюджвацца на ўсіх немцаў. І тады таксама казалі, што ёсць «добрыя немцы», якія ўсё разумеюць. І тыя «добрыя немцы» таксама жылі за мяжой, як цяперашнія «добрыя рускія». Як цяпер «добрыя рускія» кажуць, што ва ўсім вінаваты
Пуцін, так і тады 80 гадоў таму «добрыя немцы» казалі, што ва ўсім вінаваты толькі Гітлер.

Сённяшняя крамлёўская ўлада зрабіла ўсё, каб сцерці розніцу паміж той вайной і акупацыяй Украіны. Ідэалогія мёртвай хваткай трымаецца за Дзень Перамогі, таму што спрабуе ўдзелам Расеі ў Другой сусветнай апраўдаць сённяшнюю вайну. Значыць, можна акупаваць краіну, рабаваць, забіваць цэлы народ. Маўляў пераможцы ведаюць што робяць. У ідэалогію ўцягнуты ўсе пласты насельніцтва ўсіх узростаў. І вось ужо расейскія дзеці ў вайсковай форме з канцэртных пляцовак дэкламуюць:
«Пусть ватником меня зовут и оккупантом,
На славе дедов мерзким спекулянтом,
Я буду всех народов убивантом...».
Расейцы лічаць, што сваяцтва з загінуўшымі салдатамі таго сталінскага войска ў далёкай вайне, дае ім сёння ліцэнзію на забойства ўкраінцаў і ядравы шантаж усёй Еўропы. Прапаганда запэўнівае: не было ніякіх украінцаў, беларусаў, грузінаў, татараў... Яны былі калабарантамі і паліцаямі. А перамогу здабываў рускі салдат пад кіраўніцтвам мудрага Сталіна. Вось і растуць помнікі Сталіну як грыбы. У СССР пасля Хрушчоўскай адлігі іх было 5, а зараз ужо 120. Пачалося гэта пры Пуціне, а пасля акупацыі Крыму тэмпы падвоіліся. Ні слова пра антыгітлераўскую кааліцыю, пра ленд-ліз, ролю «другога фронту». Ні слова пра бесчалавечныя загады, пра ролю СМЕРШ, пра рэпрэсіі. Ні слова пра тое, як потым абышліся з тымі, якія вярнуліся з палону…

8 траўня ўвесь свет адзначаў 80-годдзе падпісання акту аб капітуляцыі Нямеччыны. У самой Нямеччыне гэты дзень аб'яўлены выхадным. На цырымоніі ў Бундэстагу кіраўнік парламенту Юлія Клекнер гаварыла аб злачынствах нацыстаў і выказалася аб вайне Расеі супраць Украіны. «Заўтра ў Маскве мы ўбачым парад Перамогі, з дапамогай якой вайну супраць Украіны сёння спрабуюць апраўдаць імем вызваліцеляў таго часу. Якое ж гэта злоўжыванне гісторыяй!» – сказала яна. Маніпуляцыя свядомасцю нацыі здаецца ніколі не праходзіла бяскарна. Рана ці позна народы прачыналіся. Але за прасвятленне даводзілася плаціць занадта высокі кошт.
Хто сёння ў ХXІ стагоддзі, пасля публікацыі шматлікіх дакументаў і наяўнасці столькіх мастацкіх твораў пра тую вайну, можа абдымацца з дыктатарам? Нават калі гэты дыктатар сам марыянетка ў руках ФСБ? Нават, калі на яго месцы можа быць любы статыст, любая шэрая моль? Увесь свет сёння можа ўбачыць гэтых людзей. Яны будуць знаходзіцца на трыбуне. І сёння як ніколі, відаць каго з гэтых «гасцей» купілі, каго трымаюць на кручку расейскія спецслужбы, а хто проста дурны да непрыстойнасці. Так, таварыш Сі сваім візітам вельмі дапамог Пуціну. Але не гэта важна, а тое, што зараз выразна абазначыўся раскол свету. І сёньня мы можам бачыць якія менавіта сілы нацэліліся на эўрапейскую цывілізацыю.
,,Цяперашнія і будучыя ахвяры вайны дыктатараў ніколі не цікавілі. 80 гадоў таму Сталін прыбраў знявечаных вайной калек куды далей. Людзі без рук, без ног, з абпаленымі тварамі дажывалі свой век у бараках, больш падобнымі на турэмныя камеры. А на мёртвых таксама было пляваць. Мне ўспамінаецца аповед жанчыны з-пад Ржэва. «Забітых было столькі, што іх целамі былі ўсеяны палі. Я была маленькая, мама валіла з мужыкамі лес, норму выконвала, а мы былі з цёткай. Нас, дзяцей, яна пасылала збіраць кубачкі. У забітых былі такія кубкі металічныя з ручкай. А некаторыя мужчыны сабе яшчэ рамяні забіралі ці нешта там яшчэ. Яны ж мерцвякі, ім ужо ўсё роўна. Потым, калі аралі палі, то яшчэ доўга іх косткі перамолваліся. Кагосьці спехам пахавалі ў агульнай яме. Але вельмі многа было забітых. Усіх не пахавалі. А каму іх хаваць? Такія нормы былі, што людзі ледзь прыходзілі дадому. І зноў на працу ў калгас ці на лесапавал. А салдаты так і ляжалі. Ніхто асабліва і не шукаў родных.
Хоць усе ведалі, што зніклы без вестак, гэта значна горш, чым загінулы з пахаванкай. Наш бацька загінуў пад Ленінградам і гэта высветлілася толькі ў 70-ыя. А так нам даслалі, што прапаў без вестак. Можа, таксама ляжаў так. Ніякай дапамогі нам не было. Толькі пасля таго як следапыты ўстанавілі асобу, нас прызналі як сямʼю загінулага»… І гэта ўсё на тэрыторыі Расеі. Гэта расейскія сяляне мясцовыя, а не якія марадзёры ў нямецкіх гарадах, якія апраўдвалі свае зверствы – рабаванні і згвалтаванні – тым, што гэта «помста за зняважаныя гарады і вёскі». Але на парадах аб гэтым казаць не прынята.
А за што помсцяць расейскія вайскоўцы, калі гвалцяць і рабуюць жыхароў Украіны? Завошта помсцяць кожную хвіліну, наносячы ўдары па мірных гарадах і вёсках? Завошта зраўнялі з зямлёй Марыупаль, Бахмут, Вугледар, дзясяткі мірных гарадоў?… І ўсё роўна чаму ў Маскве Дзень Перамогі адзначаюць 9 траўня, а не як увесь цывілізаваны свет 8-га. Важна, што там укладваюць у гэтае паняцце. Бо адзначаецца не перамога светлых сіл над цёмнымі, а гатоўнасць паўтараць той кашмар на баку зла. Тое зло ў выглядзе нацысцкай партыі ў Германіі было знішчана. А ў СССР яно засталося – канвеер рэпрэсій працягваў працаваць. Канцлагеры, а па-іншаму ГУЛАГ і не назавеш, працягвалі перамолваць жыцці людзей, нібы і не было ніякай перамогі.
І гэтым «вызваліцелям» тады 80 гадоў таму дазволілі акупаваць іншыя краіны пад выглядам стварэння сацыялістычнага лагеру. І толькі потым убачылі, што сацыялізм быў толькі на паперы, а вось лагер гэта дакладнае азначэнне. Не было суда над катамі з НКВД. І вось іх унукі сёння крычаць: «Можам паўтарыць!». Не было суда над кітайскімі катамі за «культурную рэвалюцыю». І гэтая «кітайская падтрымка тым, якія крычаць: «Можам паўтарыць», сёння ўспрымаецца як пагроза сусветнага маштабу. Ці яшчэ можна перадухіліць катастрофу?
Любоў Лунёва belsat.eu