навіны

На польска-беларускай мяжы паставяць пяць 70-метровых назіральных вышак

На польска-беларускай мяжы паставяць яшчэ пяць 70-метровых назіральных вышак на дадатак да васьмі наяўных. Фота: strazgraniczna.pl
На польска-беларускай мяжы паставяць яшчэ пяць 70-метровых назіральных вышак на дадатак да васьмі наяўных. Фота: strazgraniczna.pl
podpis źródła zdjęcia

На іх будуць усталяваныя сучасныя аптычна-электронныя прыборы назірання і розныя тыпы камераў, а таксама чырвоныя ліхтары, якія будуць свяціць на вышыні да 70 метраў для абазначэння авіяцыйнай перашкоды.

Электронны бар’ер з’явіцца да канца года і дапаможа польскім службам кантраляваць мяжу з Беларуссю ў Падляскім ваяводстве. Памежная ахова Польшчы ўжо мае восем такіх вышак.


Польскі падпалкоўнік Анджэй Юзьвяк паведаміў агенцтву PAP, што аб’ём інвестыцыяў складзе 47 млн ​​злотых. Гэтыя інвестыцыі ажыццяўляюцца ў рамках мадэрнізацыі электроннай загароды на сухапутнай мяжы з Беларуссю.


Як сказаў Юзьвяк, месцы былі дакладна выбраныя з дапамогай беспілотных лётных апаратаў. Памежная ахова плануе ўзвесці вышкі на ўчастках рэк Свіслач і Істачанка.


30 сакавіка Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы паведаміла, што завяршыла мадэрнізацыю электроннага бар'еру ўздоўж дзейнага шлагбаума ў Падляскім ваяводстве. Гэта каштавала краіне 125 млн злотых. На працягу ўсёй 206-кіламетровай усходняй мяжы Польшча паставіла дадатковыя камеры назірання за вонкавым бокам агароджы і для аховы водапрапускных трубаў, а таксама святлодыёдныя свяцільні для асвятлення дарог.


А для класіфікацыі сігналаў трывогі ад валаконна-аптычных кабеляў выяўлення выкарыстоўваўся штучны інтэлект.


Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы ацаніла, што ўзмоцненая «буферная зона функцыянуе добра», а колькасць спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі скарацілася прыкладна на 46 % у параўнанні з аналагічным перыядам да стварэння буфернай зоны. 

Адначасова са змяншэннем колькасці нерэгулярных мігрантаў у напрамку Польшчы павялічваецца іх колькасць у напрамку Літвы і Латвіі.


Рост націску на заходнія межы назіраецца з пачатку 2025 года, асабліва пасля прэзідэнцкіх «выбараў», якія праводзіліся ў Беларусі 26 студзеня. 


Напрыклад, толькі за адзін тыдзень – з 28 сакавіка да 4 красавіка – было зафіксавана больш за тысячу спробаў прарыву мяжы. Памежным службам Літвы і Латвіі ўдалося спыніць большасць з іх, аднак памежнікі адзначаюць штораз большую агрэсіўнасць мігрантаў.


Тэса Анэйда / belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10