Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў пра стварэнне Спецыяльнага міжнароднага трыбуналу, перад якім могуць паўстаць лукашэнкаўскія чыноўнікі, адказныя за агрэсію супраць Украіны.
9 траўня ў Львове плануецца сустрэча, дзе мае быць прынятая палітычная пастанова пра стварэнне Спецыяльнага міжнароднага трыбуналу, што будзе займацца пытаннямі адказнасці за злачынства агрэсіі супраць Украіны. У рамках сустрэчы чакаецца таксама ўзгадненне праекту статуту будучай інстытуцыі, паведамляе Павел Латушка.
З папярэдняй інфармацыі, юрыдычны працэс стварэння трыбуналу будзе афіцыйна распачаты 14 траўня, падчас паседжання Камітэту міністраў замежных справаў Рады Еўропы, што адбудзецца ў Люксембургу. Новы трыбунал стане інструментам для прыцягнення да крымінальнай адказнасці асобаў, вінаватых у злачынстве агрэсіі – паводле міжнароднага права, аднаго з найцяжэйшых міжнародных злачынстваў.
Асобная ўвага надаецца ўключэнню ў юрысдыкцыю трыбуналу дзеянняў лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, якія спрыялі агрэсіі праз наданне тэрыторыі Беларусі для наступу на Украіну. Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) працяглы час вяла працу ў гэтым кірунку.
Трыбунал ствараецца шляхам падпісання міжнароднай дамовы паміж урадам Украіны і Радаю Еўропы. Апошняя возьме на сябе шырокае падтрыманне працы трыбуналу.
Трыбунал будзе дзеяць на аснове ўкраінскага нацыянальнага заканадаўства. Гэта азначае, што асобныя службовыя асобы будуць карыстацца персанальным ці функцыйным імунітэтам, але толькі да моманту спынення выканання службовых абавязкаў. Так, напрыклад, міністр абароны Віктар Хрэнін можа стаць аб’ектам крымінальнага пераследу пасля звальнення з пасады.
Таксама сярод магчымых абвінавачаных называюцца былы кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо, чальцы Рады бяспекі, Генштабу і кіраўніцтва Беларускай чыгункі. Разглядаецца пытанне і пра ролю абласных выканкамаў, якія маглі спрыяць лагістыцы агрэсіі.
,,«Стварэнне трыбуналу ёсць выразным сігналам усяму атачэнню Лукашэнкі, што выкананне злачынных загадаў, якія парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і міжнароднае права, не застанецца без пакарання», – падкрэсліваюць ініцыятары.
Найбліжэйшым этапам стане збор і сістэматызацыя доказаў, што пацвярджаюць удзел найвышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны, адзначыў Павел Латушка.
Раман Шавель belsat.eu