На дзяржаўным канале беларускага тэлебачання паказалі кадры з затрыманым байцом палка Каліноўскага Васілём Грачыхам з пазыўным Васіліск.
У прапагандысцкім відэа гаворыцца пра тое, што Васіля даставілі ў Беларусь з мяшком на галаве з-за мяжы, але з якой краіны – невядома. Цалкам верагодна, што затрыманне адбылося прыблізна ў пачатку вясны, бо на аператыўным відэа відаць на зямлі снег.
Само відэа мае відавочна зрэжысураваны характар, бо каліноўца выводзяць з верталёта, на руках – будаўнічая сцяжка. Перад тым, як пасадзіць вязня ў аўтамабіль, начальнік следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак задае яму пытанні на камеру пра ягоных саслужыўцаў, а таксама пра падраздзяленне, у якім служыў Грачыха, і нумар часткі.
Са словаў Грачыхі, ён выехаў у лютым 2022 года ў Польшчу і праз тры месяцы ўступіў у полк Каліноўскага.
Раман Шавель belsat.eu