Ужо каля 15 гадоў вядуцца размовы пра «правы зрух», ці «правы паварот», у дэмакратычных краінах. Але з пачаткам другога тэрміну Трампа правыя нечакана прайгралі ў Канадзе і Аўстраліі. Прайграюць і ў іншых краінах? «Белсат» спытаў палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана.
Падзел на левых і правых у палітыцы даволі ўмоўны. Правыя могуць быць правымі ў культурных пытаннях, але даволі левымі ў эканоміцы, і наадварот. Левыя са Злучаных Штатаў могуць здавацца еўрапейцу цэнтрыстамі ці нават правацэнтрыстамі, а скандынаўскія левыя – зусім не левымі жыхару Лацінскай Амерыкі. Ды агулам у свеце доўгі час кажуць, што «правыя перамагаюць» ці «ўльтраправыя набіраюць папулярнасць», а ў палітыцы адбыўся «зрух управа».
Мяркуючы з статыстыкі пошукавых запытаў «Google Trends», пра «правы паварот» пачалі актыўна чытаць па-англійску ў 2009 годзе. Яшчэ больш пра яго загаварылі, калі ў ЗША выбралі прэзідэнтам Доналда Трампа, а Аб'яднанае Каралеўства прагаласавала за выхад з Еўразвязу. У Еўропе пра «правы паварот» нярэдка казалі ў дачыненні Італіі, Нямеччыны, Польшчы, Францыі, краінаў Скандынавіі ды іншых. У Еўрапарламенце па выніках выбараў 2009 года ў скрайне правай групе было толькі 32 дэпутаты з 736, а цяпер скрайне правых групаў дзве і яны маюць 113 дэпутатаў з 720.
Правыя раптам прайгралі ў Канадзе і Аўстраліі
Яшчэ ў студзені «Белсат» пісаў: «Калі не зробіцца нейкага цуду, наступным прэм’ерам Канады мае стаць "канадскі Трамп" – лідар кансерватараў П’ер Пуальеўр». Таксама «Белсат» пісаў: «Пакуль з апытанняў выглядае, што Лейбарысцкая партыя мае страціць бальшыню. Ды яшчэ не факт, што краіну ўзначаліць "аўстралійскі Трамп", лідар апазіцыйнай Ліберальнай партыі Пітэр Датан». Цуд здарыўся.

У Канадзе кансерватыўная партыя два з паловай гады абганяла ліберальную ў апытаннях, а паўтара года абганяла вельмі значна. Прэм’ер-міністру Жустэну Трудо не давяралі амаль тры чвэрці апытаных. Ды ў пачатку 2025 года Трудо сышоў, а Трамп пачаў называць Канаду «51-м штатам» і ўвёў супраць яе мыты. Лібералы падскочылі на больш як 20 адсоткавых пунктаў і не толькі сенсацыйна захавалі ўладу па выніках федэральных выбараў 28 красавіка, але і атрымалі больш месцаў у парламенце, чым мелі раней.
У Аўстраліі змена настрояў была не такой рэзкаю, але таксама істотнаю. Кансерватыўная кааліцыя год з лішнім абганяла Лейбарысцкую партыю на больш як 5 адсоткавых пунктаў, але ў лютым 2025 года пачала губляць папулярнасць. У выніку федэральных выбараў 3 траўня саступіла лейбарыстам, адстаўшы на 2,7 пункта (паводле папярэдніх падлікаў на момант публікацыі). Праз аўстралійскую выбарчую сістэму невялікае адставанне ў галасах мае прывесці да вялізнага разрыву ў колькасці месцаў у парламенце – лейбарысты не толькі захаваюць, але і ўмацуюць бальшыню.
Нельга сказаць, што правыя атрымліваюць паразы паўсюдна
Так, на мясцовых выбарах у Аб'яднаным Каралеўстве 1 траўня «класічная правая» Кансерватыўная партыя страціла амаль столькі ж, колькі набрала правапапулісцкая «Reform UK», а галасы левацэнтрысцкай Лейбарысцкай партыі нібы перацяклі да больш цэнтрысцкай Ліберальна-дэмакратычнай партыі і больш левых «Зялёных».

У Румыніі ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў больш за 40 % галасоў атрымаў лідар ультраправай партыі, прарасейскі кандыдат Джорджэ Сіміён. І гэта пасля таго, як мінулую спробу правесці першы тур анулявалі праз меркаванае расейскае ўмяшанне, а ўльтраправаму прарасейскаму кандыдату Кэліну Джарджэску, які ў тым першым туры набраў найбольш галасоў, забаранілі браць удзел у «рэматчы».
У Нямеччыне парламенцкія выбары прайшлі якраз у той момант, калі ў Канадзе і Аўстраліі пачалі істотна мяняцца вынікі апытанняў. Перад тымі выбарамі быў адчувальны скачок папулярнасці партыі «Левыя», але пасля выбараў скрайне правая (з нядаўняга часу афіцыйна прызнаная экстрэмісцкай) «Альтэрнатыва для Нямеччыны» пачала здабываць папулярнасць і ў некаторых апытаннях нават выйшла на першае месца, абагнаўшы правацэнтрысцкіх хрысціянскіх дэмакратаў – пераможцаў тых выбараў.
У Польшчы 18 траўня пройдзе першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Паводле апытанняў, фаварыты – правацэнтрысцкі і правы кандыдаты, следам за імі скрайне правы, а на чацвёртым месцы лідар партыі, што называюць цэнтрысцкай ці правацэнтрысцкай. Кандыдаты па левы бок палітычнага спектру, калі верыць апытанням, могуць спадзявацца ў лепшым выпадку на пятае месца.
Адкуль узяўся «правы зрух» і ці спыніўся ён?
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман тлумачыць «Белсату»: пытанне складанае, а звестак не так шмат. Тое, што зрух у правы ці ўльтраправы бок на Захадзе адбываўся, Фрыдман не сумняецца: Трамп нават не быў першым, праз каго казалі пра «правы паварот».

Адзін істотны фактар – выклікі міграцыі і, як кажа Фрыдман, адчуванне зменаў у грамадстве. Гэтыя выклікі і эмоцыі назіраюцца не толькі ў ЗША, але і ў Еўропе. Для еўрапейцаў вельмі вострыя пытанні – спыненне нелегальнай міграцыі і інтэграцыя тых, хто ўжо іміграваў. Выбарнікі чакаюць канкрэтных і змястоўных крокаў.
Сярод важных чыннікаў – эканоміка і ўпэўненасць у будучыні. Фрыдман удакладняе: эканамічнае становішча выбарнікаў не абавязкова пагаршаецца, але ў той жа Нямеччыне шмат хто мае адчуванне, што магутная ў эканамічным сэнсе краіна перажывае далёка не лепшы час. Выбарнікі маюць няпэўнасць у будучыні не толькі з эканамічных прычынаў: у Еўропе гэтаму адчуванню спрыяе адчуванне магчымай вайны.
У такіх умовах, кажа Фрыдман, папулярнасць набіраюць сілы, якія даюць «простыя адказы на складаныя пытанні» – і гэта не толькі ультраправыя, але і ультралевыя. Ён заклікае пры гэтым адрозніваць ультраправых ад умераных правых, якія зусім не абавязкова выйграюць ад «правага павароту».
,,«Калі ўрад, якім бы ён ні быў, правым ці левым, не будзе мець эканамічных поспехаў, калі сітуацыя не паляпшаецца, то ён атрымлівае адразу ад выбарнікаў», – канстатуе Фрыдман.
Неістотна, ці аб’ектыўная крытыка ўраду, падкрэслівае суразмоўца. У Нямеччыне эканамічныя праблемы ўзніклі ў сувязі з вайною ва Украіне і спыненнем паставак расейскага газу, але шмат якіх выбарнікаў гэта не цікавіць. Нямала немцаў бачаць: «Палітыка не вядзе да паляпшэння майго ўласнага становішча, мне робіцца горш». Гэтак і ў Штатах можна колькі заўгодна казаць, што эканамічныя цяжкасці звязаныя з неспрыяльнымі вонкавымі ўмовамі, але выбарнікі будуць чакаць ад ураду пазітыўных вынікаў, а калі не будуць іх атрымліваць, прагаласуюць за іншых.
Амерыканскі фактар у палітыцы іншых краінаў, мяркуе Фрыдман, будзе адыгрываць ролю, але не як «пабачылі дзейнасць Трампа і разлюбілі правых». Больш істотным фактарам аналітык бачыць тое, што дзейная адміністрацыя ЗША зацікаўленая ў тым, каб да ўлады прыходзілі тыя людзі, якія падзяляюць іх погляды.
У Канадзе гэта не спрацавала праз пагрозы незалежнасці з боку Трампа: Фрыдман дапускае, што калі б тых пагрозаў не было, дык магчыма, лібералы не перамаглі б «канадскага Трампа». І падтрымка з боку ЗША не абавязкова азначае перамогу. Тое, што Штаты падтрымліваюць «Альтэрнатыву для Нямеччыны», можа быць прыемным для гэтай партыі, але ў палітычным сэнсе можа быць нават шкодным, адзначае Фрыдман: сам Трамп у Нямеччыне мае велізарную непапулярнасць.
У Румыніі ж Фрыдман не бачыць нейкага вялікага ўплыву ЗША: звонку можа кідацца ў вочы, што першае месца заняў кандыдат, які сам называе сябе «трампістам», але ў Румыніі маглі пераважаць унутрыпалітычныя фактары.
Алесь Наваборскі belsat.eu