навіны

«У Бундэстагу будзе багата людзей, гатовых на кантакт з Лукашэнкам»: вынікі выбараў у Нямеччыне

img
Галасаванне на выбарах у Бундэстаг. Берлін, Нямеччына. 23 лютага 2025 года. Фота: Tamir Kalifa/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

У Нямеччыне абвясцілі папярэднія вынікі выбараў у парламент, згодна з якімі ультраправая «Альтэрнатыва для Нямеччыны» набрала ўдвая болей галасоў у параўнанні з папярэдняй электаральнай кампаніяй. Публіцыст Алесь Чайчыц у эфіры «Белсату» назваў гэта кепскім для Беларусі.

Бальшыню галасоў на выбарах у Бундэстаг, што адбыліся 23 лютага, набралі хрысціянскія дэмакраты у іх 28,5 %. На другім месцы, як паведамляе Федэральная выбарчая камісія, скрайне правая «Альтэрнатыва для Нямеччыны» («AfD») з вынікам 20,8 % (на папярэдніх выбарах было 10,4 %). На трэцім месцы – Сацыял-дэмакратычная партыя цяперашняга канцлера Оляфа Шольца з 16,4 % галасоў.


«Будзе трохі горш з увагі на тое, што "AfD" вельмі моцна пашырыла сваю прысутнасць у Бундэстагу», – так у эфіры выдання «Студыі Белсат» сказаў публіцыст, чалец праўлення Нямецка-беларускага таварыства Алесь Чайчыц.


Ён назваў «альтэрнатыўнікаў» пракрамлёўскай і пракітайскай партыяй, адкрытай да кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам, і нагадаў пра скандал з працаю палітвязняў на цыбульнай ферме, якой валодае нямецкі дэпутат – чалец гэтай арганізацыі:

,,

«Гэта быў дэпутат рэгіянальнага парламенту ад "AfD". І вось такія сябрукі будуць цяпер да Лукашэнкі ездзіць, але ў статусе не рэгіянальных дэпутатаў, а дэпутатаў Бундэстагу. Там з'явілася вялікая група такіх людзей, гатовых на кантакт з Лукашэнкам. Гэта дрэнна для Беларусі».


Акцыя пратэсту супраць «AfD». Надпіс на англійскай мове: «Надзея і супраціў». Каля Брандэнбургскай брамы ў Берліне, Нямеччына. 25 студзеня 2025 года. Фота: Stefan Müller / Flickr, CC BY-NC 2.0

Ультраправыя ў Бундэстагу? Чаму адны баяцца «Альтэрнатывы для Нямеччыны», а другія за яе галасуюць

Аналітыка

Пасля выбараў Нямеччынай будзе кіраваць, праўдападобна, кааліцыя хрысціянскіх дэмакратаў і сацыял-дэмакратаў – разам яны набралі больш за 316 месцаў, неабходных для фармавання бальшыні. Чайчыц кажа, што для іх Беларусь на парадку дня не ў такой ступені, у якой Украіна:


«Праўкраінскі курс будзе захоўвацца, ён зробіцца, імаверна, больш моцным, бо хрысціянскія дэмакраты больш выразна выказваліся за падтрыманне Украіны. Канешне, адна справа – крытыка ўлады ў статусе апазіцыі і другая справа – калі ты ўжо за стырном і трэба прымаць пастановы. Але, прынамсі, падтрыманне Украіны будзе працягвацца, гэта добрае ўзмацненне на карысць гэтага падтрымання. Беларусь будзе ісці ў гэтым фарватары. Будзе схільнасць і да таго, каб дапамагаць Беларусі».

У новым урадзе ФРГ, імаверна, не будзе «Зялёных», і гэта не на карысць Беларусі.


«У адрозненне ад "Зялёных", у якіх ёсць такая праваабарончая струнка, што выступала матыватарам, каб салідарызавацца з Беларуссю, такой стрункі ў хрысціянскіх дэмакратаў і сацыял-дэмакратаў няма ці яна слабейшая. Таму, канешне, беларускім сілам цяпер трэба мацаваць кантакты з новымі кіраўнікамі Нямеччыны», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10