Скандальна вядомага саксонскага палітыка Ёрга Дорнаў падазраюць у абыходзе санкцыяў ЕЗ і пастаўцы тэхнікі ў Беларусь паводле фальшывых дакументаў. За гэта яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Як паведамляе «Reform.news», расследаванне на гэтую тэму правёў рэгіянальны нямецкі тэлеканал «MDR Fernsehen».
Журналісты сцвярджаюць, што беларуская кампанія «Цыбулька-Бел», сузаснавальнікам якой ёсць Дорнаў, выступіла канечным атрымальнікам тэлескапічнага пагрузніка Manitou MLT 731 у жніўні 2022 года. Гэтая тэхніка забароненая для паставак у Беларусь. Згодна з дакументацыяй, агрэгат быў адпраўлены з Польшчы саксонскай кампаніяй «Landprojekt Dornau» ў Казахстан, але апынуўся ў Беларусі.
Такую схему абыходу санкцыяў называюць «фальшывым транзітам»: падсанкцыйны тавар трапляе ў Беларусь з ЕЗ нібыта транзітам, але потым тэрыторыю краіны не пакідае. Падмяняецца толькі дакументацыя.
Аўтары расследавання заяўляюць, быццам Дорнаў асабіста займаўся мытнымі дакументамі і нават загадаў зрабіць змены ў запісе ў дакументах.
Нагадаем, саксонскі дэпутат ад папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў увосень 2020-га зрабіўся сузаснавальнікам кампаніі «Цыбулька-Бел» і не паведаміў падчас выбараў пра свой бізнес у Беларусі. Калі гэты факт выявіўся, шакавальныя звесткі і падрабязнасці пакаціліся лавінаю. Да прыкладу, высветлілася, што Дорнаў падпісаў пагадненне з лідскім ЦІПам, што прадугледжвала прыцягненне беларускіх палітвязняў да працы на ягонай плантацыі цыбулі.

Згодна з расследаваннем журналістаў выдання «Reform.news», сталася вядома, што за працу ім плацілі каля 5 еўраў у дзень, а сам Дорнаў асабіста правяраў, як зняволеныя даюць рады сваім абавязкам.
Нямецкае выданне ntv паразмаўляла з былым зняволеным Сяргеем Чарняком, якога прывозілі на працу на плантацыю нямецкага палітыка пад Лідаю, куды Ёрг Дорнаў і ягоная жонка рэгулярна наведваліся.
«Кантакты палітыка з "Альтэрнатывы для Нямеччыны" ў Беларусі фактычна распаўсюджваліся на кола ўлады Лукашэнкі. Мяркуючы з усяго, ён таксама заручыўся падтрыманнем свайго бізнесу ў краіне з гэтых колаў», – піша медыя.
Чальцы саксонскага аддзялення нямецкай правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» вызначылі дзеянні Ёрга Дорнаў, які выкарыстоўваў працу беларускіх палітвязняў на сваёй ферме ў Беларусі, як празмерныя і нават выклікалі яго, каб той даў тлумачэнні.
Як паведамляецца ў нямецкай прэсе, 1 кастрычніка адбылася размова Ёрга Дорнаў з генеральным сакратаром саксонскага аддзялення «Альтэрнатывы для Нямеччыны» Янам Цвэргам. Але Дорнаў «не даў асаблівых тлумачэнняў» наконт гэтага пытання, бо ён вельмі «ўпарты і ніцы».
Само ж кіраўніцтва партыі кажа, што калі абвінавачанні ў дачыненні нямецкага дэпутата пацвердзяцца, то «Альтэрнатыва для Нямеччыны» вельмі «выразна дыстанцыюецца ад гэтай дзелавой практыкі і разгледзіць адпаведныя захады партыйнага рэгулявання».
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Надзея Вольная, belsat.eu