Партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD), вядомая сваімі ўльтраправымі і прарасейскімі заявамі, прызнаная ў Нямеччыне экстрэмісцкай арганізацыяй і пагрозаю для дэмакратыі, паведаміла Федэральнае ведамства ў абароне канстытуцыі.
Раней экстрэмісцкімі былі класіфікаваныя шэраг аддзяленняў AfD, у прыватнасці, моладзевае крыло партыі. Самую партыю падазраюць у экстрэмізме з 2021 года.
Паводле Федэральнага ведамства Нямеччыны ў абароне канстытуцыі, «Альтэрнатыва для Нямеччыны» сістэматычна парушае прынцып павагі да чалавечай годнасці, а яе ідэалогія будуецца на этнічным разуменні народу і адмаўляе раўнапраўе немцаў з мігрантамі, асабліва з мусульманскіх краінаў.
,,«Канцэпцыя народу, заснаваная на этнічнай прыналежнасці і паходжанні, якая пераважае ў партыі, несумяшчальная са свабодным дэмакратычным парадкам», – заявіла нямецкая служба ўнутранай выведкі.
Статус экстрэмісцкай арганізацыі азначае, што партыя прызнаная таксама неканстытуцыйнай. Гэта дазволіць уладам лепш кантраляваць яе дзейнасць.
У лютым 2025 года на пазачарговых выбарах у Бундэстаг партыя заняла другое месца – гэта быў рэкордны ў яе гісторыі вынік. Лідар кансерватыўнага блоку ХДС / ХСС, які перамог на выбарах, будучы канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц заявіў, што не будзе супрацоўнічаць з AfD падчас фармавання ўрадавай кааліцыі.
«Альтэрнатыва для Нямеччыны» выступае за адмену санкцыяў супраць Расеі, паставак зброі ва Украіну, аднаўленне энергетычнай супрацы з Расеяй.
Баварскае аддзяленне ўльтраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) выступала з заклікам выслаць украінскіх уцекачоў з краіны.
Дэпутат ад «Альтэрнатывы для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў увосень 2020 года заснаваў у Беларусі кампанію «Цыбулька-Бел». Пазней высветлілася, што Дорнаў падпісаў пагадненне з лідскім ЦІПам, паводле якога прадугледжвалася прыцягненне беларускіх палітвязняў да працы на ягонай плантацыі цыбулі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu